Кветкі правінцыі: бэз Нясвіжа. Ужо дзеці дзяцей, якіх прыводзілі бацькі на першыя святы мастацтваў “Музы Нясвіжа”, прыйшлі на пятнаццаты музычны фэст

Источник материала:  
Кветкі правінцыі: бэз Нясвіжа.
Ужо дзеці дзяцей, якіх прыводзілі бацькі на першыя святы мастацтваў “Музы Нясвіжа”, прыйшлі на пятнаццаты музычны фэст

Свечкі, кандэлябры, шаўковы водбліск штор — антураж якраз для шапэнаўскай музыкі. Менавіта яна стала галоўным камертонам свята, што пятнаццатую вясну запар прыходзіць на старажытную нясвіжскую зямлю. Цёмна-бардовы і бялюткі бэз — сімвал “Муз Нявіжа” — не ўпісаўся ў інтэр’ер ХІХ стагоддзя, усталяваны на сцэне Нясвіжскага цэнтра культуры і адпачынку. Але яго квеценню быў запоўнены ўвесь горад — кветнікі, скверы, парк вакол замка Радзівілаў, што нараджаецца нанава. Пах бэзу кружыў галаву, ператвараўся ў каплі шапэнаўскіх нот, прымушаў мроіць...

Дзівак і летуценнік

Ну што яшчэ можна сказаць пра чалавека, які вырашыў жыхароў самай што ні на ёсць правінцыі, малых гарадоў пазнаёміць з усімі музычнымі скарбамі айчыннага мастацтва, нават тымі, якія былі адшуканы вучонымі ў архівах і запісаны адным нотным радком. А перш за ўсё менавіта іх у нечаканым выкананні камерных калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі хацеў данесці людзям яго нязменны кіраўнік народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг. Што гэта пачнецца менавіта ў Нясвіжы, вырашылася пасля доўгай размовы на сцяжынках аднаго з санаторыяў з Уладзімірам Несцеравічам Дражыным, які ўзначальваў тады Нясвіжскі райвыканкам (сёння Дражын — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве і Фінляндыі).Успамінае Вольга Дадзіёмава, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:— Наша першая размова адбылася з Міхаілам Якаўлевічам недзе ў лістападзе 1995 года. Шчыра кажучы, мне тады падалося дзіўным, што мэтр эстраднага, джазавага мастацтва, стваральнік і кіраўнік сусветна вядомага аркестра, зацікавіўся страдаўняй музыкай. Параіла яму пазнаёміцца з рукапісамі музычных помнікаў, адзін з якіх уяўляў сабой неразборлівы нотны радок, а другі — табулатуру, лічбавы запіс твора ХVІІ стагоддзя. Маэстра, убачыўшы пажоўклыя паперы, абсалютна не збянтэжыўся, пачаў уважліва іх разглядаць. Потым кажа: “Нам гэта падыходзіць, прыносьце ўсё, што маеце, калі, канешне, не шкада. Думаю, вы не будзеце расчараваны: наш калектыў здольны і апрацаваць, і годна прадставіць усе гэтыя кампазіцыі. Няхай слухачы далёкіх ад сталіцы гарадоў пазнаёмяцца з гэтымі скарбамі”. І дадаў, што добра ведае аўдыторыю малых гарадоў — самую ўдзячную і дасведчаную.Так нарадзіўся праект, якому няма роўных не тое што ў краіне, ва ўсім свеце. Бо нідзе яшчэ так хутка адноўленая музычная спадчына не трапляла ў музычны ўжытак, не пачынала выконвацца нароўні з сучаснымі кампазітарамі.

Чачэрскія сустрэчы

Фестывалі і музычныя імпрэзы ў малых гарадах Беларусі, што ладзіць аркестр Фінберга, сцвярджаюць не толькі той факт, што правінцыяльны слухач здольны і можа ўспрымаць высокую музыку, але і прыналежнасць нашай музычнай спадчыны некалькім народам і культурам, аб’яднаным агульнай гістарычнай мінуўшчынай. Сярод стваральнікаў гэтай спадчыны Казлоўскі, Голанд, Манюшка, Орда, Ельскі... Міхал Клеафас Агінскі таксама, і яго імя стала галоўным на сёлетніх “Чачэрскіх сустрэчах”.Народжаныя Нясвіжам “Чачэрскія сустрэчы” гэтай вясною былі чацвёртым па ліку святам беларускай музыкі ў адным са старажытных гарадоў краіны і сто шостым мастацкім фэстам Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі ў малых гарадах краіны. Чым ён унікальны? Адказ на гэта пытанне далі тры папярэднія фэсты. Музычныя імпрэзы тут яднаюць розныя музычныя плыні, розныя эпохі, прадстаўляюць беларускую музычную культуру ва ўсёй яе прыгажосці і значнасці — як адкрытую, шматвектарную, духоўную. Тры гады ў Чачэрску адбываліся незвычайныя дыялогі людзей і музыкі: мясцовыя жыхары мелі магчымасць сустрэцца з кіраўніцтвам вобласці, сенатарамі. Сёлетняя праграма “Музыка Беларусі ў еўрапейскай прасторы” — музычны дыялог з часам мастацкіх калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра: ансамбляў салістаў на драўляных духавых інструментах, флейтыстаў, кларнетыстаў, трубачоў “Інтрада”, вакальнага ансамбля, струннага квартэта і струннага аркестра. А дапамог ім весці гэты дыялог Міхал Клеафас Агінскі, 245-годдзю з дня нараджэння якога і прысвечана сёлетняя чачэрская праграма.

Шапэн у мажоры

Пятнаццаць гадоў таму, гаворачы, што яго музыкантам і аранжыроўшчыкам пад сілу ўвасобіць старадаўнюю музыку ў сучасным выкананні, маэстра Фінберг не перабольшваў. За гэты час у розных кутках краіны на флейтах, трубах, кларнетах, на струнных аўтару гэтых радкоў разам з мясцовымі жыхарамі давялося чуть творы, напісаныя зусім для іншых інструментаў. Але якое віртуознае было заўсёды выкананне! І гэта новае нараджэнне старой, калі дазволіце так сказаць, музыкі адбылося дзякуючы таленту музыкантаў-аранжыроўшчыкаў аркестра заслужаным артыстам Беларусі Генрыху Гедыльтэру, Генадзю Забару, Андрэю Шпянёву і Уладзіміру Ткачэнку. На жаль, запіс тых цудоўных канцэртаў рабіўся толькі для самога аркестра. Ні прамых тэлетрансляцый, як гэта адбываецца ў іншых краінах, дзе цэняць усё нацыянальнае, ні дыскаў прафесійных зроблена не было. А магла б атрымацца сапраўдная анталогія айчыннай музыкі!І канцэрт “Нясвіж у цэнтры музычнай Еўропы: памяці Ф.Шапэна” мог стаць упрыгожаннем гэтай калекцыі. Бо не ведаю, як сталася на радзіме кампазітара, у Польшчы, ды і ў Еўропе, а на постсавецкай прасторы творы Шапэна ўпершыню гучалі ў аркестровым пералажэнні. Цудоўны струнны аркестр, які працуе ў складзе Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі і якім кіруе заслужаны артыст Беларусі Валерый Сарока, іграў вальсы, паланэзы, прэлюдыі Шапэна так мякка і лірычна, што зала замірала, как потым узарвацца крыкамі “Брава!”Была і яшчэ адна акалічнасць, якая рабіла шапэнаўскую праграму нейкай асабліва шчымлівай. Напярэдадні пайшла з жыцця цудоўны беларускі журналіст Тамара Абакумоўская, якая была насамрэч летапісцам нясвіжскага фестывалю.  І тое, што мінорны Шапэн гучаў у гэты майскі нясвіжкі вечар у мажоры, абнадзейвала: памяць аб чалавеку, які занатоўваў навейшую гісторыю беларускай музыкі, будзе жыць гэтак жа, як сама наша музыка.

Майстры

“Музы Нясвіжа” нарадзілі і яшчэ два вельмі значныя праекты: музычны — “Майстры беларускага музычнага мастацтва”, выдавецкі — серыю зборнікаў “Музычныя скарбы беларускай зямлі”. Першы дазволіў успомніць імёны беларускіх кампазітараў, якія жылі альбо і працягваюць жыць побач з намі. Але іх творы чамусьці амаль ці зусім перасталі выконваць у канцэртах, яны не гучаць па радыё і тэлебачанні. Нават імя Яўгена Глебава, творы якога сталі музычнымі застаўкамі многіх FM-станцый, не ўпамінаецца. І спецыялісты-музыказнаўцы не могуць растлумачыць, чаму мы засталіся глухія да музыкі ХХ стагоддзя. Вылечыць гэту глухату і ўзяўся Міхаіл Фінберг разам са сваімі паплечнікамі — музыкантамі, вучонымі. Так з нябыту вярнулася імя Мікалая Чуркіна, і цяпер яго носіць Мсціслаўскі фэст. Мікалай Аладаў, Леў Абеліёвіч, Дзмітрый Смольскі, Генрых Вагнер, нарэшце, Яўген Глебаў — іх асобыя, адухоўленыя і інтэлектуальныя ноты беларускай культуры пачулі ў розных куточках Беларусі.У Нясвіжы гэтым разам слухалі творы Пятра Падкавырава. Выхадца з Расіі, які поплеч з іншымі будаваў беларускую музычную школу і душой прыкіпеў да нашай краіны.А выдавецкі праект дапамагае пакінуць нашчадкам навуковыя доследы, звязаныя з развіццём музыкі, архітэктуры, жывапісу і іншых мастацтваў у тых гарадах і пасёлках, дзе праходзяць музычныя імпрэзы аркестра Фінберга. Папярэдне яны агучваюцца на традыцыйных навуковых канферэнцыях. 

Рабі, як робяць у Нясвіжы!

Такі лозунг гатовы кінуць у масы першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка. Музыкант, настаўнік музыкантаў, ён вельмі ганарыцца тым, што шапэнаўскі канцэрт выконвала і яго вучаніца з групы альтыстаў. “Тут, у Нясвіжы, адраджаецца духоўны цэнтр, — сказаў ён. — Здаецца, што выконваемая тут музыка напісана спецыяльна для гэтага горада. У наступным годзе будзем слухаць яе ў двары Нясвіжскага замка”.А Святлана Купрыянава, кіраўнік дзіцячай мастацкай студыі “Вясёлка” Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, якая ў адзінаццаты раз прывезла выставу сваіх работ у Нясвіж, лічыць, што менавіта гэты фестываль і гэты горад натхнілі яе на развіццё студыі. А зараз натхняюць яе выхаванцаў на новыя і новыя серыі работ. Сёлетняя прысвечана Шапэну. Работы Каці Краўчанка і Олі Ліпскай — на еўрапейскім узроўні і зрабілі б гонар любой, самай шыкоўнай галерэі.І яшчэ адно з мноства пачутых на “Музах Нясвіжа-2010” меркаванняў хацелася б прывесці. Гаспадара раёна Ігара Макара, які ўсёй душой падтрымлівае праект і вельмі спадзяецца, што з яго дапамогай не 140 тысяч турыстаў, як было летась, прыедуць у Нясвіж, а ў дзесяць разоў больш. Фестываль натхніў улады на тое, гаворыць ён, каб надаць гораду еўрапейскі від. З заканчэннем рэканструкцыі кінатэатра і гасцініцы поўнасцю зменіцца выгляд плошчы з ратушай. У горадзе пракладваюць новыя дарогі, тратуары, актыўна будуюць жыллё, рамантуць школы, абнавілі галоўную фестывальную залу. Эканоміка раёна моцная, а таму і хапае сродкаў на сацыяльныя праекты. Ігар Мікалаевіч паўтарыў услед за Міхаілам Фінбергам, што “Музы Нясвіжа” выхоўваюць новых людзей новага стагоддзя — адухоўленых і высокамаральных.

←Маленькое чудо. 4383 — именно столько дней проживает ребенок со дня рождения до начала подросткового возраста — 12 лет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика