Ірына Халіп: Ідзе вайна супраць журналістаў
Як адзначыла С.Калінкіна, следчым не ўдалося знайсці у канфіскаваных камп’ютарах інфармацыі, што б сведчыла аб яе датычнасці да публікацый на сайце «Хартыя-97» і так званага паклёпу на І.Каржа. Аднак тэхніку і носьбіты інфармацыі не вярнулі, патлумачыўшы, што яна патрэбная для далейшага следства.
«Я лічу, што знойдзена падстава, маргінальная падстава, націснуць на мяне і на маіх калег, што таксама працуюць над гэтымі гучнымі тэмамі.Нас хочуць дыскрэдытаваць, знайсці нейкую інфармацыю аб нас напярэдадні выбарчай кампаніі. Толькі наша агульная салідарнасць дапаможа ў гэты момант», -- адзначыла Святлана Калінкіна.
Ірына Халіп дапоўніла выказванні Калінкінай, заявіўшы, што распачалася вайна на знішчэнне незалежных журналістаў. «Ідзе вайна супраць журналістаў, супраць незалежных сайтаў.
Нас забіваюць. Пакуль стараюцца зрабіць гэта прафесіянальна, дэмаралізаваць нас. Але хутка, магчыма, нас пачнуць забіваць фізічна. Вось такія ў нас цікавыя часы надыходзяць», -- распавяла І.Халіп.Журналістка выказала незадаволенасць афіцыйнай рэакцыяй ЕС на сакавіцкія падзеі і канфіскацыю тэхнікі ў журналістак: «Рэакцыя была такой, што лепш бы яе не было ўвогуле».
Наталля Радзіна таксама паведаміла аб новай крымінальнай справе, усчатай рэспубліканскай пракуратурай. Прычынай стала публікацыя на сайце «Хартыя-97» каментароў да перадруку з газеты «Беларусь Сегодня» артыкула Іллі Рыжанкова.
«Гэта першы такі выпадак у гісторыі нашай краіны» – адзначыла Н.Радзіна.Раней пракуратура цікавілася выключна самімі артыкуламі, не закранаючы каментароў.
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец назваў склаўшуюся сітуацыю недапушчальнай і заклікаў да салідарнасці ўсіх незалежных журналістаў. А.Бастунец таксама прапанаваў два шляхі вырашэння праблемы – пісаць скаргі ва ўсе існуючыя інстанцыі (адзначыўшы пры гэтым, што такі крок наўрад ці будзе мець вынік) і публікаваць як мага больш поўную інфармацыю, каб прыцягнуць увагу грамадскасці.
АП, ЮД