Пень адзін, а дрэў многа?

Источник материала:  

Патэлефанаваў старшыня Ляхавіцкага райсавета Яўген Юрлевіч і папрасіў, каб "Звязда" дапамагла разабрацца ў канфлікце, які ўзнік паміж СВК "Кастрычнік" і Ганцавіцкай міжрайінспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету.

Афіцыйна сутнасць праблемы заключаецца ў тым, што "ў лютым-сакавіку гэтага года работнікі СВК "Ордэна Знак Пашаны "Кастрычнік" па ўказе старшыні, не маючы лесарубнага білета, незаконна высеклі на землях сельгаскарыстання 805 дрэў розных парод агульным аб'ёмам 68 м 3?, чым нанеслі шкоду ў памеры 1045 базавых велічынь".

Сітуацыя, быццам бы, ясная. Сельгаскааператыў не ўзяў білет на высечку дрэў, а гэта значыць, што парушанае заканадаўства. Але мяне найперш зацікавіла: адкуль узялося столькі дрэў, бо на тэрыторыі СВК лесу няма, а тут аж 805 дрэў, з якіх 498 клёнаў, 85 вязаў, 70 дубоў...

Выехаў у Ляхавіцкі раён, каб на свае вочы ўбачыць тую высечку.

Аказалася, што гаспадарка ачысціла паласу ўздоўж чыгункі Баранавічы — Слуцк: дрэвы нахіліліся ў бок поля ды і разрасліся на зямлі сельгаскааператыва.

—<І> Мы навялі тут парадак, бо людзі ў гэтых пасадках пачалі скідваць смецце, — растлумачыў кіраўнік гаспадаркі Васіль Чубаў.

— Але ж існуе закон...

Ніхто не аспрэчвае, што была дапушчаная памылка — не ўзялі ў лясгасе білет на высечку дрэў, але давайце паглядзім на сітуацыю аб'ектыўна. Рашэнне выканкама сельскага Савета на вырубку было. І білет нам лясгас даў бы без праблем. Простая фармальнасць, і гэта неабходна было ўлічыць. А тут за шкоду, нанесеную прыродзе, налічылі 36 млн рублёў — гэта без штрафаў, а кошт спілаванай драўніны ацэнены ў 19 тыс. рублёў.

Калі я пабываў на месцы, дзе былі высечаныя дрэвы ды кусты і пазнаёміўся з адпаведнымі дакументамі, то прыйшоў да высновы, што рашэнне, прынятае міжрайінспекцыяй, выклікае пытанні.

Давайце паглядзім, за што можна аштрафаваць (пастанова Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 18.12.2003 г., №13):

"Пад незаконнай парубкай дрэў і хмызнякоў, якая вядзе да адказнасці па артыкуле 277 КК, неабходна разумець:

Дзеянні, накіраваныя на высечку, пілаванне, а таксама пашкоджанне да ступені спынення іх росту, без дазваляльных дакументаў ці хоць і з дазваляльным дакументам, але выдадзеным з парушэннем устаноўленага парадку, як і за высечку, якая праводзіцца не на адведзеным участку, звыш устаноўленай колькасці, не тых парод, якія ўказаны ў дазваляльным дакуменце, да і пасля ўказаных тэрмінаў, учыненых у лясах першай групы".

Тут усё ясна, а далей напісана наступнае; "Не з'яўляюцца прадметам незаконнай высечкі дрэвы і хмызнякі, якія растуць на землях гаспадарчага прызначэння (за выключэннем лесаахоўных пасадак), на прысядзібных, дачных, садовых участках, бураломныя дрэвы". І гэтая вытрымка не патрабуе тлумачэння.

Але адкуль узяліся тыя 805 дрэў? Ад спілаваных дрэў застаюцца пні, па якіх і падлічваюць нанесеную прыродзе шкоду. У нашым выпадку падлік вёўся не па пнях, а па галінах, якія раслі з таго пня. Кожная галіна пазначалася чырвонай фарбай і падлічвалася як асобнае дрэва. А ўлічваючы, што многія пні мелі па 3-11 спілаваных галінаў, то адсюль і набраліся тыя сотні дрэў.

Я не сцвярджаю, што ва ўсёй тонкасці гэтай справы разабраўся, але не ўнёс яснасці і званок выконваючаму абавязкі начальніка Ганцавіцкай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргею Бабко.

— Як магло здарыцца, што спілаваныя галіны на адным пні падлічваліся як дрэвы? Відавочна, было б справядліва прытрымлівацца іншай схемы: адзін пень — адно дрэва?

Пасля кароткай паўзы Сяргей Іванавіч адказаў:

— Мяне там не было, але ж падлік праводзіўся ў прысутнасці дыпламаваных спецыялістаў. Дарэчы, супрацоўнікі Ляхавіцкага лясгаса прымалі ўдзел у падліку, то чаму б старшыні сельгаскааператыва за тлумачэннем не звярнуцца ў лясгас?

Вось такая агульная карціна. Я думаю, што СВК неабходна аспрэчваць рашэнне міжрайінспекцыі ў судзе. І гэта адзіна правільны ход. Але не трэба рабіць націск на несправядлівасць, на жаданне навесці на зямлі парадак, на... Мне здаецца, неабходна сканцэнтраваць увагу на двух момантах.

Даказаць, што расчышчаны ўчастак з'яўляецца "зямлёй сельскагаспадарчага прызначэння" — гэта па-першае, а па-другое — патрабаваць правесці падлік спілаваных дрэў па пнях, а не галінах.

Цалкам пазбегнуць штрафу, можа, і не ўдасца, але зменшыць у разы магчымасць ёсць. Гэта вырашыць суд.

З аховай расліннага свету ёсць пэўныя праблемы. Калі нехта дужа зацікаўлены на тэрыторыі раёна спілаваць нейкія там дрэвы, то пры жаданні зрабіць гэта можна. Вось рос наводшыбе дуб, а затым знік, і ніхто не ведае, на якой мэблевай фабрыцы ён апынуўся.

Ды і каб спілаваць дрэва (як гаварылася вышэй), трэба рашэнне выканкама мясцовага савета ды білет-дазвол з лясгаса. А райінспекцыя аховы навакольнага асяроддзя тут выступае статыстам.

— Вы зразумейце, мы не Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якая мае шырокія паўнамоцтвы. Наша арганізацыя прывязаная да раёна, мясцовай улады, — патлумачыў неяк начальнік адной райінспекцыі.

патлумачыў неяк начальнік адной райінспекцыі.

І яно так. У 16 км ад Баранавіч са старой аўтамагістралі ёсць паварот на Крошын. Паўтара кіламетра дарогі абапал абсаджана таполямі. Раней дрэвы раслі ў два рады, але іх паціху пачалі спілоўваць — па некалькі дрэў, а затым дзясяткамі. На адным баку дарогі я налічыў 36 свежаспілаваных пнёў. Дрэвы абсалютна здаровыя, і я ведаю, якая арганізацыя тыя таполі валіла. Але ці мела яна дазвол ад мясцовага лясгаса на валку, то мне ўстанавіць не ўдалося. У Баранавіцкім лясгасе нічога толкам растлумачыць не маглі. Маўляў, патэлефануйце пазней, а затым ніхто не падымаў трубку.

Давялося пазваніць у Слонімскую міжрайінспекцыю, бо менавіта яна сочыць за фаўнай і флорай у Баранавіцкім раёне. Няхай іх супрацоўнікі разбіраюцца. Але ў любым выпадку варта помніць пра закон..

Сымон Свістуновіч, Ляхавіцкі раён.

Ляхавіцкі раён.

←Лукашенко предложил амнистировать к Дню Победы три тысячи человек

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика