Уладзіміру Някляеву месца на зямлі не знайшлося...

Падставы для залішняй асцярожнасці ў актывістаў кампаніі “Гавары праўду!” і сапраўды былі. Апошнім часам спецслужбы вельмі пільна назіраюць за тымі, хто мае дачыненне да гэтай грамадскай ініцыятывы.
Не стаў выключэннем і сённяшні дзень. На месцы збору, на паркоўцы ля Акадэміі навук, можна было заўважыць напружаных людзей у цывільнымі. Для “невядомага тэлебачння” на аматарскія камеры вяліся здымкі ўсяго, што адбывалася на месцы збору ўдзельнікаў мерапрыемства.
Ад Акадэміі навук на мікрааўтобусе, які ўвесь час пераследаваў падазроны ўазік, удзельнікі імпрэзы накіраваліся на Мінскае мора.
“Кідайце цыгарэты, хутка заходзьце на борт цеплахода, пакуль “ціхары” не вырашылі, што рабіць”, -- камандаваў лідэр кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў.
Відавочна, што такога павароту падзей службісты не чакалі, і байдарак у якасці “спецсродкаў” у людзей у цывільным не аказалася... За цеплаходам з актывістамі кампаніі “Гавары праўду!” на борце пагоні не было...
“Бачыце, на зямлі нам сёння месца не знайшлося, прыйшлося ісці ў ваду, з тым каб правесці прэзентацыю выдання”, -- сумна жартаваў Някляеў.
Што да кнігі, то ў ёй сабраны 100 інтэрв’ю з людзьмі, якія з розных прычын засталіся без працы. Сярод герояў кнігі і вядомы палітык Сяргей Скрабец, і звычайны настаўнік Ігар Дабратвор...