Па факце пажару на Мінскім заводзе вылічальнай тэхнікі распачата крымінальная справа
Узгаранне на складзе, размешчаным на тэрыторыі МЗВТ, адбылося ў 9.05. Як паведаміў прэс‑сакратар МНС Віталь Навіцкі, склад у завода арандавала ПУП «Паліфанбай».
Першыя ратавальнікі прыбылі на месца здарэння праз тры хвіліны. У 9.55 адбылося абрушэнне даху. У гэты час два ратавальнікі знаходзіліся непасрэдна на даху, астатнія — каля ачагу ўзгарання, на пругу першага паверха будынка. Сем супрацоўнікаў МНС апынуліся пад заваламі. Чатыры з іх загінулі: два памерлі на месцы пры правядзенні рэанімацыйных мерапрыемстваў, яшчэ два — у бальніцы.
Тры ратавальнікі дастаўлены ў бальніцу хуткай дапамогі, іх стан медыкі ацэньваюць як стабільны, сярэдняй ступені цяжкасці. Паводле інфармацыі галоўнага лекара бальніцы Віктара Сірэнкі, узрост пацярпелых — ад 20 да 40 гадоў.
«У іх тыповыя для такіх выпадкаў пашкоджанні — апёкі, атручэнне чадным газам, пашкоджанне скурнага покрыва, пераломы касцей», — паведаміў медык.У бальніцы знаходзіцца яшчэ адзін супрацоўнік МНС — ён атруціўся прадуктамі гарэння.
Пажар ліквідавалі ў 11.38. У яго тушэнні былі задзейнічаны 105 чалавек і 25 адзінак тэхнікі МНС.
Як паведаміў журналістам выканаўца абавязкаў начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Руслан Ліхаманаў, найбольш верагоднай прычынай узгарання на складзе МЗВТ стала правядзенне зварачных работ у суседнім цэху. Аднак разглядаюцца і іншыя версіі ўзнікнення пажару.
Створана група па аказанні псіхалагічнай і іншай дапамогі пацярпелым. «У адпаведнасці з заканадаўствам ратавальнікі праходзяць абавязковае страхаванне, але ім будзе аказана і іншая матэрыяльная дапамога», — сказаў Ліхаманаў.
БелаПАН