КУСТ
— Пра Куста мне расказала Праскоўя Муравейка, знаўца колішніх традыцый і незлічонай колькасці земляробча-абрадавых песень. Яна была сапраўднай скарбонкай народнай культуры — прыгадвае Сяргей Выскварка сваю старэйшую аднавяскоўку. — А фальклорны калектыў пластоцкага Дома культуры па ўспамінах узяўся за рэканструкцыю гэтай траецкай жаночай гульні-карнавала.
"Ой, былі мы ды ў вялікім лесе, ды звілі мы Куста з шырокага клёну", — спяваюць удзельніцы свята, убіраючы ў галінкі бярозы і кляновае лісце абранніцу на пасаду Куста. Валянціне Янкоўскай ужо другі раз даводзіцца прымяраць на сябе гэты незвычайны зялёны касцюм з вяночкам. У ім яна непазнавальная і схаваная ад дапытлівых вачэй. Таямнічая і загадкавая, як і павінен быць траецкі Куст — сімвал росквіту жыцця і ўрадлівасці зямлі, увасабленне сапраўднай прыгажосці прыроды, яе нязведанай і няскоранай моцы. Гэткім Куста павялі па вёсцы, каб пажадаць гаспадарам добрага плёну на хлебнай ніве, прыбытку ў сям'і, дабрабыту. Старэйшая жыхарка Пластка 85-гадовая Марыя Сушчэня з дзіцячай усмешкай на твары сустракала Куста каля сваёй брамы. Магчыма, яна ўзгадвала, як вадзілі Куста да вайны, у час яе маладосці. Можа, нават і сама была Кустом.
— Ад часоў вайны не спраўлялі ў нас Тройцу па старажытнай традыцыі, — тлумачыць Сяргей Выскварка. — Акупацыя зламіла дух людзей, забрала моц і жыццёвую радасць. Удовы і маці палеглых на фронце і ў партызанах сыноў не маглі болей спяваць вясёлыя і сцвярджальныя песні, радавацца жыццю. Любаншчына хоць гераічная і няскораная зямля, але колькі тут пагарэла вёсак! Толькі ў нашым Пластку засталіся чатыры хаты.
Па выглядзе сённяшняй вёскі не здагадаешся, што тут была выпаленая зямля і спынялася нават само жыццё. Магчыма, старэйшыя жыхары, якія прыйшлі паглядзець на свята, не верылі вачам, што Куст вярнуўся, ён зноў ідзе шырокай вуліцай і зноў, як некалі, гучыць песня:
"Ой, выйдзі, пане, ды з новага дому, ды вынясі Кусту хоць па залатому"...
— Мы хочам вярнуць гэтую прыгожую традыцыю, далучыць моладзь да спадчыны дзядоў і бабуль, — кажа дырэктар Дома культуры Соф'я Каток і прызнаецца, што ладзіць гэткія відовішчныя святы на адным энтузіязме — справа не з лёгкіх. — Бо цяпер такі час, што ўсе хочуць быць гледачамі, а не ўдзельнікамі. А Куст — гэта сапраўдны цуд, з'ява нашай народнай культуры!
Любанская Тройца адметная тым, што ў падчас абраду не толькі смажаць на вогнішчы яечню, але і вараць яйкі ў вялікім чыгуне, каб потым раздаваць іх як сімвал грамады, сваяцтва, еднасці. Яшчэ адным сімвалам моцнай вясковай сям'і з'яўляецца гульня "кумленне". Дзяўчынкі-падлеткі, маладзіцы і старэйшыя жанчыны-бабулі завязалі на бярозавыя галінкі стужкі — як бы далі своеасаблівае абяцанне заставацца і надалей прыяцелькамі, сяброўкамі і добрымі суседкамі. Звязвалі затым гэтыя каляровыя дрэўцы і хадзілі карагодам праз "вароты", трымаючыся за рукі і зноў спяваючы. А потым кідалі свае вяночкі на высокую бярозу.
Сёлета на Любаншчыне, як ні дзіўна, ужо закаласілася жыта і паднялося нават вышэй пояса. Напэўна, сёлетняе жніво прыйдзе сюды рана. Але што пра гэта загадзя загадваць. Час пакажа. Лепш хай будзе, як спяваецца ў траецкай песні: "Няхай наша жыта ды ў полі буяе, няхай Куст наш ды па свеце гуляе!"
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.