Дэпутатамі мясцовых саветаў працуюць дзесяць дэмакратычных актывістаў
Па выніках мінулай выбарчай кампаніі дэпутатамі Негарэльскага сельскага савета (Дзяржынскі раён, Мінская вобласць) абраныя два прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Уладзімір Мішура і Антаніна Суднік.
Чатыры дэпутаты мясцовых саветаў з’яўляюцца членамі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». Аляксандр Галькевіч абраны дэпутатам Баранавіцкага гарсавета (Брэсцкая вобласць), Уладзімір Дарапей — Брэсцкага райсавета, Іосіф Маціюн — Вілейскага райсавета (Мінская вобласць), Наталля Рышард — Свіслацкага пасялковага савета (Пухавіцкі раён, Мінская вобласць).
Тры дэпутаты прадстаўляюць аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Ветэрынарны ўрач Аляксей Цюлькоў перамог на выбарах у Асіповіцкі райсавет (Магілёўская вобласць), настаўніца Жанна Шчарбініна — у Аўсянкаўскі сельсавет (Горацкі раён, Магілёўская вобласць), ваенны пенсіянер Віктар Бардзюг — у Хідрынскі сельсавет (Кобрынскі раён, Брэсцкая вобласць).
Адзін з дэпутатаў мясцовых саветаў з’яўляецца членам Беларускай сацыял‑дэмакратычнай Грамады. Віктар Міхасёў абраны дэпутатам Баранскага гарсавета (Аршанскі раён, Віцебская вобласць).
Усяго падчас выбараў у мясцовыя саветы, якія прайшлі ў Беларусі 25 красавіка, было абрана 21.288 дэпутатаў. У 14 выбарчых акругах, дзе балатаваліся па адным кандыдаце ў дэпутаты, кандыдаты не набралі неабходную для перамогі колькасць галасоў.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.