Спакойна і прадказальна
Сёлетнія выбары нічым не адрозніваліся ад выбараў у папярэднія гады. Людзі ішлі галасаваць даволі актыўна, на выбарчых участках прадаваліся розныя прысмакі, але каля сталоў асабліва народ не тоўпіўся, бо тое ж самае можна купіць у краме.
У Баранавіцкім раёне ўсе выбарчыя акругі былі аднамандатныя, а ў горадзе з 36 акруг тры — двухмандатныя. Канкурэнтаў мелі партыйныя кандыдаты. Наведаў выбарчы ўчастак №17, які знаходзіўся ў Доме культуры СВК "Крошын". На 17.30 тут ужо прагаласавала 87 % выбаршчыкаў, і на гэты час наплыву людзей не было. Пры мне зайшла даярка сельгаскааператыва Таццяна Заяц і заспяшалася:
— Дайце прагаласую, а то хутка суперлато будуць паказваць.
— Гуляеце? Шанцуе?
— Пастаянна... спадзяюся.
За каго галасавалі людзі? Большасць кандыдатаў у дэпутаты райсавета — асобы пры пасадзе: начальнікі, дырэктары, старшыні. Прыкладна такая ж сітуацыя і з кандыдатамі ў дэпутаты Баранавіцкага гарсавета. Думаю, што кіраўніку, якога ведаюць у раёне ці горадзе, прасцей перамагчы кандыдата меней вядомага, але ж калі акруга аднамандатная...
На выбарчым участку №21 (выбарчая акруга №15) у дырэктара ААТ "Баранавіцкі камбінат жалезабетонных канструкцый" Юрыя Грамакоўскага канкурэнтам быў 27-гадовы майстар БУ-127 Віталь Рыжкоў, член КПБ. Перамог з салідным адрывам дырэктар. На гэтым выбарчым участку галасавалі таксама за кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета, але падчас падліку галасоў атрымалася нестыкоўка. Бюлетэні пералічвалі тры разы. За гэтым заняткам я і пакінуў участак. Нічога непрадказальнага падчас выбараў не здарылася.
Сымон Свістуновіч.