Лукашэнка: Там, дзе з дзяцінства прыцягваюць да працы, догляду жывёлы менш праблем з п’янствам
Пытанне развіцця асабістых падсобных гаспадарак «неаднаразова ўзнімалася прэзідэнтам». Упершыню яно было разгледжана ў 2000 годзе. Развіццё сялянскіх (фермерскіх) і асабістых падсобных гаспадарак увайшло асобным кірункам у Дзяржаўную праграму адраджэння і развіцця вёскі на 2005—2010 гады.
Аднак, «нягледзячы на ўсе прынятыя меры, становішча спраў у гэтым сектары эканомікі стабільна пагаршалася». Гэта катэгорыя гаспадарак «іграе значную ролю ў забеспячэнні харчовай бяспекі краіны, занятасці насельніцтва, служыць дадатковай крыніцай даходаў сельскіх жыхароў».
Выкарыстоўваючы крыху больш як 11% сельскагаспадарчых зямель, грамадзяне ў асабістых падсобных гаспадарках вырабляюць каля 30% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі.У гэтых гаспадарках вырошчваюцца найбольш працаёмкія культуры — бульба (88% агульнага збору), агародніна (80%), плады і ягады (больш за 90%).
Колькасць асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, якія пастаянна жывуць у сельскай мясцовасці, няўхільна памяншаецца: у параўнанні з 2000 годам іх стала менш на 175 тыс., або на 14%. Гэта тэндэнцыя характэрная для ўсіх абласцей.
На думку Лукашэнкі, такія гаспадаркі выконваюць і важную выхаваўчую функцыю: «Жыццё паказвае: там, дзе з дзяцінства прыцягваюць да працы, догляду жывёлы і агародніцтва, там менш праблем з п’янствам і іншымі негатыўнымі з’явамі».
Лукашэнка лічыць, што нельга на 100% пагадзіцца з меркаваннем, што аб’ектыўнымі прычынамі спаду з’яўляюцца скарачэнне колькасці сельскіх жыхароў, старэнне сялян, нежаданне моладзі абзаводзіцца падсобнай гаспадаркай.«Справа не столькі ў аб’ектыўных прычынах, колькі ў абыякавым, дакладней, у нядбайным стаўленні ў першую чаргу з боку мясцовых улад да клопатаў людзей, якія вядуць падсобныя гаспадаркі, — сказаў Лукашэнка. — Практычна ўсё кінута на самацёк, маўляў, выжывуць — дык выжывуць, а не — дык не, за прыватнікаў, здаецца, мы не ў адказе. Так нікуды не варта».
Ён пагадзіўся з неабходнасцю распрацоўкі праграмы па падтрымцы і развіцці асабістых падсобных гаспадарак да 2015 года. Аднак, падкрэсліў Лукашэнка, «гэта павінна быць вельмі зразумелая, даступная і кароткая праграма, дзе будзе вызначана яшчэ раз, што такое асабістая падсобная гаспадарка, якія льготы, прывілеі і падтрымка, але ні ў якім разе не ўтрыманства». У дакуменце таксама будуць вызначаны адказныя за яе рэалізацыю: кіраўнікі гаспадаркі, сельсавета і райвыканкама.
БелаПАН