Аўто кандыдатаў
Быць прыкладам для большасці — адно з наканаванняў палітыкаў. І хоць даводзіцца чуць, што ў Беларусі палітыкі няма, людзі ўсё адно цікавяцца жыццём прэтэндэнтаў на ўладу. Узгадайма, які фурор выклікала публікацыя дэкларацый прыбыткаў кандыдатаў у мясцовыя саветы ў часе апошняй выбарчай кампаніі. Дзіўная рэч — многія чытачы незалежных сайтаў негатыўна выказваліся тады на адрас кандыдатаў ад апазіцыі, якія прадэманстравалі нізкія заробкі, а то і паведамілі пра сваё беспрацоўе. Маўляў, як такі чалавек будзе намі кіраваць, калі на сябе зарабіць не можа. Меркаванне спрэчнае, калі ўлічыць умовы, у якіх даводзіцца існаваць любому, хто наважваецца на публічнае апазіцыянаванне.
Палітыка — рэч дарагая. Удзел у выбарчых кампаніях патрабуе немалых сродкаў. Натуральна, што на старт кандыдаты выходзяць, маючы няроўныя ўмовы. Але ў нашым выпадку справядліва будзе казаць пра заведама штучна створаныя няроўныя ўмовы. Манапалізацыя дзяржаўных СМІ, падкантрольныя выбарчыя камісіі, адміністрацыйны рэсурс, выкарыстанне бюджэтных сродкаў дзеля грандыёзных папулісцкіх мерапрыемстваў (ваенізаваныя парады, дажынкі ды славянскія базары) — усё гэта, не сакрэт, каторую кампанію працуе на аднаго кандыдата.
З другога боку мы бачым дысідэнтаў, якія жывуць на сціплыя пенсіі, маладых лідэраў, што туляцца з сем’ямі ў аднапакаёўках і ездзяць на патрыманых аўто. Выбары прэзідэнта, акрамя ўсяго, добрая нагода, каб параўнаць побытавыя і этычныя стандарты, якімі кіруецца Лукашэнка і ягоныя апаненты.
«НН» пачынае цыкл артыкулаў пра беларускіх палітыкаў, якія заявілі пра ўдзел у чарговай прэзідэнцкай кампаніі, а таксама пра найбольш верагодных яе ўдзельнікаў, якія пакуль не абазначылі свае намеры. Чытачы даведаюцца, на чым ездзяць кандыдаты ў прэзідэнты, якой маёмасцю валодаюць, пра іх сямейнае становішча і захапленні. Пачнём з аўто.
Ездзіць на «Шкодзе Феліцыя», марыць пра «Фольксваген Туарэг»
Першым пра ўдзел у кампаніі‑2011 заявіў Алесь Міхалевіч. З яго і пачнём. Галоўным крытэрам для выбару аўто палітык лічыць надзейнасць, таму ён і набыў «Шкоду Феліцыя». Легкавік 2000 года выпуску аснашчаны рухавіком і падвескай ад «Фольксвагена», прабег — больш за 160 тысяч кіламетраў. Наогул, Міхалевічу падабаюцца нямецкія аўто. Высокі рост кандыдата дыктуе свае ўмовы, таму, калі б ягоныя мары прыйшлі да кампрамісу з магчымасцямі, ён набыў бы сабе «Фольксваген Туарэг». Ці іншы аналагічны пазадарожнік.
Аўто, на якім ездзіць прэзідэнт, павінна адпавядаць статусу пасажыра і гарантаваць ягоную бяспеку. «Гэта мусіць быць прадстаўнічы браняваны аўтамабіль, — мяркуе Алесь Міхалевіч. — У гэтым пытанні я не схільны вінаваціць Лукашэнку ў празмерным выдаткоўванні грошай».
Міхалевіч ездзіць на дэмакратычнай «Феліцыі» |
Чатыры гады на «Міцубісі»
Кандыдат у прэзідэнты ад БХД Віталь Рымашэўскі чатыры гады ездзіць на «Міцубісі Спэйс Вэган». Гэта першы ўласны легкавік палітыка, прабег яго сягае за 270 000 км. А дагэтуль Віталь набываў вопыт кіроўцы на службовых аўто.
Чаму «Міцубісі»? Палітык аддае перавагу практычным і функцыянальным аўтамабілям. «Каб і для працы зручная была, і для сям’і». У легкавіку Віталя можа змясціцца сем чалавек. Акрамя таго, Рымашэўскаму імпануюць суадносіны цаны і якасці аблюбаванага аўто.
Калі паўстане пытанне пра новае аўто, абіраць палітык будзе паміж еўрапейскімі і японскімі легкавікамі. І калі ўжо быць зусім дакладным, то паміж «Мерсэдэсам» і «Таётай». Аўто чыноўніка найвышэйшага рангу павінна быць прадстаўнічым, але аснашчэнне яго не павінна перавышаць разумныя межы бяспекі і зручнасці, мяркуе кандыдат ад БХД.
Рымашэўскі ездзіць на «Міцубісі» з прабегам 270 000 |
Паміж «Вольва» і »Мерсэдэсам»
Лідэр Руху «За Свабоду» і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч за стырном 47 гадоў. Апошнія гады ён ездзіць на «Вольва‑S90», прабег — 280 000 км. У часе паездак па краіне гэтае аўто не раз аблівалі кіслатой, прабівалі колы. Аляксандр Уладзіміравіч кажа, што любіць таксама «Мерсэдэсы». Менавіта «Мерсэдэс» 1993 года выпуску ён дэклараваў на мінулых выбарах. Увогуле, пры выбары аўтамабіля кандыдат у прэзідэнты кіруецца найперш зручнасцю, практычнасцю і дызайнам. Лідэр краіны, лічыць ён, павінен карыстацца прадстаўнічым аўто.
Мілінкевіч, хоць і любіць шведскія легкавікі, але пры гэтым мяркуе, што да ўзроўню скандынаўскіх краінаў, дзе палітыкаў найвышэйшага ўзроўню нярэдка можна ўбачыць у грамадскім транспарце, нам яшчэ далёка.
Мілінкевіч любіць «Вольво» і «Мэрсэдэсы», але дазваляе сабе тольки не новыя машыны |
«Мерсэдэс» і «Волга Сайбер»
Аляксандр Лукашэнка пакуль не сказаў цвёрдае «так» або «не» выбарчай кампаніі‑2011, але мала хто сумняваецца, што яна пройдзе без яго. Перад пачаткам мінулай кампаніі Лукашэнка сярод іншай маёмасці задэклараваў матацыкл Мінскага завода. Аднак ніхто не бачыў, каб кіраўнік дзяржавы дабіраўся ім на працу па праспекце Пераможцаў. Затое тысячы мінчукоў і жыхароў сталіцы ці ні штодня сутыкаюцца з заторамі, якія ўтвараюцца ў выніку праезду прэзідэнцкага аўто. Кіраўнік краіны ездзіць на браняваным «Mercedes‑Benz‑S600». Пра кошт канкрэтна гэтага аўто можна толькі здагадвацца, бо ў нас гэтая інфармацыя адносіцца да закрытай. Аднак, можна смела казаць пра лічбы ў сотні тысяч даляраў. Браняваны «Мерсэдэс» прэзідэнта Расіі, да прыкладу, каштуе каля 1,5 мільёна даляраў.
З інтэрв’ю расійскім журналістам двухгадовай даўніны вынікае, што гэта не адзіны легкавік у прэзідэнцкім аўтапарку. Лукашэнка прызнаўся тады, што Горкаўскі аўтазавод падарыў яму новую «Волгу Сайбер». «Нішто сабе так машына, нішто, — адрэкамендаваў ён тады навінку Горкаўскага аўтазавода. — Ну, канечне, гэта не «Мерсэдэс», але гэта ўжо і не «Волга»!»
Прэзідэнцкі «Мерсэдэс» Аляксандра Лукашэнкі |
«Мне сніцца бацькава палутарка»
Паэт Уладзімір Някляеў, які ўзначаліў грамадзянскую кампанію «Гавары праўду», пра прэзідэнцкія амбіцыі пакуль не заяўляў. Аднак з’яўленне такой кампаніі незадоўга да выбараў прэзідэнта, ды яшчэ з такім харызматычным лідэрам, гаворыць само за сябе. Дый Уладзімір Пракопавіч не адмовіўся расказаць пра сябе. Аўто ён даўно не кіруе. Кажа, пасля аднаго здарэння, якое магло скончыцца вельмі трагічна, вырашыў за стырно больш не сядаць. «Я не кантралюю сябе за стырном — люблю хуткасць». Па справах паэт ездзіць на жончыным «Фіят Брава», на аўто сяброў і паплечнікаў, а то і на найманым аўтамабілі. Аўтамабільная мара дзяцінства — грузавая палутарка, на якой бацька Уладзіміра Някляева правёз яго хлапчуком па ўсёй Смаргоншчыне. «Дагэтуль памятаю пах кабіны, нагрэтай на сонцы. Калі мне і сніцца аўто, дык бацькава палутарка».
Каардынатар «Хартыі‑97» Андрэй Саннікаў адным з першых заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Але ад размовы з карэспандэнтам «НН» катэгарычна адмовіўся, назваўшы саму ідэю расказаць пра сябе патэнцыйным выбаршчыкам «кадэбісцкімі метадамі». «Мне хаваць няма чаго, у свой час я паведамлю ўсю неабходную інфармацыю. А вы працягвайце рабіць сваю брудную справу», — заявіў палітык.
Лідэрам апазіцыі часта даводзіцца карыстацца службовым транспартам, як, напрыклад, падчас ператрусу 18 мая |
Сямён Печанко, фота Юліі Дарашкевіч