Стартаваў конкурсны этап фестывалю беларускамоўнай рэкламы «Adnak!»
Як паведаміла 13 мая на прэс‑канферэнцыі каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская, беларускамоўная рэклама павінна быць больш запатрабаванай, у першую чаргу ў асяроддзі саміх вытворцаў і заказчыкаў рэкламы. «Летась сумесна з аксіяметрычнай лабараторыяй «НОВАК» і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (Літва) мы правялі сацыялагічнае апытанне, вынікі якога карысныя нашым рэкламістам. 70% апытаных хацелі б бачыць рэкламу з беларускім кантэкстам: з выкарыстаннем беларускіх сімвалаў, гісторыі, культуры. 40% хацелі б бачыць рэкламу на беларускай мове. На жаль, наша рэкламная індустрыя пакуль не дае такой магчымасці», — заявіла Макоўская.
Паводле яе слоў, «рэклама — гэта частка інфармацыйнага поля». «Правядзенне такога фестывалю — адказ на запыты грамадства», — адзначыла Макоўская.
Кіраўнік рэсурсу marketing.by Сяргей Скараход паведаміў, што мэта фестывалю — сабраць усе рэкламныя работы, зробленыя на беларускай мове за апошнія тры гады. «Мы не ставілі жорсткіх умоў удзелу ў фестывалю, напрыклад такіх, як на фестывалі рэкламы «Белы квадрат». У адрозненне ад «Квадрата», удзел у фестывалі бясплатны. Удзельнікамі могуць быць усе: як прафесійныя гульцы рэкламнага рынку, так і фрылансеры, персанальныя аўтары, грамадскія аб’яднанні», — сказаў Скараход.
Паводле яго слоў, склад журы яшчэ не сфарміраваны, аднак у яго ўвойдуць не толькі спецыялісты ў галіне рэкламы, але і прадстаўнікі іншых прафесій: рэжысёры, дызайнеры, інтэрнет‑дызайнеры і інш. Журы ў кожнай катэгорыі будзе самастойна выбіраць крытэрыі, па якіх будзе судзіць работы, адзначыў Скараход.
У рамках фестывалю прадугледжана некалькі намінацый. Гэта тэлевізійная і кінарэклама, друкаваная і знешняя рэклама, дызайн (паштоўкі, календары, буклеты, лагатыпы, фірменны стыль), інтэрнет‑рэклама (банеры, прома‑сайты, інтэрактыўныя праекты), радыё‑ або аўдыёрэклама.
Усе пераможцы атрымаюць у якасці прыза статуэткі і дыпломы.
Сяргей Пульша, БелаПАН.