Дзень з Багдановічам
У памяць пра паэта адслужаць у царкве
У Саборы святых Пятра і Паўла ў Мінску 25 мая а палове на другую адбудзецца памінальная служба. Гэта дзень, калі паэта не стала — у 1917-м. Але вось дзіва: кароткае яго жыццё, але вельмі напоўненае сэнсам, гармоніяй слоў, імкненнем да Беларусі, зрабіла яго імя жывым. А яго слова — жыццядзейным. Нават зараз. Шанаваць Максіма Багдановіча — значыць чытаць яго вершы. Ці прынесці кветкі да яго помніка (каля Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета) — сёння а 12-й гадзіне там збяруцца людзі з гэтай нагоды. А можна прыйсці ў літаратурны музей Багдановіча на вечарыну "У краіне светлай". Дарэчы, да 31-га мая экспануецца першы жывапісны партрэт паэта, створаны Валянцінам Волкавым.
Ларыса ЦІМОШЫК.