13‑ты з’езд Партыі БНФ пройдзе 29 мая

Источник материала:  
14.05.2010 16:51 — Новости Общества
Нечарговы, 13‑ты, з’езд Партыі БНФ пройдзе 29 мая ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода, паведаміў лідэр партыі Аляксей Янукевіч. Паводле яго слоў, дазвол Мінгарвыканкама на правядзенне з’езда ўжо атрыманы.

Галоўнае пытанне, якое выносіцца на з’езд, — вызначэнне фармату ўдзелу партыі ў прэзідэнцкіх выбарах 2011 года. У прыватнасці, зазначыў Янукевіч, з’езд павінен вызначыцца, ці трэба партыі вылучаць свайго прэтэндэнта або сумесна з іншымі палітычнымі структурамі падтрымліваць на прэзідэнцкіх выбарах адзінага дэмакратычнага кандыдата.

Частка членаў Партыі БНФ прыняла рашэнне адмовіцца ад удзелу ў з’ездзе. Як паведаміў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі партыі Віктар Івашкевіч, іх не задавальняюць квоты і механізм вылучэння дэлегатаў на з’езд, якія не даюць магчымасці некаторым членам партыі ўплываць на яго рашэнні.

У адпаведнасці з рашэннем сойма Партыі БНФ ад 18 красавіка пераважнае права на ўдзел у з’ездзе будуць мець члены партыі, якія бралі ўдзел у мясцовых выбарах у якасці кандыдатаў у дэпутаты. У прыватнасці, ім дадзена права запрасіць на з’езд трох чалавек, якія бралі актыўны ўдзел у іх выбарчай кампаніі.

«Мы будзем лічыць мерапрыемства 29 мая сходам асобных членаў Партыі БНФ. Іх рашэнні, у тым ліку наконт падтрымкі на прэзідэнцкіх выбарах таго ці іншага кандыдата, мы не будзем лічыць абавязковымі для сябе», — сказаў Івашкевіч.

Янукевіч звязвае канфлікт у партыі з пазіцыяй папярэдняга намесніка старшыні Вінцука Вячоркі. «Ён дагэтуль не можа прыняць легітымнае рашэнне з’езда аб новым кіраўніцтве. Ён хацеў выкарыстаць правядзенне з’езда для ўзяцця рэваншу», — заявіў Янукевіч.

Палітык таксама падкрэсліў, што аб расколе ў партыі размова не ідзе. Паводле яго слоў, аб канфлікце «ўсе забудуць праз некалькі тыдняў пасля правядзення з’езда».

Івашкевіч не пагадзіўся з пазіцыяй Янукевіча наконт спробаў узяць рэванш з боку папярэдняга кіраўніцтва Партыі БНФ.

«Гэта няпраўда. Мы не ставім пытанне пераабрання кіраўніцтва партыі, выхаду з яе, стварэння альтэрнатыўнай партыі, — сказаў ён. — Але ў сувязі з тым, што Янукевіч не хоча кансультавацца з часткай членаў партыі, мы лічым магчымым самастойна вызначыцца наконт нашага ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах і падтрымкі таго ці іншага кандыдата».


БелаПАН

←Синоптики обещают на выходных теплую погоду с короткими дожди

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика