Што абяцае кандыдат Міхалевіч
27 траўня кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч Ратушы былі прэзентаваў у мінскай Ратушы тэзісы сваёй праграмы. Цалкам праграма, якая будзе складацца больш чым са ста старонак, з’явіцца ў верасні.
Праграма кандыдата Міхалевіча мае назву «Беларусь: Стратэгія эвалюцыі». Праект складаецца з трох вялікіх частак і мае падкрэслены эканамічны характар, пра што сведчыць назва першага раздзелу — «Эканамічны рост» . Рэшта праграмы прысвечаная эфектыўнай дзяржаве ды актыўнаму грамадству.
Кандыдат Міхалевіч не бачыць будучыні Беларусі без моцнай і канкурэнтнай гаспадаркі. Ён кажа, што наша эканоміка не дае рады з цывілізацыйнымі зменамі, а давяршаюць справу цэнтралізацыя ўлады, бюракратыя і недасканалая падатковая сістэма.
Палітык абяцае, што пры ім Беларусь будзе эканамічна прывабная, канкурэнтаздольная, прадказальная, дзелавая і разважлівая, прадпрымальная.Дзеля гэтага плануецца скараціць колькасць падаткаў і фіскальных органаў, падвысіць узровень эканамічных свабодаў, адмяніць цэнавае рэгуляванне на камерцыйныя тавары паслугі. Айчынная вытворчасць будзе пераведзеная на міжнародныя стандарты якасці, тут будуць укаранёныя сучасныя тэхналогіі, арганізацыі вытворчасці, кіравання і збыту. Нацбанку абяцаецца ўзмацненне незалежнасці. Кандыдат заяўляе таксама пра развіццё крэдытнага рынку, стварэнне Агенцтва фінансавага развіцця.
Палітык закранае ў сваёй праграме важныя пытанні ўласнасці на зямлю і энергетычнай незалежнасці. Ён абяцае зямельную рэформу, падтрымку фермерству, а таксама робіць стаўку на масавую вытворчасць экалагічна чыстай сельгаспрадукцыі.
Дзеля забеспячэння энергетычнай бяспекі кандыдат збіраецца дыверсіфікаваць пастаўшчыкоў энергарэсурсаў ды стварыць нафтагазавы кансорцыум з удзелам Беларусі, Украіны, Расіі ды Еўрасаюзу.Эфектыўная дзяржава паводле Алеся Міхалевіча — гэта ўзмацненне грамадскага кантролю за дзейнасцю дзяржаўных інстытутаў падзел уладаў, незалежнасць судовай сістэмы, кантроль за дзейнасцю сілавых структур, свабода слова і адсутнасць цэнзуры.Моцнае войска і годнае пенсійнае забеспячэнне.
Міхалевіч выступае за расфармаванне КДБ і стварэнне на яго месцы новай службы бяспекі. За скасаванне ідэалагічных упраўленняў. За мадэрнізаванае войска, аснашчанае сучасным узбраеннем і пераведзенае на прафесійную аснову. Міхалевіч абяцае вайскоўцам павышэнне сацыяльнага статуса і паляпшэнне жыллёвых умоваў.Міхалевіч застаецца прыхільнікам збалансаванай знешняй палітыкі. Разам з тым, галоўнымі задачамі тут ён бачыць актывізацыю палітычных адносін, якія маюць на мэце доступ да заходніх рынкаў, тэхналогій і інвестыцый. Ён выступае за найхутчэйшае ўступленне да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Што да далучэння да Еўрасаюзу, то палітык рэалістычна ацэньвае нашы шанцы, як аддаленыя. Пытанне аб уступленні Беларусі ў ЕС мусіць разглядацца з улікам канкрэтнай эканамічнай і геапалітычнай сітуацыі.
Важанае месца ў праграме займае экалагічны аспект. Кандыдат Міхалевіч рэзка супраць пабудовы ў Беларусі АЭС. Ён лічыць, што Беларусі па сілах стаць адным з еўрапейскіх цэнтраў зялёнага руху. Міхалевіч заяўляе пра неабходнасць на ўзроўні дзяржавы стварыць перадумовы да недапушчэння негуманнага абыходжання з жывёламі.
Актыўнае грамадства не магчымае без самакіравання. Міхалевіч абяцае дэцэнтралізацыю палітычнай, эканамічнай і фінансавай улады на карысць рэгіянальнай.
Ён абяцае падзяліць шэсць сучасных абласцей на 17 адміністрацыйных адзінак — паветаў — за цэнтрамі ў Брэсце, Пінску, Мазыры, Гомелі, Гродне, Баранавічах, Слуцку, Бабруйску, Лідзе, Маладзечне, Барысаве, Магілёве, Крычаве, Глыбокім, Полацку, Віцебску і ў Оршы.У сферы адукацыі Міхалевіч абяцае скасаваць прымусовае размеркаванне, у медыцыне — прыняцце закона аб абароне правоў пацыента. Рэлігійным арганізацыям ён абяцае бясплатную зямлю пад цэрквы і шырокія магчымасці для місіянерскай дзейнасці.
Культурная Беларусь — гэта пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы, аднаўленне і рэстаўрацыя гісторыка-культурных каштоўнасцей, конкурсная падтрымка творчых людзей.Надзвычай важнай умовай для захавання беларускай ідэнтычнасці з’яўляецца супрацоўніцтва з дыяспарай. Міхалевіч выступае за ўвядзенне карты Беларуса і абяцае шырокую аўтаномію, правы на захаванне і развіццё нацыянальных, духоўных каштоўнасцей прадстаўнікам нацыянальных меншасцяў Беларусі.
Сямён Печанко