І ўюны — наша багацце

Источник материала:  

Калісьці ўюноў у нас хапала, і ў тыя часы яны нават не лічыліся сур'ёзнай рыбай. А пасля асушэння балот колькасць уюноў рэзка знізілася. Тым не меней, у некаторых месцах Палесся яны яшчэ не перавяліся.

Зноў даводзіцца ўспамінаць дзяцінства, калі, узяўшы сетку-таптуху, бег за вёску на тарфяныя ямы таптаць уюноў. Бывала, падымеш сетку, а яны круцяцца, і ўхапіць не заўсёды ўдавалася. Прыносіў дамоў, кідаў у міску і пасыпаў соллю — на ўюнах луска не бачная і іх не чысцяць, як звычайную рыбу. Уюны ў солі пачынаюць круціцца і ачышчаюцца ад руды — становяцца светлымі. Зараз бы, вядома, так не рабіў.

І ўюны — наша багаццеНекалі ўюноў было процьма, і мужыкі, здаралася, бралі іх вёдрамі. Торф, іл і ціна для ўюна — найлепшае месца, а вось у рэках з праточнай вадой яны сустракаюцца рэдка.

Балоты Палесся можна лічыць радзімай уюноў, бо ў Заходняй Еўропе іх мала, няма на поўначы Расіі і ў Сібіры... Напрыклад, у Англіі — увогуле не ведаюць, што ёсць такая рыба, тое ж самае можна сказаць і пра Каўказ. Адным словам, уюноў можна лічыць нашай нацыянальнай рыбай.

У першай палове XX стагоддзя на Палессі сушаных уюноў прадавалі вязанкамі. Хачу звярнуць увагу на адзін момант.

Рачных ракаў наш чалавек таксама не дужа любіў, а пазней іх пачалі лавіць да піва ды ў рэстаранах падаваць як далікатэс. Тое ж самае можна сказаць і пра ўюноў. Іх мяса асаблівае і адрозніваецца ад іншай рыбы. Яно ружаватае, вельмі тлустае, мяккае і саладкаватае. Праўда, крыху аддае цінай, але калі ўюноў нядоўга патрымаць у праточнай вадзе, то пах знікае. З уюноў атрымліваецца добрая юшка, а сушаныя, смажаныя (на сале) і вэнджаныя — смаката.

І наш чалавек гэта ўжо зразумеў. Мяне да напісання артыкула падштурхнуў факт браканьерства ("Звязда" інфармацыю давала), калі на балоце каля в. Малькавічы супрацоўнікі Ганцавіцкай раённай інспекцыі аховы прыроды затрымалі браканьераў, якія ў час нерасту забароненымі прыладамі лавілі ўюноў. На іх выйшлі раніцай, калі браканьеры ўжо выцягнулі ўлоў. У торбе аднаго было 50 уюноў, а ў мяху другога — 422. Улічыўшы, што шкода прыродзе нанесена ў буйным памеры, на месца затрымання былі выкліканы супрацоўнікі міліцыі.

Дарэчы, у нашай газеце ў некалькіх нумарах вялася палеміка наконт дазволу лоўлі рыбы народнымі рыбалоўнымі прыстасаваннямі. Дык вось уюны якраз народным спосабам і былі адлоўленыя, бо плеценым з ракіты "кашом" іх лавілі спрадвеку.

Сваю думку наконт гэтага выказаў і начальнік Ганцавіцкай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксей Сызранцаў:

— Даць дазвол на такую лоўлю, то з гэтага нічога добрага не будзе. Наш чалавек не мае меры. Дай яму волю — вытапча ўсё жывое, і гаварыць пра біялагічную разнастайнасць ужо не давядзецца. А кожная істота мае права на існаванне.

Уюн — рыба невялікая. Калі ўдалося злавіць памерам у 25-30 см, то гэта ўдалая рыбалка. Браканьеры ж бяруць і драбнату, якой расці ды расці. І хоць уюн адкладвае прыкладна 150 тысяч ікрынак, але для гэтага ён павінен вырасці — дасягнуць палавой спеласці. Але ў таго, хто ловіць рыбу падчас нерасту, аб гэтым галава не баліць. Штраф за браканьерства вялікі. Нават за самага дробнага ўюна давядзецца заплаціць 10 500 рублёў, а калі тых уюноў 422, то набяжыць салідная сума.

Толькі мяне больш цікавяць уюны, чым браканьеры.

Жывучасць уюноў здзіўляе. Летам часта невялікія сажалкі і балотцы перасыхаюць. Уся рыба застаецца на паверхні і гіне ці трапляе на абед буслам ды чаплям, а ўюны выжываюць. Даводзілася адкопваць іх з гразі рыдлёўкай. Зарываюцца на глыбіню 20-40 см і жывуць.

А яшчэ ўюны прадказваюць надвор'е. Жывуць яны на дне вадаёмаў, а на паверхні з'яўляюцца напярэдадні непагадзі. Уюны на паверхні вады — чакай навальніцы.

Рыба лічыцца нямой, а ўюн падае голас — пішчыць. Відавочна, гэта звязана з тым, што ён здольны заглытваць паветра і прапускаць праз нутро.

На Палессі ўюноў можна купіць па цане дробнага карпа — 3500 рублёў за кілаграм. Але кошт гэтай рыбы быў бы ў разы большы, калі б...

Вось заходжу ў магазін і ў гарэлачным аддзеле прадаецца піва на разліў. Аматары стаяць уздоўж сцяны, пацягваюць напой і прыкусваюць сушанымі кальмарамі, корушкай... Пакецікі з гэтымі прысмакамі ляжаць на вітрыне па цане 2 тысячы за пакецік. Хто паспытаў таго кальмара, ведае, што гэта такое — ніякага смаку. Нешта сярэдняе паміж карой і гумай. А каб у тым жа пакеціку ляжаў сушаны ўюн, то хто глядзеў бы на тых кальмараў ды корушак!

Ды не толькі нашым аматарам піва падсолены ўюн прыйшоўся б па смаку, магчыма, у Празе ці ў лонданскіх пабах пілі б піва з палескімі ўюнамі. Хто думаў, што на слімаках з нашых старадаўніх паркаў можна рабіць бізнэс?

Але ці можна параўнаць уюна са слімаком? Дай першаму добрую рэкламу і... але спачатку неабходна наладзіць развядзенне гэтай рыбы, а калі цягаць яе з балота ды яшчэ ў перыяд нерасту,то будзе тое самае, што са слімакамі — знікнуць. Ухапіць дармавога можна раз, другі... Але сёння патрэбен сучасны падыход.

Вось у рыбным аддзеле магазіна ляжыць прадукцыя з Кітая. Тоненькія лустачкі сушанай рыбы прадаюцца па 60 тыс. за кілаграм. Кітайцы стараюцца захапіць рынак і паціснуць канкурэнтаў. Нешта прыдумваюць, прапаноўваюць, наступаюць...

Неабходна перабудоўваць сваё мысленне, а мы ўсё яшчэ трымаемся за таптухі ды кашы — працягваем жыць па інерцыі. Наша зямля не бедная і, магчыма, нават лепшая, чым у некаторых еўрапейскіх краінах. Мы багатыя, але дужа кансерватыўныя. Можа, з гэтай прычыны і не едуць да нас іншаземцы паглядзець, як уюны прадказваюць навальніцу?

"Для кожнага народа ёсць мяжа", — прачытаў у Каране (Сура 10-50).

Не хачу ў гэта верыць.

Сымон Свістуновіч.

←Burberry начинает выпускать косметику

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика