Байнет будуць рэгістраваць бясплатна
Такое паведамленне з’явілася 2 чэрвеня на афіцыйным сайце Дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі (БелДІЭ).
Размешчаныя на тэрыторыі Беларусі інтэрнет‑рэсурсы, інфармацыйныя сістэмы і сеткі неабходна зарэгістраваць да 1 ліпеня 2010 года. Гэта прадугледжана пастановай Саўміна № 644 ад 29 красавіка «Аб некаторых пытаннях удасканалення выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай камп’ютэрнай сеткі інтэрнет».
Дакумент прыняты з мэтай выканання падпісанага 1 лютага ўказа прэзідэнта № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет».
Забяспечыць дзяржрэгістрацыю рэсурсаў даручана Мінсувязі, якое дэлегавала функцыі рэгістратара БелДІЭ.
Рэгістрацыяй будуць вымушаныя займацца пастаўшчыкі інтэрнет‑паслуг — хостынгавыя кампаніі і інтэрнет‑правайдэры.Пры гэтым працэс рэгістрацыі прапаноўваецца ажыццяўляць на падставе анкеты заяўніка, якая складаецца больш чым з 30 пунктаў.
Раней таксама было вызначана, што рэгістрацыя інтэрнет‑сайтаў будзе платнай. Прадугледжвалася, што аднаразовая рэгістрацыя будзе каштаваць 16.800 рублёў з ПДК.
Пра тое, што рэгістрацыя беларускіх сайтаў павінна быць бясплатнай, заявіў у гутарцы з карэспандэнтам партала tut.by памочнік прэзідэнта Усевалад Янчэўскі.
«З Адміністрацыяй прэзідэнта пастановы Саўміна ніхто не ўзгадняў. Свае пастановы Саўмін мае права прымаць сам. Ён іх і прыняў. Дарэчы, у саміх пастановах размова, напрыклад, аб аплаце рэгістрацыі не ідзе. Гэта ўжо ініцыятывы структур Мінсувязі. Скажу шчыра: ініцыятывы — і гэтая, і іншыя — больш чым дзіўныя.
Бярэм самы абуральны прыклад — рэгістрацыю паштовых скрыняў. Гэта ж поўны абсурд! Сама рэгістрацыя сайтаў павінна быць бясплатнай. Я ў гэтым упэўнены стопрацэнтна.Такая ж пазіцыя была і ў ААЦ [Аператыўна‑аналітычнага цэнтра]. Адносна ідэнтыфікацыі карыстальнікаў: усё трэба зрабіць акуратна. Мая пазіцыя — не трэба ніякай самадзейнасці. Бярэм еўрапейскі вопыт — і ўсё. Кропка», — заявіў Янчэўскі.
БелаПАН