У Мінску абмяркуюць становішча латышоў у Беларусі і беларусаў у Латвіі
Як паведаміла прэс‑служба апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, на сустрэчы будуць абмеркаваны пытанні, што тычацца становішча латвійскай нацыянальнай супольнасці на тэрыторыі Беларусі і беларусаў у Латвіі, развіцця ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў дзвюх краін у гэтай сферы, а таксама аказання падтрымкі суайчыннікам з боку ведамстваў.
У Беларусі жыве прыкладна дзве тысячы латышоў. Створана грамадскае аб’яднанне »Саюз латышоў Віцебскай вобласці «Даўгава». Пры аб’яднанні дзейнічае школа выхаднога дня, дзе вывучаюць нацыянальную мову, гісторыю і культуру Латвіі. У Латвіі жыве прыблізна 90 тысяч беларускіх суайчыннікаў. Створаны Саюз грамадскіх аб’яднанняў беларусаў Латвіі, які аб’ядноўвае 12 рэгіянальных арганізацый беларусаў. Пры большасці беларускіх арганізацый створаны творчыя калектывы. Дзейнічае Рыжская асноўная беларуская школа. Дзейнасць арганізацыі асвятляецца на старонках газеты беларусаў Латвіі «Прамень».
Творчыя нацыянальныя калектывы Латвіі і беларускіх суайчыннікаў Латвіі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і гасцямі розных фестываляў і святаў у Беларусі, у тым ліку Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне, міжнароднага фестывалю »Славянскі базар у Віцебску», міжнароднага рэгіянальнага фестывалю »Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» ў Віцебскай вобласці.
БелаПАН