Людзі бароняць танкі свае
Танк Т-70 у Езярышчы, такіх у свеце засталося толькі тры. |
На мінулым тыдні ў пасёлак прыехала спецыяльная тэхніка, каб дэмантаваць з цэнтральнай плошчы танк-помнік. Да 9 мая яго збіраюцца перавезці ў Віцебск, каб усталяваць на Алеі Славы.
Жыхары мястэчка хутка арганізаваліся: за дзень-два было сабрана больш за 300 подпісаў (пры агульнай колькасці насельніцтва каля 1700 чалавек, з якіх каля 1200 — дарослыя — НН). «Мы і больш сабралі б, тут любы за наш танка падпішацца, але спяшаліся, каб хутчэй яго абараніць»,— кажа мясцовы жыхар. Ён просіць не называць ягонае прозвішча, бо на зборшчыкаў подпісаў, па яго словах, ужо націснулі з раёну, заявіўшы, што справа танка кантралюецца на ўзроўні аблвыканкаму. — «Старшыня пасялковага савета сказала, што гэтае пытанне не падлягае абмеркаванню — танк у любым выпадку вывезуць з Езярышча».
Замест танка Т-70 на пастаменце збіраюцца ўсталяваць муляж гарматы, якую прывязуць з музея Міная Шмырова з Віцебска. Мясцовыя называюць гэта здзекам:
«Побач з танкам пахаваны камандзір 117-й танкавай брыгады Сямён Хайдукоў, які загінуў тут, у часе бою, вызваляючы нас ад фашыстаў. А яны хочуць над танкістам гармату паставіць!»Амаль штогод у Езярышча прыязджае дачка камбрыга, збіраецца быць тут і сёлета.
Сабраныя подпісы жыхары Езярышча перадалі ў Гарадок, Віцебск, у Адміністрацыю Лукашэнкі. «Для нас гэта святое месца. Тут усе афіцыйныя і неафіцыйныя мерапрыемствы ладзяцца — ад 9 мая, да выпускных у школе і вяселляў», — кажуць месцічы.
Акрамя таго, танк, па іх словах, выконвае і эканамічную функцыю — у пасёлку практычна больш няма нічога, што магло б прывабіць сюды турыстаў.А яны сюды і едуць толькі дзякуючы Т-70, бо ў захаваным стане такіх танкаў засталося ўсяго тры — адзін стаіць у Маскве, другі — у Будапешце. «Наш пасёлак і так вымірае, і гэты ўнікальны помнік — ці не адзінае, што прыцягвае да нас увагу».
«Ведаю на ўзроўні чутак»
Пацвердзіць або абвергнуць словы жыхароў Езярышча ў пасялковым савеце пакуль не атрымалася — тэлефон старшыні Надзеі Рамнёвай не адказвае. У аддзеле культуры Гарадоцкага райвыканкама сітуацыю таксама не прасвятлілі. «Дык сёння ж «Звязда» пра гэта пісала», — сказала загадчыца аддзела Вольга Каўрыга. І дадала, што інфармацыяй пра лёс танка-помніка не валодае, толькі на ўзроўні чутак.
***
Езярышча — гарадскі пасёлак у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці, насельніцтва 1,7 тыс. чалавек (па стане на 2009 г.) Знаходзіцца за 41 км ад Гарадка, чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Невель.
Сямён Паўлавіч Хайдукоў — савецкі камбрыг, паходзіў з сялянскай сям’і, нарадзіўся ў Вяцкай губерні. Загінуў 15 снежня 1943 г. пры вызваленні Езярышча ў часе аперацыі «Гарадоцкая». Над яго магілай быў усталяваны пастамент з танкам Т-70.
Танк Т-70 — савецкі лёгкі танк перыяду Другой сусветнай вайны. Распрацаваны восенню 1941 г. на Горкаўскім аўтазаводзе. Вытворчасць Т-70 працягвалася да чэрвеня 1943 г., усяго быў выраблены 8231 танк гэтага тыпу.
Сямён Печанко