Міністэрства абароны: Пралёт самалётаў быў здзейснены без нюансаў і хібаў
«Не ў маіх правілах каментаваць глупствы, кімсьці прыдуманыя. Увесь пралёт паветранага эшалона быў праведзены ў адпаведнасці з заданнем без якіх-небудзь нюансаў і хібаў. Лётчыкі цалкам выканалі задачу», — пракаментаваў парталу TUT.BY прэс-сакратар міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык інфармацыю пра магчымы інцыдэнт з ваеннымі самалётам у часе параду 9 мая.
Нагадаем, што ўвечары 9 мая ў Сеціве з’явіліся відэа і фоты пралёту над Нямігай чацвёркі Су-24. На інтэрнэт-форумах відавочцы заяўляюць пра не зусім лагічныя паводзіны чацвёркі Су-24. Нібыта шыхт самалётаў у часе пралёту над Нямігай разваліўся, адзін з самалётаў аддзяліўся ад астатніх.
Гэта не першы інцыдэнт з вайсковай тэхнікай, зафіксаваны на фота і відэа, які аспрэчвае Мінабароны. Так, 6 мая ў раёне плошчы Бангалор у часе праходжання вайсковай калоны загарэлася адзінка спецтэхнікі. Фота і відэа здарэння шырока разышліся па Сеціве, аднак на наступны дзень прэс-служба Мінабароны заявіла, што «тэхніка Узброеных сілаў, што ўдзельнічала вечарам шостага мая ў генеральнай рэпетыцыі вайсковага парада ў Мінску, не гарэла».
СП