Уальд і нірвана... для самых маленькіх. Ці знаёмы вы з добрымі павукамі-вегетарыянцамі?
А ці верыце вы ў каханне паміж рыбамі і зоркамі?Я — веру. Сапраўды, пасля прачытання апошняй кнігі Сяргея Календы “Казкі: гісторыі (не) пра нас” хочацца не толькі заўважаць цуды вакол сябе. Хочацца зноў стаць маленькай дзяўчынкай, каб хтосьці вялікі і цёплы калыхаў цябе на руках, частаваў шакаладным пячэннем і прымусіў паверыць, што свет справядлівы і дабро заўсёды перамагае зло.
— Пра нас ці не пра нас? — пытаецца ў мяне Календа. — Лічыце як хочаце. У кнізе няма Васяў і Юраў, вы прачытаеце пра дзівосных жывёл, але чым яны адрозніваюцца ад нас, нашых сяброў і суседзяў?Нічога не змянілася за апошнія тысячы год — людзей, як і раней, хвалююць сяброўства, каханне, пошукі сэнсу жыцця і новых гарызонтаў. Аўтарскія, штучна створаныя псіхалагічныя казкі Календы прызначаны для сучасных дзетак, якія гуляюць у камп’ютарныя гульні, але задумваюцца і пра больш важныя і сур’ёзныя рэчы. — Перад тым як выдаваць кнігу, — распавядае Сяргей Календа, — я даў яе прачытаць пяцярым малым. Кожны з іх знайшоў на старонках нешта сваё, нават сэнс, які я туды і не ўкладваў. Адбылося, што алюзіі знайшлі нават самыя маленькія. Увогуле хтосьці бачыць лав-сторы, хтосьці — трагедыю. Але ўсё ж такі гэтыя казкі не для дзіцячага садка, гэта хутчэй эстэтыка Оскара Уальда і Уліцкай. Дарослым і тым дзецям, якія ўжо ходзяць у школу, кніга спадабаецца больш, на маё меркаванне. З аднаго боку, гісторыі ну зусім непрадказальныя! З другога — інтэртэксту ў іх таксама хапае. Японскія і егіпецкія міфы, нацыянальны фальклор, нават біблейскія матывы — Сяргей Календа узяў з сусветнай казачнай скарбонкі найлепшае. Прынцаў і фей вы там не знойдзеце. У героі Календа выбраў Павучка Гаўрылу, Бегемота Бо, Вусеньку Мару, Кіта Кано. Мне здалося, што іх усіх аб’ядноўвае нейкая ўнутраная адзінота і жаданне спазнаць самога сябе.— Хачу, каб чытачы звярнулі ўвагу на ілюстрацыі, — раіць Сяргей. — Іх рабіла мастак Васяліса Паляніна. Яны зроблены на манер дзіцячых малюнкаў, прымітыўна і вельмі канцэптуальна. Ёсць завуаліраваныя вобразы, якія можна чытаць варыянтна. Глядзіш — бачыш бегемота, прыглядаешся — дык гэта ж птушка!Ніякіх табе “жылі яны добра і шчасліва” і “вось і казцы канец”. Кіт Кано, які марыў сплысці за гарызонт, неўзабаве знікае. Ніхто не ведае, куды ён дзеўся: можа, яго жаданне збылося, а можа, ён проста апынуўся ў іншым вымярэнні? Каханне нябеснай Зоркі і Рыбкі не заканчваецца ўсеагульным вяселлем. Ад душэўных перажыванняў Зорка згасае, застаўшыся ў вачах каханай яркім агеньчыкам... Адчуванне светлага суму і чагосьці сапраўднага. Кніга аптымістычная і напісана з вялікай любоўю да жыцця і людзей. “Няма нічога, што табе не пад сілу, — сказала ўголас Рыбка, і яе адразу пачулі ўсе ракавінкі...”