З рынку адклікаюцца некалькі найменняў растваральнай кавы
На стужках інфармацыйных агенцтваў з'явілася навіна пра тое, што кампанія "Нестле" адклікае з рынку некалькі найменняў растваральнай кавы, у тым ліку і ў Расіі.
Паведамлялася, што ў якасці папераджальнай меры адкліканню падлягае растваральная кава Alta Rіca, Cap Colombіa, Estet, Kenjara і Espresso. Гэта імпартуемыя прадукты са спецыяльнай серыі кавы Neskafe вагой 100 грамаў, якія ўпакоўваюцца ў слоікі асаблівага тыпу, пакрытыя пластыкавай абалонкай. Некаторыя з гэтых слоікаў могуць патрэскацца падчас транспарціроўкі, у выніку чаго могуць утварыцца дробныя часцінкі шкла. Гэтае адкліканне не распаўсюджваецца на іншыя прадукты лінейкі Nescafe, якія ёсць у продажы на расійскім рынку. У расійскім офісе кампаніі ТАА "Нестле Расія" ўдакладнілі, што кліенты "Нестле" ў Расійскай Федэрацыі ўжо праінфармаваныя пра гэтае рашэнне, іх папрасілі прыпыніць продаж названых прадуктаў і вярнуць іх кампаніі. А што ў сувязі з вышэйагучаным адбываецца ў Беларусі? З гэтым пытаннем мы звярнуліся ў прадстаўніцтва ў нашай краіне ТАА "Нестле Расія".
Учора нам патлумачылі, што прадстаўніцтва кампаніі "Нестле" ў Рэспубліцы Беларусь абвяшчае пра добраахвотнае адкліканне, у якасці папераджальнай меры, тых жа найменняў растваральнай кавы, што і ў Расіі. Гэтае адкліканне не распаўсюджваецца на іншыя прадукты кампаніі Nescafe, што ёсць у продажы на рынку ў Беларусі.
"Гаворка ідзе толькі аб прадуктах, што ўпакаваныя ў слоік спецыяльнага тыпу. Кампанія будзе працаваць над зменай формы ўпакоўкі, найперш чым прапануе гэты прадукт на рынку". Прадстаўніцтва прыносіць свае прабачэнні спажыўцам і кліентам за прычыненыя нязручнасці. Кліенты і партнёры ў нашай краіне ўжо паінфармаваныя пра такое рашэнне. Далей прадстаўніцтва заклікае ўсіх спажыўцоў, у каго ёсць такія прадукты, устрымацца ад іх спажывання і звязацца з афіцыйным дыстрыб'ютарам прадукцыі кампаніі "Нестле" на тэрыторыі Беларусі ТДА "Мостра-груп" па тэлефоне +375 17 389 06 00 для ўдакладнення працэдуры кампенсацыі кошту набытых тавараў.
Сяргей РАСОЛЬКА.