Белдзяржцырк завяршае сезон экзотыкай і рыхтуецца да пераезду
21 мая сталічны цырк запрашае гледачоў на новую праграму "Міжнародны цырк экзотыкі". Паколькі гэта апошняя прэм'ера не толькі ў сезоне, але і на "палявой" пляцоўцы цырка-шапіто, артысты абяцаюць паказаць усё самае цікавае, яркае і разнастайнае. Напрыклад, адной з "разынак" праграмы стане выступленне патомнага клоўна з Германіі, рускага па паходжанні, таму яго жарты для беларускай публікі будуць блізкія і зразумелыя. Яшчэ адна адметнасць — вялікая колькасць акрабатаў і гімнастаў, у тым ліку нумар "Крумкачы" праслаўленых беларускіх турністаў, якія ў свой час упрыгожылі мюзікл "Прарок".
Бадай, самым відовішчным (хоць і самым дарагім) абяцае быць экзатычнае шоу факіра-араба з Егіпта, чый псеўданім — Osama Dangerous ("Асама Небяспечны") — гаворыць сам за сябе. Гэты артыст за шэраг унікальных пастановак трапіў нават у Кнігу рэкордаў Гінеса. "У яго няма ілюзій, трукаў, як, скажам, у маёй прафесіі, — адзначае галоўны рэжысёр Белдзяржцырка Серж Бандарчук, — гэта сапраўдная барацьба за выжыванне: шаблі, глытанне агню, хаджэнне па шклу і г. д. Праўда, сярод нумароў у ягонай каманды ёсць шакіруючыя элементы, а ў нас усё ж асноўная публіка — маленькія дзеці, таму мы зладзім папярэдні прагон гэтага шоу, каб выключыць страту прытомнасці сярод гледачоў і магчымыя праблемы з пажарнай інспекцыяй". Усяго ж у праграме "Міжнароднага цырка экзотыкі" каля 20 нумароў на самыя розныя густы — ад гумарыстычных рэпрыз да цудаў сілы і спрытнасці, ад "прыземленых" конных скачак да палётаў пад купалам. Гэтая праграма працягнецца да канца чэрвеня.
Цяперашні намёт цырка-шапіто вернецца назад у Польшчу, але ўвогуле шапіто з беларускай прасторы не знікне — адзін з айчынных бізнэсменаў набыў новы італьянскі комплекс з вялікай глядзельнай залай і плануе ягоны пракат па рэспубліцы.
А потым... цырк рыхтуецца да пераезду: ужо ў верасні запланавана адкрыццё пасля капрамонту новага будынка, дакладней, цэлага комплексу, на які і адміністрацыя, і самі артысты ўскладаюць мноства спадзяванняў.
"У новым будынку будуць створаныя ўсе ўмовы для камфортнай работы трупы і ўсяго абслугоўваючага персаналу, — кажа Серж Бандарчук, — плануецца, што там зможа працаваць калектыў у 400—500 чалавек. У прыватнасці, пабудаваны ўжо другі, рэпетыцыйны, манеж, вакол якога размешчаны ўтульныя грымёрныя з душам, ёсць вялізная балетная зала на 300 квадратных метраў, ёсць трэнажорныя залы. А механіка асноўнай сцэны, прывезеная з Германіі і Чэхіі, дазволіць адначасова паказаць, напрыклад, цыркавое шоу на арэне, на лёдзе і на вадзе, а пры жаданні — эстраднае шоу на спецыяльнай падлозе, якая зіхаціць і пераліваецца, — уяўляеце? Я ўжо бачыў новыя крэслы — вельмі прыгожыя, аксамітныя, са зручнымі падлакотнікамі — ні ў адным цырку свету не бачыў такіх".
— У сувязі з тым, што цырк стане больш сучасным і камфортным, многія ўжо цяпер хвалююцца, што гэта адаб'ецца на цане білетаў...
— Мы неаднаразова абмяркоўвалі гэта пытанне (напрыклад, усе ведаюць, што пасля рамонту крыху падняліся цэны ў Оперным тэатры) і прыйшлі да высновы, што кардынальна цэны мяняцца не будуць. Магчыма, паспрабуем узяць сваё большай колькасцю спектакляў. Усё ж публіка, якая ходзіць у цырк, далёка не ўся належыць да катэгорыі забяспечанай. Разам з тым адзначу, што ў мінскім цырку — самыя танныя білеты ў свеце; для параўнання, на першы і апошні рад у еўрапейскіх цырках білеты каштуюць па 20—40 еўра, а ў нас самая высокая цана — 25 тысяч рублёў. Адчуйце розніцу.
— У новым будынку будзе больш месца не толькі для людзей, але, напэўна, і для артыстаў-жывёл. У сувязі з гэтым ці плануеце вы набываць новых жывёл, рыхтаваць з імі нумары?
— Ведаеце, каб сур'ёзна займацца жывёламі, патрэбны таленавітыя дрэсіроўшчыкі — калі такія аб'явяцца, натуральна, мы знойдзем магчымасці набыць тых ці іншых жывёл. Скажам, нядаўна нам прапаноўвалі двух сланоў, але мы адмовіліся, бо ў нас няма каму імі займацца. Патрэбны энтузіясты: так, адна з нашых дрэсіроўшчыц, Лілія Максіменка, шмат гадоў хадзіла ў цырк на вахту і літаральна прасілася, каб ёй далі магчымасць працаваць з жывёламі. І дабілася свайго — сёння яна цудоўна працуе і з сабачкамі, і на слане верхам можа праехаць... А ў перспектыве мы хацелі б займацца не з экзатычнымі, а з нашымі, беларускімі жывёламі, якія водзяцца ў нашых лясах — стварыць нумар, скажам, з совамі, бусламі, ваўкамі... Але гэта справа доўгая і карпатлівая, будзем развівацца, а там паглядзім.
— Ходзяць чуткі, што ў абноўленым цырку адкрыецца адмысловая студыя — каб улюбёным у цыркавое мастацтва на даводзілася штурмаваць вахту, а можна было адразу займацца абранай справай...
— Ведаеце, я нядаўна аб'ехаў шэраг цыркавых студый, але асабліва ўразіла адна — дзіцячая цыркавая студыя "Арэна" ў Мазыры, дзе зусім маленькія дзеці, якім 5—7 гадоў, выконвалі сапраўды прафесійныя трукі. У Белдзяржцырку таксама абавязкова будзе свая студыя, у нас ужо ёсць людзі, здольныя падрыхтаваць новае пакаленне цыркавых кадраў — думаю, запросім і педагогаў са студыі "Арэна", і ветэранаў цыркавога мастацтва з усёй Беларусі.
— Асабіста вы гатовы ўзяць да сябе вучняў?
— Я неяк рыхтаваў аднаго хлопца — паказваў трукі, даваў чытаць спецыяльную літаратуру. Але ён вельмі хацеў займацца, быў літаральна апантаны. Калі такія ахвотныя з'явяцца, з задавальненнем буду займацца.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота прадастаўлена Белдзяржцыркам.