На Кангрэсе беларусістаў узгадалі Някляева
У Менску сёньня адкрыўся V Міжнародны кангрэс беларусістаў. На ім сабраліся дасьледчыкі літаратуры, культуры, гісторыі з усіх краін сьвету — больш за 170 удзельнікаў, сярод якіх — навукоўцы з Польшчы, Нямеччыны, Украіны, Літвы, Расеі, ЗША, Аўстрыі, Швэйцарыі, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Нарвэгіі.
Пасьля пленарнага паседжаньня да ўдзельнікаў зьвярнуўся прадстаўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», які паведаміў, што затрыманы Ўладзімер Някляеў і заклікаў падтрымаць яго, выказаць салідарнасьць.
Ангельскі дасьледчык культуры Арнольд МакМілін свой выступ аб стане сучаснай беларускай літаратуры вачыма замежніка прысьвяціў Някляеву.
Тым часам у фае будынка, дзе адбываецца кангрэс, праходзіць збор подпісаў, арганізаваны актывістамі кампаніі «Гавары праўду!», за перайменаваньне вуліцаў імём Васіля Быкава. Удзельнікі мерапрыемства ахвотна падпісваюцца.
Радыё Свабода