Беларускія інтэрнет-карыстальнікі звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай адмяніць указ № 60
01.06.2010
—
Новости Общества

Ініцыятары звароту нагадваюць, што ў красавіку Саўмін прыняў шэраг пастаноў, закліканых растлумачыць указ № 60, у прыватнасці пастанову № 644 ад 29 красавіка "Аб некаторых пытаннях удасканалення выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай кампьютэрнай сеткі інтэрнет", пастанову № 646 ад 29 красавіка "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Правілы аказання паслуг электрасувязі" і іншыя.
Аднак, як падкрэсліваюць аўтары звароту, на бягучы момант указ мае шэраг відавочных для актыўных інтэрнет-карыстальнікаў слабых месцаў. Асноўная сутнасць праблемы — розныя прачытанні, і нават прадстаўнікі адказных структур не гатовы даць адказы на шэраг пытанняў.
У лісце адзначаецца, што разам з развіццём тэлекамунікацый у Беларусі ўказ выкліча адток капіталу, бо міжнародныя кампаніі, а таксама бізнес, які не мае дакладнай геаграфічнай прывязкі, будуць імкнуцца перанесці актывы за мяжу, каб не пацярпець з-за розных прачытанняў.
Акрамя гэтага, адзначаецца, што рэгістрацыя дробных аб'ектаў (e-mail, паддамены) запатрабуе "каласальных праца- і часазатрат, несувымерных з эфектам, які дасягаецца".
"Бясплатныя прафесійныя і аматарскія хостынгі ў Беларусі знішчаюцца ўказам (прыклад page.by). А за імі стаяць працоўныя месцы і людзі. Бясплатныя хостынгі заўсёды былі адным з рухавікоў інтэрнетызацыі мас у Беларусі, у Расіі і свеце (narod.ru, ucoz.ru, blogspot.com і г.д.)", — канстатуюць аўтары калектыўнага звароту.
"З першага ліпеня беспарольныя Wi-Fi пункты пастаўлены па-за законам, бо немагчыма праверыць пашпартныя дадзеныя тых, каго не бачыш. Для працягу прадастаўлення паслуг патрабуецца ліцэнзія. З першага ліпеня даванне доступу ў дамашнюю Wi-Fi сетку ўласным сябрам і гасцям робіцца незаконным", — падкрэсліваецца ў лісце.
Акрамя гэтага, паводле меркавання актывістаў, інтэрнет пазбаўляецца галоўнай перавагі — мабільнасці, даступнасці, хуткасці, бо нават для рэгістрацыі адрасу электроннай пошты спатрэбіцца працяглы тэрмін замест звычайных дзвюх хвілін.
На дадзены момант пад зваротам да кіраўніка дзяржавы падпісалася ўжо больш за 1.200 чалавек.