Забіты сад

Источник материала:  

На беразе Чарсцвяцкага возера спілавалі сад. Яблыневы сад, які пачынаў квітнець, які шмат гадоў з'яўляўся неад'емнаю часткаю прыбярэжнага ландшафту. Жыхары вёсак Слабада і Чарсцвяды, паміж якімі рос сад, так і не зразумелі сэнсу гэтай акцыі: навошта ператвараць прыгажосць і веліч прыроды ў могілкі дрэў. Але ў іх ніхто не пытаўся, на пытанні і просьбы не рэагаваў.

— Гэты сад рос яшчэ з панскіх часоў, — тлумачылі мне пенсіянеры са Слабады. — Хоць ён быў апошнім часам безгаспадарчы, але пладаносіў, і нікому не было забаронена паласавацца садавіной. І тым больш нікому не замінаў. А якая была казка, калі ён квітнеў на фоне блакітнага возера, нічога ў свеце не было прыгажэйшага!

Жыхарам стала вядома, што дрэвы трапілі пад пілу з-за нейкай праграмы "чыстае поле", накіраванай на добраўпарадкаванне прыдарожнай паласы аўтамагістраляў Віцебшчыны. Ніхто не супраць гэтай праграмы: ва Ушацкім раёне сапраўды шмат аўтадарог, якія абапал пазарасталі непралазным кустоўем, дарожным службам ёсць дзе прыкласці намаганні. Але прычым тут садовы куток на самым беразе возера?

Забіты сад

Шмат гадоў запар я прыязджаў ва Ушаччыну на здымкі вясновых ландшафтаў. Гэты стары сад быў адным з любімых фатаграфічных аб'ектаў і яшчэ крыніцаю сапраўднай эстэтычнай асалоды. Ведаю, што ён нікому не замінаў, бо рос воддаль ад аўтадарогі. Але прычына тут зусім не ўва мне і не ў маім захапленні. Хоць, падазраю, я не адзіны, каго прывабліваюць непаўторныя ландшафты і натхняюць квітнеючыя сады. А колькі задавальнення для душы атрымліваюць штодня жыхары навакольных вёсак і проста падарожныя? Хіба гэта неістотна? Ландшафт — частка не толькі нашай прыроды, але і нацыянальнай культуры. Даўно даказана, што краявіды фарміруюць нашу свядомасць і нават ментальнасць. Ёсць мясціны, створаныя, што называецца, самім Богам, з'яўляюцца люстэркамі нацыянальнага багацця. Нездарма ў краіне прымаюцца законы, накіраваныя на захаванне ландшафтаў, азёраў і рэк, ствараюцца заказнікі і нацыянальныя паркі. Возера Чарсцвяцкае не з'яўляецца ўласнасцю толькі Ушацкага раёна, гэта нават не нацыянальная — сусветная спадчына. Але наўрад ці пра гэта думаў той, хто аддаваў каманду пускаць бензапілу ў ход.

Сад на Чарсцвяцкім возеры рос ля самай вады. Па законе ніхто не мае права праводзіць высяканні якой бы там ні было расліннасці ў прыбярэжнай паласе. Сумняваюся, што пра гэта невядома уладам раёна. Раёна, у якім знаходзіцца больш чым дзе азёраў: калі не памыляюся, болей за 250.

Упершыню давялося бачыць гэткую жахлівую карціну — спілаваны квітнеючы сад. Некалькі дзён дрэвы ляжалі на зямлі, а бела-ружовая квецень на іхніх галінках глядзела ў блакітнае неба, бы на жывых дрэвах. Гэта быў працяг жыцця, але фантомны. А са спілаваных камлёў ішоў сок. Дрэвам нават не далі нарадзіць. Як цяжарнай жанчыне ў час яе росквіту...

Трэба спадзявацца, што органы аховы прыроды не пакінуць без увагі гэты відавочны факт вандалізму.

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.

←Самолеты «Белавиа» опять летают в Екатеринбург

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика