Эдуард Занкавец: Чакаю сустрэчы з Хэнланам. Найперш па-за гульнёй

Источник материала:  

Нацыянальная зборная па хакеі пачала заключны збор перад чэмпіянатам свету ў Германіі, да якога засталося менш за месяц. Як паведамлялася, на турніры кіраваць нашай камандай будзе новы трэнерскі штаб на чале з Эдуардам Занкаўцом (Э.З.). галоўны трэнер, а таксама яго памочнікі Андрэй Гусаў (А.Г.), Уладзімір Цыплакоў (У.Ц.) і Аляксандр Андрыеўскі (А.А.) сустрэліся з журналістамі.

Эдуард Занкавец: Чакаю сустрэчы з Хэнланам. Найперш па-за гульнёйЭ.З. — З камандай мы правялі першы арганізацыйны сход. Хакеісты, якія зараз знаходзяцца ў Мінску, прыбылі на месца збору — "Мінск-Арэну", пазнаёміліся з нашымі патрабаваннямі, акрэслілі план работы на тыдзень. Хакеісты, якія працягваюць выступаць у НХЛ і расійскіх клубах, будуць прыбываць па меры іх вызвалення.

— Што вы адчуваеце, узначаліўшы нацыянальную зборную?

Э.З. — Пачуццё адказнасці перад балельшчыкамі. І перад хлопцамі, з якімі буду працаваць. Я раней быў знаёмы з усімі хакеістамі, акрамя Аляксея Баранава. З усімі я ў добрых адносінах.

А.Г. — Гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць. Нам давядзецца шмат папрацаваць да старту чэмпіянату свету.

У.Ц. — Прыемна, што ў трэнерскім штабе мы ўсе аднадумцы, застаецца прыкласці намаганні, каб рухацца наперад.

А.А. — Нацыянальная зборная для мяне — заўсёды вялікі гонар. Гэта выступленне за свой сцяг, за радзіму, як ні пафасна гучыць.

Э.З. — Прыемна, што сцяганосец у нас ужо ёсць.

— Ці заключаныя з вамі кантракты? Як вы падзялілі свае абавязкі? Ці будзе ў трэнерскім штабе Люіс?

Э.З. — Я не ўпэўнены, што кантракты ўвогуле будуць. Абавязкі збольшага падзялілі. Уладзімір Цыплакоў і Андрэй Гусаў зоймуцца абаронцамі і працай па-за лёдам — функцыянальнай падрыхтоўкай. А мы з Аляксандрам Андрыеўскім будзем адказваць за нападаючых, падрыхтоўкай на лёдзе, гульні ў большасці. Да таго ж, мы вырашылі, што наш трэнерскі штаб самадастатковы, кожны з нас дастойны ўзначаліць зборную. Пашырэнне трэнерскага штаба магло б прывесці да некаторых негатыўных момантаў, так што Люіса не будзе, і ўся адказнасць — на нас.

— Міхаіл Захараў заяўляў, што зборная будзе гуляць у адкат. Які стыль гульні вам блізкі?

Э.З. — Каб дагадзіць выніку, можна знайсці схему, якая прыводзіць да меншай колькасці памылак. Але пры гульні ў адкат губляецца відовішчнасць, гульцам не вельмі цікава. Любая тактыка спрацоўвае толькі тады, калі гульцы яе цалкам выконваюць, падзяляюць пункт погляду трэнера. Наша бачанне — хакей павінен быць больш агрэсіўным, але з дысцыплінай у абароне. Мы будзем нагружаць крайніх нападаючых, задача якіх, — выматваць суперніка, не даваць яму гуляць у нашай зоне.

— Ці павіншаваў вас з прызначэннем Глен Хэнлан, з якім вы працавалі разам у зборнай?

У.Ц. — Павіншаваў, гэтак жа, як і мы яго, бо мы пастаянна ў кантакце. Нам цікава будзе выходзіць супраць яго каманды, з якой мы сустрэнемся на "Турніры чатырох".

Э.З. — Чакаем не дачакаемся, пакуль сустрэнемся па-за гульнёй.

— Не страшна выходзіць супраць Хэнлана, які выдатна ведае нашу зборную?

Э.З. — Каб страху не было, пастараюся не глядзець у бок Хэнлана. (Смяецца.) Цікава згуляць супраць спецыяліста, які выкарыстоўвае розныя хітрасці. Мы таксама пастараемся выкарыстаць тое, што ведаем пра яго гульню.

— Нашай зборнай па сілах трапіць у васьмёрку наймацнейшых?

Э.З. — Гэта задача стаіць і застанецца актуальнай ў найбліжэйшыя гады.

А.Г. — У адрозненне ад Міхаіла Захарава, Занкавец медалі прывезці не абяцаў. (Смяецца.) Калі сур'ёзна, то хочацца праявіць сябе з найлепшага боку.

— Вас не палохае адсутнасць гульнявой практыкі ў некаторых гульцоў і ці дастаткова часу для падрыхтоўкі каманды да чэмпіянату?

Э.З.— Адсутнасць гульнявой практыкі не палохае — для гэтага ў нас і прадугледжаны збор, напрыканцы якога сустракаемся з добрым супернікам у Чэхіі. І часу, і магчымасцяў дастаткова.

— На адным са спартыўных сайтаў на пытанне "На які тэрмін можна даверыць гэтаму трэнерскаму штабу зборную?" большасць балельшчыкаў прагаласавала за адказ "На гэты чэмпіянат свету". Вас гэта не крыўдзіць?

Э.З. — Я і сам так прагаласаваў бы. Не сакрэт, што гэта наш першы турнір, і многія адносяцца да нас асцярожна і скептычна. Але я не сумняваюся, што калі мы пакажам добры вынік, галасаванне будзе іншым.

— Магчыма, што кантрактаў у зборнай з вамі не будзе. Як наконт кантрактаў у клубах на наступны сезон?

Э.З. — У піцерскім СКА яснасці на наступны сезон пакуль няма.

А.Г. — Нядаўна быў у Салігорску на пашыраным пасяджэнні з кіраўніцтвам горада і кіраўнікамі прадпрыемстваў. Вырашылі, што камандзе быць. У наступным сезоне "Шахцёр" таксама будзе фарм-клубам "Дынама".

У.Ц. — Пакуль я засяроджаны на працы ў нацыянальнай камандзе, варыянты працаўладкавання буду шукаць летам.

А.А. — У сталічнага "Дынама" новы трэнер — Марэк Сікора. Мне прапанавалі ўвайсці ў трэнерскі штаб, я даў згоду, але кантракт пакуль не падпісаны.

— Хто будзе капітанам каманды?

Э.З. — Гэта пакуль не абмяркоўвалася. Лідары у нас ранейшыя — Салей, Кальцоў, Калюжны.

— Эдуард, як паслядоўнік Хэнлана, вы будзеце працягваць выкарыстоўваць нетрадыцыйныя метады згуртавання каманды?

Э.З.— Гэта ўсё-такі традыцыйныя метады. (Смяецца.) Пастараемся, каб збор не быў манатонным, уключым мерапрыемствы, каб хакеісты разам з сем'ямі адпачылі. Але такіх мерапрыемстваў будзе няшмат.

— Плакаты ў распранальні будуць?

Э.З. — Капіраванне чагосьці нават самага добрага — гэта ўсяго толькі капіраванне. Глен прыпадносіў гэта шчыра, ад душы, з пачуццём веры. Я не хацеў бы кагосьці капіраваць.

— Хтосьці з'явіўся ў зборнай па прычыне выдатнай гульні ў плэй-оф чэмпіянату Беларусі? Ці паўплывала памылка Антонава на яго месца ў складзе?

Э.З. — Дзякуючы выдатнай гульні ў плэй-оф мы выклікалі Баранава, Сянькевіча і Дзямкова. Памылкі Антонава асабіста я не бачыў.

А.Г. — Памылка Антонава не паўплывала. Як я нядаўна даведаўся, у "Юнацтва" была задача выдаліць нашага абаронцу з самага пачатку, яны з ёй справіліся. Мы ўвесь матч гулялі ў чатыры абаронцы супраць чатырох звёнаў "Юнацтва". Мае хакеісты правялі гульню на мяжы магчымасцяў, да іх у мяне ніякіх прэтэнзій.

— Што паабяцаеце балельшчыкам?

Э.З.— Можаце прыходзіць на нашы трэніровачныя заняткі. Пастараемся не расчараваць.

А.Г. — З адкрыццём "Мінск-Арэны" мы адчулі, што балельшчыкі ў нас ёсць, ёсць культура хварэння. Прычым сапраўдныя балельшчыкі, якія дапамагаюць перажываць горыч паражэння.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Решение по увеличению пошлин на автомобили в Беларуси пока не принято

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика