Крымінальная адказнасць за выказванні ў інтэрнэце?

Источник материала:  
30.04.2010 12:30 — Новости Общества

12-га лютага 2009 г. сайт «Хартыя 97» змясціў ліст палкоўніка Іллі Рыжанкова, кіраўніка Савета воінаў-інтэрнацыяналістаў узброеных сіл РБ, які быў надрукаваны ў газеце Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі «Беларусь Сегодня». У сваім лісце І.Рыжанкоў гнеўна асуджаў учынак групы аўганцаў, якія адмовіліся атрымаць юбілейны ўзнагароды «20 гадоў вываду войск з Аўганістану». Сярод іх былі старшыня аргкамітэта па стварэнні Аб"яднання ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны» Аляксандр Камароўскі, арыштаваны лідэр прадпрымальнікаў, палітзняволены Мікалай Аўтуховіч і праваабаронца Алег Воўчак. Аб сваім рашэнні адмовіцца ад узнагарод яны паінфармавалі асабіста Аляксандра Лукашэнку.

Перадрук выклікаў бурную рэакцыю чытачоў сайта. Пад артыкулам з’явіліся, далікатна кажучы, не зусім карэктныя каментары. Менавіта яны сталі прадметам зацікаўлення Генеральнай пракуратуры. Была ўзбуджаная крымінальная справа па факце паклёпу ў каментарах, у якіх Генеральная пракуратура ўгледзела «абразу і паклёп».

Як стала вядома на прэс-канферэнцыі, якую 29-га красавіка правялі Н.Радзіна, С.Калінкіна, М.Коктыш і І.Халіп,

на допыты ўжо выклікаліся сустаршыні рэспубліканскага грамадскага аб"яднання ветэранаў вайны ў Аўганістане «Абаронцы Айчыны» Алег Воўчак і Аляксандр Камароўскі.

Пакуль яны праходзяць па гэтай справе ў якасці сведкаў.

Пакуль невядома, якім чынам Генеральная пракуратура збіраецца выстаўляць абвінавачанні па гэтай справе – устанавіць аўтарства каментароў на сайце «Хартыя 97» будзе даволі складана. Нават у суседняй Расіі з рэдакцый знятая адказнасць за змест каментароў чытачоў, ня кажучы ўжо пра Еўропу і ЗША. У выніку крымінальная адказнасць можа быць перакладзеная на тых, хто каментары прымаў – рэдакцыю «Хартыі 97».

Наталля Радзіна, журналіст гэтага інфармацыйнага сайта, так пракаментавала новую крымінальную справу: «Гэта беспрэцэдэнтны выпадак. Інтэрнэт – на сёння адзіная крыніца праўдзівай інфармацыі пра сітуацыю ў краіне.

Акрамя таго, інтэрнэт ва ўсім свеце не толькі інфармуе, але і мобілізуе людзей напярэдадні выбарчых кампаній. Гэтага ўлады відавочна спалохаліся. Ніякай нецэнзурнай лаянкі ў каментарах не было. Было агульнае абурэньне «ганенню» у дзяржСМІ прынцыповых людзей»

.

Юрыст і медыяэксперт Андрэй Бастунец лічыць, што ўзбуджэнне новай крымінальнай справы не з’яўляецца ціскам выключна на саюз «Абаронцы Айчыны» і сайт «Хартыя 97». «Ціск на «Хартыю 97» і узмацненне ціску на незалежныя інтэрнэт-рэсурсы – гэта ўзаемазвязаныя рэчы. Улады пачынаюць ціснуць на найбольш папулярныя рэсурсы, выкарыстоўваюць зручныя моманты для гэтага. Ахвярамі становяцца тыя, хто выклікае найбольшую незадаволенасць ва ўладаў.

Думаю, што ўзбуджэнне крымінальнай справы праз каментары да інтэрнэт-публікацыі не варта лічыць нечым нечаканым. Такія магчымасці закладзеныя ва ўказе Лукашэнкі нумар 60, які наўпрост датычыцца рэгулявання інтэрнэту. Аднак рэгуляванне існуе і незалежна ад гэтага ўказа.

У нашых умовах усё можа стаць прэцэдэнтам, любыя дзеянні ўладаў», -- так ён пракаментаваў «НН» сітуацыю.


Алесь Пілецкі

←В общественном транспорте Вильнюса используют новые способы борьбы с зайцами

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика