Музей пад вінаграднымі лозамі
20.05.2010
—
Новости Общества

але адлік жыцця вядзе ў асноўным з чэрвеня 41-га
Ён тады якраз скончыў школу, і тры дні на Цітаўцы, рэчцы пры яго роднай вёсцы Скобраўка, на Пухавіччыне, прываджваў рыбу: хацеў парадаваць на выпускным сяброў добрай юшкай. Уранні, 22 чэрвеня, і пайшоў на тое месца, налавіў, згадвае, рыбы кілаграмаў пяць. Тады і заўважыў, што ў небе шмат самалётаў, а як прыйшоў дадому, было не да свята: вайна… Вечарам фашысты бамбілі вайсковы гарадок у Мар’інай Горцы, а таксама Мінск.
Тады ж на тэрыторыю Беларусі было закінута шмат нямецкіх дыверсантаў і шпіёнаў. У адзін са знішчальных батальёнаў увайшоў і Уладзімір Віктаравіч. Баявое хрышчэнне атрымаў пад Чавусамі, потым — цяжкае раненне пры абароне Смаленска. Пасля шпіталю абараняў Маскву на Мажайскім напрамку, яшчэ раз трапіў у шпіталь, адтуль — у вайсковае вучылішча. У канцы 42-га малады лэйтэнант Вайцэховіч камандаваў узводам мінамётнай роты пад Сталінградам. Там атрымаў і першы ордэн, Чырвонай зоркі, і першую кантузію: ад выбуху снарада яго цалкам засыпала зямлёй, ды сябры паспелі адкапаць. У складзе 144 палка пад камандаваннем легендарнага Васіля Маргелава Вайцэховіч прайшоў з жорсткімі баямі да Вены. Вызваляў Данецк, Херсон, Мікалаеў, Адэсу, у цяжкіх баях на рацэ Міус атрымаў ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені. А яшчэ было вызваленне Малдавіі, потым — Бухарэста, Браціславы… Па назвах адных толькі вялікіх рэк, якія давялося фарсіраваць яму, можна вывучаць геаграфію: Волга, Дон, Паўднёвы Буг, Днестр, Прут, Дунай.
Вельмі складаны перыяд яго жыцця, які доўжыўся тры месяцы, — камандаванне мінамётным узводам штрафной роты. Яго вызвалі ў асобы аддзел і накіравалі, як афіцэра абстралянага, з вялікім баявым вопытам, на такую пасаду. Зрэшты, гэта асобная частка яго ўспамінаў. Запомніўся, канешне ж, парад Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве 24 чэрвеня 1945-га. Вайна і па сёння застаецца яго незагойнай ранай: у партызанскім атрадзе загінуў бацька, трое родных дзядзькоў не вярнуліся з фронту, а некаторых аднавяскоўцаў фашысты спалілі жывымі…
Пасля вайны ён застаўся ў Малдавіі: менавіта туды пасля Аўстрыі вывелі іх вайсковую часць. Вучыўся, зволіўшыся ў запас, у Кішынёўскім сельгасінстытуце, працаваў галоўным інжынерам вопытнай гаспадаркі, выкладчыкам. А цяпер вучні доктара тэхнічных навук Уладзіміра Вайцэховіча працуюць па сёлах усёй Малдовы: інжынеры, механікі, аграномы… Працоўныя заслугі ветэрана адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, ён — ганаровы грамадзянін Рэспублікі Малдова. Дарэчы, і цяпер чытае лекцыі ў Аграрным універсітэце!
Пяць гадоў таму ў складзе невялікай ветэранскай дэлегацыі з Малдовы наш зямляк адзначаў 60-годдзе Перамогі ў Маскве. Пасля параду быў прыём у Палацы з’ездаў, і за адным сталом з У. Вайцэховічам аказаўся Міхаіл Гарбачоў. Ветэран з болем казаў яму, што пасля перабудовы, развалу Саюза разбуралася “святое братэрства краін і народаў”, а менавіта ж гэта дапамагло перамагчы пад час вайны самага моцнага ворага.
Гордасць Уладзіміра Віктаравіча — музей, збудаваны прама ў двары дома, пад вінаграднымі лозамі. Узводзіў яго пяцьдзесят гадоў таму пры дапамозе моладзі, студэнтаў у памяць пра гвардзейцаў, ветэранаў 49-й Херсонскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі. Там цяпер месціцца і клуб-музей “Гвардзеец” ветэранаў раёна Баюканы Кішынёва. У музеі шмат фотаздымкаў, аформлены стэнды пра вайну, ёсць карты баявога шляху дывізіі, партрэты военачальнікаў.
У “музеі пад вінаграднымі лозамі” збіраецца і наша беларуская сябрына, калі трэба адзначыць якое свята, сустрэць гасцей, абмеркаваць планы. Тут мы спяваем і беларускія песні, а паэты чытаюць свае вершы. Прычым пасяджэнні савета сябрыны праходзяць рэгулярна, у кожную першую нядзелю месяца. Дарэчы, гаспадар музея ўзнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Беларусі “за вялікі ўклад ва ўмацаванне ўсебаковых сувязяў паміж Малдовай і Беларуссю”. Уладзімір Віктаравіч часта сустракаецца з сябрамі-ветэранамі. І — заўсёды пры нейкай справе. Ведае на памяць шмат вершаў М.Някрасава, С.Ясеніна, К. Сіманава і іншых паэтаў, якія пры добрай нагодзе ахвотна чытае, асабліва калі размова ідзе пра Радзіму. І мы разумеем: пакуль з намі такія моцныя духам людзі, як Уладзімір Вайцэховіч, — і нам, яго землякам, утульна ў Малдове.
Вячаслаў Ігнаценка, г. Кішынёў