“Танец з шаблямі” і іншыя ваенныя тайны. “НГ” ужо расказвала сваім чытачам пра асаблівасці святкавання і ўзоры тэхнікі беларускага ваенпрому, на якія можна будзе паглядзець 9 Мая
Сёння ж мы крыху прыадкрыем ваенную тайну — пазнаёмім вас з галоўнымі “фішкамі” дзеі.
Па традыцыі ўпрыгожаннем парада з’яўляецца плац-канцэрт роты ганаровай варты. Феерычнае шоу роты ганаровай варты адбудзецца напрыканцы праграмы (прыкладна ў 12.40). Паказальны нумар працягнецца каля 8 хвілін. У параўнанні з мінулым годам час, калі майстры страявой падрыхтоўкі будуць дэманстраваць сваё ўменне валодаць зброяй, спецыяльна скарочаны, каб нумар стаў больш дынамічным. Цікава, што ў гонар юбілею Вялікай Перамогі ваеннаслужачыя роты ганаровай варты ўпершыню выступяць з афіцэрскімі шашкамі. Дагэтуль яны жангліравалі толькі карабінамі. І ўсё ж першую скрыпку 9 Мая будзе іграць зводны аркестр, у складзе якога будзе 244 музыканты.— На аркестры ляжыць вялікая задача, калі ўлічыць, што мы пачынаем і заканчваем парад. І граць давядзецца амаль гадзіну. Перапынак зробім толькі, калі слова возьме Прэзідэнт краіны, — кажа кіраўнік зводнага аркестра, палкоўнік Сяргей Касцючэнка.— Усяго на парадзе мы выканаем больш за 35 музычных твораў. У асноўным гэта маршы і маршы-песні, — знаёміць з праграмай дырыжор. — З нагоды юбілею Вялікай Перамогі было вырашана адкрываць і закрываць парад “Развітаннем славянкі”. Упершыню на парадзе прагучаць “Белая Русь” Капланава і “Марш Перамогі” Раінчыка.
Прыходзьце загадзя
Як і раней, усе месцы масавых мерапрыемстваў будуць агароджаны прапускнымі пунктамі. Меры бяспекі даволі сур`ёзныя: у Дзень Перамогі за парадкам будзе назіраць 4 тысячы супрацоўнікаў сталічнай міліцыі. — Лепш за ўсё прыйсці на мерапрыемствы за гадзіну, а то і за дзве да іх пачатку, — папярэджвае першы намеснік начальніка галоўнага кіравання варты, аховы парадку і прафілактыкі МУС Беларусі Аляксандр Барсукоў. — Справа ў тым, што кожнага чалавека мы будзем правяраць металадэтэктарам, так што можа ўтварыцца вялікі натоўп перад прапускнымі пунктамі. Уявіце: у мінулым годзе на святочным салюце ля стэлы “Мінск — горад-герой” было 400 тысяч чалавек!Святочны салют у Мінску прагрыміць у шасці месцах, так што супрацоўнікі сталічнай міліцыі раяць жыхарам мікрараёнаў паглядзець светавое шоу па месцы жыхарства. Так, “выбухі” адбудуцца ў Кунцаўшчыне, на вуліцы Панамарэнкі, ля Чыжоўскага вадасховішча, а таксама на Усходзе, ля Дома міласэрнасці.— Таксама мы просім усіх пакінуць дома вялікія сумкі і іншыя непатрэбныя на мерапрыемствах рэчы, — кажа Аляксандр Барсукоў. — Не дазваляецца праносіць праз прапускныя пункты бутэлькі з напоямі. Іх можна будзе набыць у месцах святочных гулянняў, а ветэранам вада ў пластыкавых бутэльках будзе раздавацца бясплатна.