Мінсувязі абнародуе спіс інфармацыйных інтэрнет‑рэсурсаў, якія неабходна зарэгістраваць
Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі 2 чэрвеня ў Мінску на пасяджэнні круглага стала, прысвечанага рэалізацыі ўказа прэзідэнта № 60 аб развіцці нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет, які набывае моц 1 ліпеня.
«Сёння ў Мінсувязі праходзіць нарада з удзелам зацікаўленых бакоў, уключаючы распрацоўшчыкаў указа, аб вызначэнні тых канкрэтных інфармацыйных рэсурсаў, сетак або сістэм, якія неабходна рэгістраваць. Чакаецца, што сёння, у апошнім выпадку заўтра, будзе агучана дакладная пазіцыя, якая да моманту заканчэння рэгістрацыі — 1 ліпеня — ужо не зменіцца», — сказаў галоўны спецыяліст упраўлення электрасувязі Мінсувязі Павел Петрулевіч.
Мяркуючы па ўсім, будзе таксама канчаткова вырашана пытанне адносна таго, ці неабходна будзе рэгістрацыя электронных паштовых скрыняў, у тым ліку, фізічных асоб.«Гэтае пытанне вывучаецца больш глыбока. Я думаю сёння‑заўтра будзе вызначана пазіцыя органаў дзяржаўнага кіравання адносна рэгістрацыі скрыняў у прынцыпе», — зазначыў спецыяліст Мінсувязі.
Ён падкрэсліў, што ўказ №60 быў прыняты ў лютым і раней неаднаразова абмяркоўваўся на стадыі распрацоўкі, у тым ліку з прадстаўнікамі грамадскіх асацыяцый «Інфапарк» і «Белінфакам». У выніку канцэптуальныя заўвагі былі ўлічаны, і ў праект дакумента былі ўнесены значныя змены ў лепшы бок яшчэ на стадыі яго падрыхтоўкі.
Прадстаўнікі Мінсувязі зазначылі, што на сайце міністэрства ўжо размешчаны спіс пытанняў і адказаў з растлумачэннямі рэалізацыі ўказа №60, яшчэ адзін павінен з’явіцца ў хуткім часе.
Аднак на сённяшнім пасяджэнні круглага стала з боку зацікаўленых інтэрнет‑кампаній і прадстаўнікоў інтэрнет‑супольнасці зноў прагучала вельмі вялікая колькасць крытычных заўваг на адрас як самога ўказа №60, гэтак і дакументаў па яго рэалізацыі. Яны, на думку ўдзельнікаў інтэрнет‑рынку, маюць цэлы шэраг слабых месцаў, недапрацовак і розначытанняў.Указ «Аб мерах па ўдасканальванні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет», які набывае моц 1 ліпеня, быў падпісаны прэзідэнтам 1 лютага гэтага года. Афіцыйна было заяўлена, што дакумент скіраваны «на абарону інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы ў інфармацыйнай сферы, павышэння якасці і патанненне інтэрнет‑паслуг, забеспячэнне далейшага развіцця нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет».
БелаПАН