У Мінску развітваюцца з ратавальнікамі, якія загінулі падчас пажару 11 мая

Источник материала:  
13.05.2010 15:25 — Новости Общества
Грамадзянская паніхіда, якая пачалася апоўдні, прайшла ў Мінскім гарадскім упраўленні МНС.

Развітацца з загінулымі ратавальнікамі прыйшлі супрацоўнікі падраздзяленняў МНС з Мінска і рэгіёнаў Беларусі, а таксама шматлікія цывільныя асобы. У двары гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях прыспушчаны дзяржаўны сцяг і сцяг МНС, прыбраныя жалобнымі стужкамі. З размешчаных у двары ангараў выведзена тэхніка МНС, побач з ёй выстраены дзяжурныя змены ратавальнікі. Дзяжурыць некалькі брыгад хуткай дапамогі.

Як паведаміў БелаПАН прэс‑сакратар МНС Віталь Навіцкі, загінулыя ратавальнікі будуць пахаваныя на Усходніх (Маскоўскіх) могілках Мінска. Раней называліся Кальварыйскія могілкі.

Супрацоўнікі МНС Вадзім Лесік, Дзмітрый Лоўдар, Андрэй Мухін і Юрый Сысой загінулі 11 мая падчас тушэння пажару ў складскім памяшканні ААТ «Мінскі завод вылічальнай тэхнікі» (МЗВТ).

Яшчэ чацвёра ратавальнікаў былі шпіталізаваныя з апёкамі, пераломамі, атручэннем чадным газам і прадуктамі гарэння. На дадзены момант яны ідуць на папраўку.

Следчым аддзелам папярэдняга расследавання Фрунзенскага РУУС Мінска распачата справа па ч. 3 арт. 304 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека).

Журналістам паведамілі, што найбольш верагоднай прычынай пажару стала правядзенне зварачных прац у цаху, размешчаным па суседстве са складам, аднак разглядаюцца і іншыя версіі ўзнікненні пажару. Сем’ям загінулых і пацярпелых падчас пажару на МЗВТ будзе аказана матэрыяльная дапамога.


БелаПАН

←Спасателей, погибших на пожаре, похоронили в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика