Шчыры дыялог
20.05.2010
—
Новости Общества

Якая сіла газеты? Цікавы адказ на такое пытанне пачуў я на нядаўнім круглым стале “Дыялог дыяспар: Дыяспара і СМІ”. “У 2003 годзе мы стварылі Саюз беларусаў Латвіі на базе чатырох суполак, а цяпер, у многім дзякуючы і газеце “Прамень”, якая выдаецца 16-ы год, у Саюзе іх ужо адзінаццаць”, — гаварыла старшыня Саюза Валянціна Піскунова. Дзякавала нашай дзяржаве за падтрымку газеты, медалём Францыска Скарыны адзначана і праца яе галоўнага рэдактара Лявона Шакаўца. Газета, што выдаецца на сродкі спонсараў, шмат робіць для прапаганды беларускай культуры, па абароне інтарэсаў дыспары ў Латвіі. Ёсць у Саюза і іншыя выдавецкія справы: выходзяць кнігі, у тым ліку і маладых беларускіх паэтаў, матэрыялы навуковых канферэнцый.
А яшчэ “Прамень” асвятляе жыццё беларусаў у Літве, Эстоніі — па сутнасці, паядноўвае землякоў ва ўсёй Прыбалтыцы. Заслугоўвае ўвагі і тое, што пра дзейнасць дыяспары інфармуюць чытачоў іншыя СМІ, у тым ліку цэнтральныя, рэгіянальныя выданні ў Рызе, Ліепаі, Вентспілсе, Даўгаўпілсе. Расказваюць пра землякоў у Латвіі, якіх там каля 100 тысяч, і беларускія СМІ. Так што было з чым ехаць дэлегацыі ў Мінск: на выставе “СМІ ў Беларусі” гасцявала сем актывістаў з Латвіі, у тым ліку паэт з Даўгаўпілса Станіслаў Валодзька і адтуль жа выкладчыца ўніверсітэта Таццяна Бучэль. Апошняя радавалася: у яе ўнука Паўліка, які нядаўна нарадзіўся на латышскай зямлі — беларускае грамадзянства. Між іншым, Лявон Шакавец, выступаючы на круглым стале, сказаў, што “весці беларускую лінію” ў замежжы вельмі няпроста. І амаль 20-гадовы шлях суполкі “Прамень” у Рызе назваў “гадамі не толькі актыўнай дзейнасці, але і мужнасці”. Адкуль бяруць сілы землякі? “Любоў да Бацькаўшчыны намі рухае, усё лепшае, што творым, пішам — прысвячаем маці-Радзіме”, — узнёсла гаварыў Лявон Рыгоравіч.
І тут не ўтрымаўся адзін з калег-журналістаў. Не ведаю, сказаў, як часта чуюць словы падзякі такія падзвіжнікі ў іншых аўдыторыях, але прыміце, дарагія землякі, наш паклон, вялікую ўдзячнасць за падтрымку беларускай культуры, за цесную сувязь з Айчынай і зберажэнне беларускага духу ў розных кутках свету, за ўсё тое добрае, што вы робіце для Беларусі ў замежжы. Зала, у якой былі прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, журналісты беларускіх СМІ, актывісты нацыянальных суполак Беларусі, падтрымала яго апладысментамі.
Госць з Каўказа, намеснік старшыні Кабардзіна-Балкарскага грамадскага руху за яднанне “Сябры” г. Нальчыка Алег Федарчук расказаў, як складваецца супрацоўніцтва з мясцовымі сродкамі масавай інфармацыі. Ураджэнец вёскі Бор-Дубянец са Століншчыны задаволены тым, як ставяцца да Беларусі, беларусаў у гэтым рэгіёне Расіі. “Мы дакладна падлічылі: у Нальчыку жыве 1195 беларусаў, — гаварыў Алег Мікалаевіч. — Вядома ж, сваю газету нам не падняць, і мы актыўна супрацоўнічаем з тымі СМІ, якія ў нас ёсць, усюды нясем добрае слова пра Беларусь”.

Пра ранейшыя выдавецкія праекты, якія цяпер “перапынены, але не пахаваны назаўсёды”, гаварыў госць з Вільнюса Раман Вайніцкі, старшыня Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве. Нягледзячы на межы, якія існуюць паміж Беларуссю і Літвой, нашы людзі па-ранейшаму адчуваюць сябе братамі. Раман расказаў цікавы эпізод з візіту парламенцкай дэлегацыі Літвы ў Беларусь. Калі адзін чалавек у ліфце Нацыянальнай бібліятэкі запытаў у гасцей, адкуль яны будуць, жанчына адказала: “Мы вашы суседзі, літоўцы...”. Ён запярэчыў: “Вы не суседзі… Вы нашы родныя, нашы браты…” Жанчына, расказваючы гэта, не магла стрымаць слёз. Таму вельмі важна, каб людзі розных краін мелі як мага больш магчымасцяў пабачыць Беларусь, пагаварыць з людзьмі. Спрыяюць, казаў Раман, дыялогу паміж рознымі этнасамі, культурамі і СМІ, калі яны “аб’ектыўна, без скажэнняў, прадузятасці паказваюць жыццё”. Сёння ж не ва ўсіх краінах ёсць аб’ектыўная інфармацыя пра тое, як і чым жыве Беларусь.
— Мы арганізуем штогод дзесяткі розных культурных мерапрыемстваў, якія знаходзяць шырокі розгалас у сродках масавай інфармацыі, — прадоўжыў размову прафесар з Беластока Базыль Сегень, намеснік старшыні галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. Ён і сам далучаны да выдавецкіх справаў, рэдагуе штогоднік “Беларускі каляндар” і матэрыялы міжнародных канферэнцый «Шлях да ўзаемнасці». А знакавыя для суайчыннікаў справы — фестывалі “Беларуская песня”, “Белавежскае Купалле”. І Свята беларускай культуры, ці Музычныя дыялогі над Бугам — у іх польскі бок выступае як суарганізатар. Б.Сегень падзякаваў за дапамогу нашай краіне ў гэтых справах, найперш яна ідзе ад Культурнага цэнтра Беларусі ў Беластоку. “Мы прэзентуем нашу культуру не толькі на Беласточчыне, але і па ўсёй Польшчы”, — казаў Базыль.
Сваю нішу на інфармацыйным полі займае праваслаўная радыёстанцыя “Радыё Артадоксія” з Беластока. Яе дырэктар, айцец Ян Койла, удакладніў: “беларускі перыяд” у іх толькі пачынаецца, хоць вяшчанне па-польску ідзе гадоў сем. І калі радыё стала папулярным, з’явіліся прапановы ад беластоцкіх жыхароў: хочам слухаць вас і на роднай беларускай мове, расказвайце пра жыццё ў Беларусі. Там, патлумачыў Ян, жыве каля 30 тысяч беларусаў. Айцец Ян спадзяецца, што вяшчанне будзе больш змястоўным, калі сумесна з беларускімі журналістамі рабіць культурныя, сацыяльныя праграмы, нават урокі беларускай мовы. А палітыку, гаварыў, “мы прымешваць не будзем, бо справа царкоўная — спрыяць пашырэнню духоўнасці, наладжваць паразуменне паміж людзьмі”.
Пра тое, як будуюцца стасункі са СМІ, пра ўласныя выданні расказвалі на круглым стале і лідары этнічных суполак у Беларусі — армянскай, украінскай, яўрэйскай, літоўскай, польскай. А першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, якая ўдзельнічала ў рабоце круглага стала, “тэрыторыяй дыялогу” назвала стэнд “Беларуская дыяспара. Нацыянальныя супольнасці” на выставе “СМІ ў Беларусі”. Дыялог, нагадаем, вялі айчынныя выданні і тыя, што выходзяць за межамі краіны, а таксама людзі, якія іх выпускаюць. “Гэта тыя інфармацыйныя масткі, якія дазваляюць нам адчуваць пульс жыцця нашых суайчыннікаў за мяжой, а яшчэ — пульс жыцця нашай краіны”, — удакладніла Лілія Ананіч. Яна станоўча ацаніла вынікі конкурсу па асвятленні жыцця дыспары, нацыянальных супольнасцяў у Беларусі, на які сёлета было пададзена амаль 50 заявак ад рэдакцый, тэлестудый, асобных журналістаў, павіншавала дыпламантаў конкурсу. І прапанавала ўсім суайчыннікам паўдзельнічаць у новым конкурсе “Не мінчане — пра Мінск”, які праводзяць сумесна часопіс “Журналист” і агенцтва “Минск-Новости”.
Дыялог адбыўся — і ён жа прадаўжаецца, бо пасля круглага стала яго ўдзельнікі абменьваліся адрасамі электроннай пошты, прапаноўвалі тэмы для публікацый. І гэта, вядома ж, умацоўвае “беларускі мацярык” у моры іншых этнасаў.
Іван Ждановіч