ПОПЫТ НА ГАСПАДАРА З КАНЁМ І ТРАКТАРАМ

Источник материала:  

Вясна сёлета задалася дажджлівая. Але вяскоўцы, нягледзячы на дождж, намагаліся ў майскія дні парабіць грады і пасадзіць бульбу на прысядзібных участках.

У вёсцы Цеалін Дубровенскага раёна каля трох дзясяткаў дамоў. Пастаянныя жыхары жывуць толькі ў дзесяці з іх. А ў астатнія наязджаюць вясной, як дачнікі. Хто больш бульбы пасадзіць, хто менш, але прысядзібныя ўчасткі засяваюцца. А самы дагледжаны падворак у старэйшыны вёскі Івана Лапусева. У яго ёсць для сельскагаспадарчых работ трактарок і конь. Іван Захаравіч адрэгуляваў свой трактар так, што ён працуе з такім жа плугам, у які ўпрагаюць каня. Так што зручна бульбу садзіць і за трактарам.

ПОПЫТ НА ГАСПАДАРА З КАНЁМ І ТРАКТАРАМСтарэйшына расказаў, як спраўляецца ўся вёска, і ён у тым ліку, з веснавымі работамі на падворках.

— Цяпер ужо не просяць у калгасе каня, як гэта было раней. Коней у СВК мала. У Цеаліне, напрыклад, ёсць толькі адзін конь на абслугоўванні мясцовай фермы, і той заняты на працягу працоўнага дня. Ды вяскоўцы і не прэтэндуюць. Каб узараць агарод пад бульбу і іншыя культуры, шукаюць у акрузе гаспадара, у якога ёсць свой конь. А такіх гаспадароў хапае ў Дуброўне і бліжэйшых вёсках. Вось з імі і дамаўляюцца, каб апрацаваць свае надзелы. Праблем сёлета няма: усе, як звычайна, укладуцца ў тэрміны пасяўной, якія дыктуе прырода. І ўвосень гэтак жа збяруць з агародаў ураджай. Праўда, збожжа ўвосень дапамагае абмалаціць мясцовы кааператыў, дае камбайн.

Іван Захаравіч заўважыў, што сёння вясковец ужо не спадзяецца на калгасны трактар ці каня (адвык), а плануе справы, спадзеючыся на свае магчымасці і сілы. Селянін па-ранейшаму корміцца пераважна з таго, што вырасціць на сваім участку. Агародніна, садавіна — усё сваё. Калі трымае карову, то і малочнымі прадуктамі забяспечаны. Мяса птушкі, свініну таксама для сябе можа "арганізаваць".

На погляд старэйшыны, цяпер сяльчане звяртаюць больш увагі на гатункі насення той жа бульбы і іншай агародніны, дабіваючыся такім чынам, каб ураджайнасць была вышэй.

На сваім участку Іван Захаравіч культывіруе аж дзесяць гатункаў бульбы, а купляе насенны матэрыял у Самахвалавічах пад Мінскам. Вясной пасадзіў кожнага гатунку па некалькі "шнуроў". Сярод іх ранняя "Сінявочка", якую любяць у сям'і за добрыя смакавыя якасці, а таксама "Уладар", "Журавінка", "Скарб". Кожнаму гатунку гаспадар даў характарыстыку. Напрыклад, смакавыя якасці "Скарбу", на яго погляд, залежаць ад глебы (што пераважае: пясок ці гліна).

Цікава, што і садзяць бульбу ў сям'і Лапусевых рознымі спосабамі. Сёлета эксперыментавалі з пасадкай на невялікім кавалку зямлі. На ўзараным участку паклалі радком бульбу на паверхні глебы, прысыпалі льнокастрой, а затым — саломай. Бульба павінна прарасці скрозь салому, а вось пустазелле па задумцы расці не павінна. Пры такім спосабе кустоўе бульбы не трэба акучваць і палоць. А ўвосень рэкамендуецца проста згрэбці салому і... сабраць з паверхні клубні новага ўраджаю.

Іван Захаравіч з жонкай Надзеяй Мікалаеўнай вырашылі праверыць на практыцы, ці магчыма такім лёгкім спосабам вырасціць бульбу. Калі эксперымент удасца, тады Лапусевы раскажуць пра свае вопыты аднавяскоўцам.

Старэйшына разважаў і пра тое, пры якіх умовах сельскі жыхар будзе трымацца за кавалак зямлі. Каб не было ў вёсцы прысядзібных участкаў, што зараслі пустазеллем, трэба наладзіць вытворчасць зручных і недарагіх механізмаў для апрацоўкі агародаў, прычым усе прылады павінны быць у продажы.

Паколькі сам Іван Захаравіч мае трактарок з прычэпам, то дзякуючы гэтаму, можа ўтрымліваць карову. Пры дапамозе прычапнога інвентару ён і траву скосіць, і паварушыць яе, і ў пуню сена прывязе. Калі б не меў трактара, то карову даўно ўжо збыў бы, сцвярджае гаспадар.

Як старэйшына, Іван Лапусеў дапамагае з перавозкамі і жыхарам сваёй вёскі. Прывязе салому ці будматэрыялы адзінокім старым, альбо штыкетнік для агароджы ўсёй вёсцы. Аднавяскоўцы ўжо востраць косы, бо неўзабаве старэйшына загадае абкасіць свае падворкі, каб кожная сядзіба была добраўпарадкаванай. Ды як не абкасіць, калі Лапусевы самі паказваюць прыклад? На іх падворку чысціня і парадак, перад хатай шмат кветак. Самавіта глядзіцца самы важны аб'ект — калодзеж, бо чыстая пітная вада, як вядома, першачарговая патрэба чалавека.

Вольга ШУТАВА.

←«Для гэтага неабходна ведаць паролі»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика