Лукашэнка: Былы кіраўнік Гродзеншчыны страціў пачуццё адказнасці
«Гродзенская вобласць павінна быць сапраўдным флагманам у цэнтры Еўропы, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — У палове, можна сказаць, яна ўжо такая і ёсць, а ў палове трэба вельмі моцна папрацаваць, каб за паўтара-два гады падцягнуць вобласць да такога ўзроўню. І тады яна будзе квітнеючым краем».
Лукашэнка лічыць, што новаму старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёну Шапіру пад сілу справіцца з гэтай задачай. На пасадзе кіраўніка вобласці былы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання быў зацверджаны 22 мая «аднагалосным рашэннем» дэпутатаў аблсавета.
Беларускі кіраўнік адзначыў, што на пасаду разглядаліся «дзесяткі кандыдатур». У Шапіры яму імпануе «валявы, рашучы, патрабавальны стыль працы».На думку Лукашэнкі, адзін з перадавых рэгіёнаў краіны здае свае пазіцыі, моцная аграрная вобласць «фактычна застыла ў сваім развіцці».
«Вы сапраўды сёння ва ўсіх адносінах лепшая вобласць у краіне. Вы дасягнулі пэўнага высокага ўзроўню у сваім развіцці, выйшлі на яго і тут спыніліся», — лічыць беларускі кіраўнік.
Ён адзначыў, што за час кіраўніцтва вобласцю Уладзімірам Саўчанкам на працягу амаль дзевяці гадоў было зроблена шмат,
аднак рэгіён не ў поўнай меры рэалізаваў свой вытворчы і сацыяльна-культурны патэнцыял.«Адбілася адсутнасць дакладнай стратэгіі ў максімальна эфектыўным выкарыстанні наяўных магчымасцей. У немалой ступені руху наперад перашкаджала і тое,
што замест мабілізацыі людзей на ўстараненне недахопаў Уладзімір Саўчанка вельмі балюча рэагаваў на крытыку (не ад прэзідэнта, іншых), выжываў непажаданых яму кіраўнікоў.Але самае галоўнае — страціў пачуццё адказнасці за даручаны ўчастак працы», — паведаміў Лукашэнка. Паводле яго слоў, менавіта таму было прынята рашэнне задаволіць просьбу Саўчанкі аб вызваленні ад пасады.
Асаблівую ўвагу новаму кіраўніцтву вобласці, адзначыў Лукашэнка, неабходна звярнуць на «забеспячэнне запланаваных тэмпаў росту вытворчасці прадукцыі прамысловасці і спажывецкіх тавараў, фінансавае аздараўленне суб"ектаў гаспадарання, нарошчванне тэмпаў інвестыцыйнай дзейнасці, развіццё сферы платных паслуг насельніцтву, а таксама на вырашэнне пытанняў занятасці людзей і дастойнай аплаты працы».
«На 1 мая 2010 года на вобласць прыпадала больш за 80% пратэрмінаванай запазычанасці па заработнай плаце па краіне. Такое сумніўнае лідэрства не да твару Гродзеншчыне. Гэтую ганебную практыку трэба выкараняць самым жорсткім чынам», — заявіў Лукашэнка.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.