Кіраўніцтва Рады Еўропы асудзіла вынясенне яшчэ двух смяротных прысудаў у Беларусі

Источник материала:  
18.05.2010 12:23 — Новости Общества
Як паведамлялася раней, 14 мая Гродзенскі абласны суд прыгаварыў да вышэйшай меры пакарання двух жыхароў Гродна. Яны прызнаныя вінаватымі ў забойстве з асаблівай жорсткасцю трох чалавек, разбоі з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, наўмысным пашкоджанні маёмасці і выкраданні малалетняга. Прыгавор яшчэ не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе на працягу 10 сутак.

«Гэтыя прысуды сведчаць пра неабходнасць тэрмінова аб’явіць мараторый на смяротную кару, — заявіў генеральны сакратар Рады Еўропы Турбьёрн Ягланд. — Прымяненне смяротнай кары па‑ранейшаму з’яўляецца галоўнай перашкодай у адносінах Беларусі з Радай Еўропы. Мы гатовы аказаць садзеянне ў вырашэнні гэтага пытання і дапамагчы Беларусі стаць бліжэй да стандартаў РЕ ў сферы правоў чалавека».

Адмяніць нядаўнія смяротныя прыгаворы афіцыйны Мінск таксама заклікалі старшыня Камітэта міністраў Рады Еўропы Антоніо Мілашоскі і кіраўнік Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Меўлют Чавушаглу, паведамілі ў прэс‑службе РЕ.

«Мы заклікаем прэзідэнта Лукашэнку неадкладна адмяніць два смяротныя прыгаворы, неадкладна ўвесці мараторый на смяротную кару і замяніць усе смяротныя прыгаворы на іншыя віды пакарання, каб наблізіць Беларусь да стандартаў Рады Еўропы, — гаворыцца ў сумеснай заяве Мілашоскі і Чавушаглу. — Прымяненню смяротнай кары няма месца ў пенітэнцыярнай сістэме сучаснага грамадства. Гатоўнасць неадкладна аб’явіць мараторый на смяротную кару і яе далейшая адмена з’яўляюцца найважнейшай умовай для ўступлення ў РЕ».

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, у якой дагэтуль прымяняецца смяротная кара.

У чэрвені 2009 года ПАРЕ прыняла рэзалюцыю аб вяртанні беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага ў асамблеі пры ўмове ўвядзення ў краіне мараторыя на смяротную кару. Да ўвядзення мараторыя таксама заклікае Еўрасаюз. Гэта з’яўляецца адной з умоў адмены візавых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якія ЕС прадоўжыў да кастрычніка 2010 года. 29 красавіка 2010 года ПАРЕ прыпыніла кантакты з Беларуссю на высокім узроўні ў сувязі з »недастатковым прагрэсам» краіны ў сферы адпаведнасці стандартам Рады Еўропы. Прычынай такога рашэння стала прывядзенне ў выкананне двух смяротных прыгавораў у дачыненні да 25‑гадовага Андрэя Жука і 30‑гадовага Васіля Юзэпчука. Яны былі расстраляныя ў сакавіку, нягледзячы на тое, што іх скаргі знаходзіліся на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека.


Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

←Цены на вторичном рынке жилья в Минске продолжают падать

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика