Бальшавікі адсвяткавалі 1 траўня
Удзельнікаў першатравеньскага шэсця было няшмат – каля 60-ці чалавек. Нягледзячы на гэта, яно было выразна падзеленае па ўзроставай прыкмеце. Узначальвала калону старая гвардыя з партрэтамі Леніна і Сталіна, чырвонымі расцяжкамі ды гармонікам, а замыкала маладая бальшавісцкая генерацыя – нацболы.
Першыя па дарозе ў парк Дружбы народаў спявалі старыя савецкія песні ды размаўлялі паміж сабой, а вось нацыянал-бальшавікі разнастайнымі спосабамі імкнуліся прыцягнуць ўвагу. Галоўным чынам з дапамогай лозунгаў:
«Адабраць і падзяліць!», «Буржуяў на нары, рабочых на Канары», «Бог загадаў дзяліцца!». Былі і больш радыкальныя, кшталту «Нашы Мігі сядуць у Рызе, нашы танкі зноўку ў Празе!», «Мы маньякі, мы дакажам» ды «Пытаць і вешаць, вешаць і пытаць».Што збіраліся даказваць нацболы, не ўдакладнялася. Як засталося таямніцай, каго ж нацыянал-бальшавікі збіраюцца пытаць і вешаць.
Не праяснілася гэта і на Бангалоры, дзе прайшоў непрацяглы 25-ці хвілінны мітынг. Спачатку выступалі прадстаўнікі незарэгістраванай Беларускай камуністычнай партыі працоўных і Усесаюзнай партыі бальшавікоў, затым на сцэне з’явіліся беларускія нацыянал-бальшавікі.
У сувязі з тым, што нагодай для правядзення мітынгу было 1 траўня, выступоўцы ў сваіх прамовах дружна накінуліся на кантрактную сістэму і безабароннасць працоўных перад наймальнікамі. Выступы нагадвалі лепшыя ўзоры сацыялістычнага аратарскага майстэрства горшых часоў.
«Кантрактная сістэма – гэта дубіна для рабочага класа», «Мы заклікаем свабодалюбівыя народы паўстаць супраць амерыканскага імперыялізму» – падобнымі тэзамі былі напоўненыя палымяныя звароты аратараў да тых некалькіх дзесяткаў чалавек, што здолелі дайсці да месца правядзення мітынгу.Больш канкрэтным аказаўся выступ нацыянал-бальшавікоў. Яны выказалі сваю незадаволенасць палітыкай беларускіх уладаў, заявіўшы, што ў Беларусі «чалавек сёння -- раб» і заклікалі да правядзення супольных акцый і дэманстрацый. «Толькі супольнымі шматлюднымі акцыямі мы зможам дамагчыся ўплыву ў Беларусі», – скончыў свой выступ прадстаўнік беларускіх прыхільнікаў Эдуарда Лімонава.
Напрыканцы прысутныя адзінагалосна прынялі рэзалюцыю аб салідарнасці усіх левых сіл Беларусі ў барацьбе з антычалавечным курсам і новым амерыканскім неафашысцкім рэжымам, асудзілі нежаданне мінскіх уладаў вярнуць у горад помнік Сталіну і раскрытыкавалі ідэю расійскіх уладаў правесці парад на Чырвонай плошчы супольна з прадстаўнікамі войскаў саюзнікаў у ІІ Сусветнай вайне.
«Адправім глабальны капіталізм на свалку! За сацыялістычную Беларусь! Ура, таварышы!!!» – гучна крычалі нешматлікія бальшавікі ў парку Дружбы народаў, выклікаючы непрыхаваны смех ў мінакоў.Нават у сённяшняй Беларусі, якую пры ўсім жаданні нельга абвінаваціць ва ўдзеле ў сусветнай капіталістычнай змове, падобныя лозунгі выклікаюць адно смех.
АП, фота ЮД