На камунальнай "шокавай тэрапіі" хочуць ашчадзіць 10 мільярдаў

Источник материала:  
На камунальнай "шокавай тэрапіі" хочуць ашчадзіць 10 мільярдаўКамунальныя службы афіцыйна падзялілі беларускае грамадзтва на багатых і бедных з гледзішча наяўнасьці элітнай і лішняй нерухомасьці.Ад сёньняшняга дня набыла моц пастанова Савету міністраў № 639, згодна зь якой плата за камунальныя паслугі з грамадзянаў, якія жывуць у дамах сядзібнага тыпу падвышанай камфортнасьці, будзе спаганяцца ў 100-працэнтным памеры. Гэта ж тычыцца і ўладальнікаў кватэраў, якія знаходзяцца на балянсе ў фізычных ці юрыдычных асобаў, але на гэты момант пустуюць. Дагэтуль фактычны кошт паслугаў складаў крыху больш за траціну ад рэальнай нагрузкі камунальнікаў, а гэта значыць, што тарыфы на тэхнічнае абслугоўваньне і ацяпленьне падвышаюцца ўтрая. 

Пакуль пра перапіс элітных катэджаў і "запасных" кватэраў адрапартавала толькі сталіца. Астатнія рэгіёны балянсы падбіваюць, але справа ідзе да таго, што гаспадары дамоў, узятых на адмысловы ўлік, атрымаюць пагрозьлівыя плацёжкі задняй датай. Паводле інфармацыі Менгарвыканкаму, у Менску блізу 8 500 індывідуальных жылых дамоў, але аплачваць камунальныя плацяжы "напоўніцу" будуць гаспадары 2 200 пабудоваў, якія трапілі ў сьпіс "элітных". Згодна з урадавай пастановай, гэта дамы сядзібнага тыпу, плошчаю звыш 200 квадратных мэтраў, забясьпечаныя гарачай вадой, каналізацыяй, ацяпленьнем і электрычнасьцю, абсталяваныя газавымі і электраплітамі. Паводле папярэдніх ацэнак, да катэгорыі "дамоў падвышанай камфортнасьці" ў Беларусі адносяцца каля 10% усіх сядзібных дамоў.

Спадарыня Тацяна жыве ў прыватным доме ў Менску. Кажа, што яшчэ не атрымала паведамленьня пра неабходнасьць аплаты камунальных паслугаў згодна з сабекоштам. Але лічыць, што "шокавая тэрапія" наўрад ці папоўніць дзяржаўную скарбонку: пры цяперашніх заробках мала хто здолее плаціць такія грошы. Прыкладам, ёй утрыманьне дома зімой абыходзілася больш чым у 600 тысяч рублёў. Падвышэньня ўтрая яна ніяк не пацягне:
Ці з дурной нейкай галавы такія ідэі вылазяць? ...

"Гэта нерэальна. Дарэчы, мы зь нечым падобным ужо сутыкаліся. Існуе ж яшчэ і зямельны падатак, так? Дык, памятаю, гэты падатак для нас падвысілі ў тры разы! Прыйшла папера — чамусьці з падатковай — дык валасы папросту дыбам усталі, бо няма такіх грошай… Ня ведаю, чаго раптам узяліся зноў? Адкуль такія разьлікі — са столі, зь неба? Ці з дурной нейкай галавы такія ідэі вылазяць? Альбо ад зайздрасьці, што ў кагосьці ёсьць, а ў мяне няма? Каб багатым стала дрэнна? Дык гэта няправільна. Трэба, каб бедныя цягнуліся да багатых, да іх узроўню. Даць магчымасьць людзям падняцца, дапамагчы. А гэта нават не савецкая псыхалёгія, а нейкая зьверская. Тады хоць неяк можна было прыстасавацца да рэаліяў, а тут нешта абсалютна ваяўнічае".

Паводле ацэнак дзяржаўных эканамістаў, увядзеньне платы за жыльлёва-камунальныя паслугі паводле сабекошту для асобных катэгорый дазволіць ашчадзіць каля 10 мільярдаў рублёў бюджэтных сродкаў. Яшчэ некалькі мільярдаў улады спадзяюцца атрымаць на легалізацыі кватэраў, якія пустуюць — пры адсутнасьці зарэгістраваных паводле месца жыхарства наймальніка, уласьніка ці іхных сямейнікаў плата за тэхнічнае абслугоўваньне будзе вылічвацца ў поўным памеры.

Закладнікамі новых эканамічных рэаліяў стануць ня столькі заможныя грамадзяне, якія, відавочна, знойдуць магчымасьці плаціць спаўна, але і людзі досыць сьціплага дастатку. Да сярэдзіны 1990-х многіх беларусаў захапіла хваля катэджаманіі, якая прывяла да зьяўленьня па пэрымэтры гарадоў так званых "царскіх сёлаў". Міхаіл Арлоў — тыповы прадстаўнік кагорты саматужных будаўнікоў. Дзеля даўняй мары — уласнага дома за 30 кілямэтраў ад сталіцы — прадаў кватэру ў Менску, улез у доўгатэрміновы крэдыт. У халодныя месяцы палова заробку ідзе на газавае ацяпленьне:
паверце — мы тут зусім не шыкуем, як гэта намагаюцца прыпісаць ...

"Зараз тут зь сям'ёй пастаянна, ужо гадоў восем. Паралельна ўвесь час дабудоўваемся і жывём. Але, паверце — мы тут зусім не шыкуем, як гэта намагаюцца прыпісаць. Даводзіцца плаціць літаральна за ўсё, грашовыя выдаткі і без таго вялізныя. Бо, яшчэ раз кажу, многія хоць і жывуць тут ад 1990-х, будуюцца дагэтуль — няма вольных грошай. І гэта пякельная праца для любога чалавека, хто жыве ў нашым пасёлку. Дзе трэба быць і гаспадаром, і вартаўніком, і забесьпячэнцам, і кім заўгодна".

Былы кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менску Іван Анташкевіч не выключае, што патройны рост тарыфаў закране далёка ня ўсіх. У адных толькі Драздах у рысе Менску збудавалі шыкоўныя дамы дзясяткі чыноўнікаў найбуйнейшага дзяржаўнага калібру. Але ці трапілі яны ў перапіс Менгарвыканкаму — трымаецца ў таямніцы:
ўвесь цяжар звыкла перакладуць на неабароненых людзей ...

"Сама па сабе камунальная прапорцыя, скажам так, "гуляе" — у розны час па-рознаму яна выяўляецца. Калі 50%, калі 30% — у залежнасьці ад кошту пастаўленых энэрганосьбітаў ды іншых аб'ектыўных фактараў. Але, натуральна, гэта закране тых, хто на хвалі ажыятажу набыў сабе па некалькі кватэраў. Тычыцца гэта і некаторых чыноўнікаў, якія сродкі ў жыльлё ўклалі, рознымі спосабамі яго, кажучы старым слэнгам, "даставалі". І тых багатых людзей, якія перастрахоўваліся ад інфляцыі — набывалі дамы, катэджы. Каб было адкрытае грамадзтва, мы маглі б убачыць, ці будзе плаціць па-новаму гэтая катэгорыя, альбо ўвесь цяжар звыкла перакладуць на неабароненых людзей. Можна было б дэталёва, на рэальных прыкладах абмеркаваць, пачакаць пэўны час і пераканацца — наколькі гэта тычыцца ўсіх ці ўсё ж будзе зь нейкім выключэньнем? Але гэта ўжо закрытая ад грамадзтва тэма".

Згодна з разьлікамі Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, тарыфы для насельніцтва ў шэрагу выпадкаў складаюць толькі палову ад рэальных выдаткаў камунальных службаў. Так, на халоднае водазабесьпячэньне тарыф усталяваны на ўзроўні 385 рублёў за 1 кубамэтар, тым часам як поўная кампэнсацыя стратаў складае 860 рублёў. На водаадвядзеньне — 242 рублі за кубамэтар пры кампэнсацыі ў 684 рублі. Аднак гаспадары дамоў кажуць, што асноўны цяжар у аплаце прыпадае не на спажытую ваду і электрычнасьць, а на прыродны газ, кошт на які з улікам няпростых стасункаў з Расеяй робіцца для спажыўцоў усё больш завоблачным.
←Сацыёлага Вардамацкага трымаюць на мяжы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика