Арганізатары акцыі супраць павышэння цэн на паліва
W выніку сярод наведвальнікаў сайтаў «Аўтамалінаўка», stop‑gai.by і некаторых іншых нарадзілася ідэя пратэстнай акцыі «Стоп бензін!». Ініцыятары акцыі заклікаюць неабыякавых вадзіцеляў 1—4 чэрвеня абмежаваць сваё перамяшчэнне на аўто і ігнараваць некаторыя аўтазаправачныя станцыі.
БелаПАН сустрэўся з адным з актывістаў гэтай кампаніі Канстанцінам Міхайлавым.
«Мы чакалі, — расказвае Канстанцін, — што прыход венесуэльскай нафты пакіне цэны на паліва на ранейшым узроўні. Аднак падаражанне адбылося, што выклікала буру эмоцый з боку аўтамабілістаў. Таму мы вырашылі не маўчаць, аб’явілі грамадзянскую ініцыятыву «Мы — не дойныя каровы». Матывуем мы гэту акцыю тым, што з Расіі да нас ідзе бяспошлінная нафта, прызначаная для продажу на нашым унутраным рынку зусім не па тых цэнах, па якіх нам прыходзіцца яе купляць.
Мы заклікаем усіх неабыякавых з 1 па 4 чэрвеня праігнараваць запраўкі канцэрна «Белнафтахім», а запраўляцца на станцыях АСТА, «Славнефть», «Юнайтэд компані». Мы не хочам нанесці нікому ніякага эканамічнага ўрону, але хочам паказаць, што мы адзіныя, салідарныя і не станем маўчаць, бо мы разбіраемся ў цэнах. Акрамя таго, нас хвалююць усе праблемы, якія ёсць у нашай дзяржаве».Міхайлаў лічыць, што неабыякавых да павышэння цэн на транспартныя паслугі ў краіне проста няма, бо «следам за цэнамі на бензін падняліся цэны на мяса і малако, затым на праезд у маршрутным таксі, а заўтра можа падаражэць праезд у астатнім гарадскім грамадскім транспарце».
Паводле слоў удзельніка акцыі, яе арганізатары не адчуваюць ніякага націску з боку ўлад. «Дзяржава маўчыць, і нас гэта не радуе, — адзначыў ён. — Мы ўсё ж чакаем ад яе нейкай рэакцыі. Мы, аўтааматары, вельмі хацелі б атрымаць адказы на свае пытанні. Калі рэакцыі не будзе і пасля правядзення акцыі, магчыма, будзем пісаць скаргі, каб на нас звярнулі ўвагу, байкатаваць запраўкі «Белнафтахіма».
БелаПАН