Freedom House: “Беларусь — адна з самых рэпрэсіўных дзяржаваў сьвету”

Источник материала:  
Freedom House: “Беларусь — адна з самых рэпрэсіўных дзяржаваў сьвету”

Дасьледчы цэнтар Freedom House апублікаваў штогадовую справаздачу пра стан правоў чалавека ў сьвеце. Паводле ацэнак цэнтру, Беларусь апынулася сярод дзяржаў, якія найбольш жорстка ўціскаюць правы і свабоды чалавека.

Справаздача Freedom House сьведчыць, што Беларусь апынулася ў перадапошняй групе дзяржаў паводле ступені захаваньня правоў і свабод сваіх грамадзян. Разам зь ёй — Кітай, Чад, Лаос, Саудаўская Арабія і Сырыя. Гэткае становішча камэнтуе кіраўнік Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч:

«Гэтая справаздача толькі канстатуе сытуацыю, якая ўжо шаснаццаць год ёсьць у Беларусі. Лукашэнка разумее, што любы аўтарытарны рэжым можа трымацца толькі тады, калі будзе ўдасканальвацца. І таму ён увесь час стараецца ўзмацніць сваю аўтарытарную ўладу. І лічбы, якая канстатуюць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, гэтую тэндэнцыю і пацьвярджаюць».

Як сьведчыць Freedom House, «нягледзячы на стымулы з боку Эўразьвязу ў кірунку правядзеньня рэформаў, прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка захаваў жорсткі кантроль над палітычнай і эканамічнай сыстэмай Беларусі ў 2009 годзе». Такое становішча трывае ў Беларусі з 2004 году. Яго камэнтуе актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, праваабаронца Людміла Гразнова:

«Канечне, гэта выглядае нонсэнсам у час глябалізацыі, свабоды інтэрнэту і свабоды перамяшчэньня ў сьвеце. І гэтая адзнака Freedom House — яна ня толькі сымбалічная, а рэальная. І трэба беларусам паглядзець на сябе вачыма суседзяў, а не заставацца нібыта афрыканскай краінай, бо мы ў Эўропе».

Паводле Freedom House, несвабода ў Беларусі існуе адносна палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі і рэлігійных арганізацый, правядзеньня масавых акцый і агульнаграмадзянскіх выбараў. Камэнтар юрыста праваабарончай арганізацыі БХК Гары Паганяйлы:

«Гэта аб’ектыўная адзнака таго, што адбываецца ў Беларусі. Рэжым паводле сваёй прыроды баіцца грамадзянскай супольнасьці. Бо бачыць у ёй пагрозу для сябе ў сэнсе неабходнасьці прызнаньня, што грамадзтва мае права кантраляваць уладу. А нашая ўлада не настроена на тое, каб паддацца пад гэты кантроль».

Паводле клясыфікацыі Freedom House, суседнія зь Беларусьсю краіны паводле палітычных і грамадзянскіх правоў маюць амаль процілеглыя паказчыкі: Літва (1-1), Латвія (2-1), Польшча (1-1), Украіна (3-2) і лічацца свабоднымі. Несвабоднай сауседкай застаецца толькі Расея (6-5), але і гэтыя паказчыкі лепшыя, чым у Беларусі. Такое становішча камэнтуе лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», паэт Уладзімер Някляеў:

«Рэспубліка Беларусь апошнімі гадамі стабільная ўва ўсім, і ў тым ліку ў рэйтынгу парушэньняў правоў чалавека. Улада проста не дае сябе падняць на нейкі больш-менш прыстойны ўзровень у вачах міжнароднай супольнасьці. І гэта адносіцца ўжо не да нейкіх лягічных палітычных чыньнікаў краіны, а да псыхалёгіі аднаго чалавека: нікому ня верыць, ні на што не згаджацца. І народ стаў закладнікам псыхалёгіі аднаго чалавека».

Найвышэйшы ўзровень — 7 балаў, што азначае найгоршае становішча, — Беларусь атрымала адносна паказчыка палітычнай свабоды. 6 — паводле шкалы грамадзянскіх правоў. Гэтыя паказчыкі адзін з актывістаў незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», прэтэндэнт на кандыдацтва на прэзыдэнцкіх выбарах Віталь Рымашэўскі пракамэнтаваў гэтак:

«Партыя БХД падзяляе такі пункт погляду. На жаль, становішча з правамі чалавека ў Беларусі жахлівае. Можна сказаць, што беларуская ўлада дыскрымінуе ўсіх. Мы зьяўляемся прыхільнікамі адкрытай палітыкі Эўразьвязу адносна Беларусі, але зробленае ўладамі цягам апошняга году не дае падставаў Эўропе і дэмакратычным краінам рабіць наступныя крокі. І сёньняшняя ўлада не разумее, што такое становішча небясьпечнае для яе самой».
←ГТК инициирует ужесточение мер ответственности граждан за попытку дачи взятки сотрудникам таможни

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика