Прага да жыцця. Дапаможам Ірыне стаць на свае ногі і быць шчаслівай!

Источник материала:  
Прага да жыцця.
Дапаможам Ірыне стаць на свае ногі і быць шчаслівай!

У кожнага свае мары і жаданні. Адны імкнуцца падарожнічаць, дабівацца высокіх вынікаў у спорце, поспехаў на подыуме. Іншыя ж мараць... проста хадзіць. Упэўнена ступаць па зямлі, рабіць крок за крокам і не баяцца ўпасці. З такой марай жыве Ірына Новік з вёскі Наваспаск, што на Гродзеншчыне. Ёй усяго толькі 20 гадоў. Цудоўны ўзрост для таго, каб строіць планы і не баяцца новых пачынанняў. У Ірыны, напэўна, усё атрымалася б, але... Дыстрафічная дысплазія каленных і тазасцегнавых суставаў — з такой хваробай дзяўчына жыве ўжо не першы год. Яна не можа паўнацэнна хадзіць і нават стаяць. Яе ногі не разгінаюцца, Ірына перамяшчаецца альбо на інваліднай калясцы, альбо прысеўшы на кукішкі. І так з дня ў дзень, з году ў год.

Ірына нарадзілася здаровенькай. Як і ўсе дзеці, навучылася хадзіць і бегаць. Усё было добра, але раптам у рухавай дзяўчынкі пачалі балець ножкі, потым яна стала кульгаць. Бацькі звярталіся да ўрачоў, але паставіць правільна дыягназ і назначыць неабходнае лячэнне не змаглі нават сталічныя спецыялісты. Ірына паступова перастала хадзіць, школьную парту замяніла інвалідная каляска.Але яна не падала духам, настойліва працягвала вучыцца. Побач была надзейная падтрымка — маці, бацька, сяброўкі. Скончыўшы дома школу, дзяўчына паступіла на завочнае аддзяленне Мінскага інстытута кіравання. Ездзіць на сесіі, вучыцца паспяхова.Хвароба не зрабіла Ірыну жорсткай і пакрыўджанай на ўвесь свет. Яна змагла застацца добрай, чулай і ветлівай. У свой час па кнігах і часопісах дзяўчына асвоіла майстэрства цырульніка. Цяпер да яе ходзяць стрыгчыся суседзі і знаёмыя. Нікому не адмаўляе і грошай за работу не бярэ — ёй дастаткова простай чалавечай удзячнасці.У мінулым годзе Ірына пазнаёмілася з Сяргеем, які аказаўся добрым і спагадлівым чалавекам. Нягледзечы ні на што, ён змог ацаніць душэўную прыгажосць дзяўчыны і зразумець: яна той чалавек, з якім хочацца быць побач усё жыццё. Яны пажаніліся. Ірына змагла стаць добрай, клапатлівай жонкай. Яна стараецца рабіць усё, што патрабуецца ад гаспадыні: гатаваць ежу, прыбіраць у хаце, мыць бялізну... Праўда, ад такой вялікай нагрузкі пачаліся праблемы з пазваночнікам. Ірына не скардзілася, але Сяргей адчуў нядобрае. З болем у сэрцы ён успрыняў пакуты жонкі і вырашыў шукаць спосабы лячэння страшнай хваробы. Даведаўшыся, што ў Беларусі патрэбнай дапамогі ўрачы аказаць не могуць, стаў звяртацца за мяжу. І першы агеньчык надзеі з’явіўся. Маскоўскія ўрачы, агледзеўшы хворую, далі суцяшальны прагноз: Ірына будзе хадзіць, але для гэтага патрэбна не менш як дзве аперацыі. Агульны кошт усяго лячэння складае каля 35 тысяч долараў. Сям’я Ірыны жыве ў вёсцы, муж працуе рабочым, бацька — у калгасе, а маці даглядае Ірыну. Такіх грошай ім не сабраць нават тады, калі прадаць хату і ўсю маёмасць. А Ірыне з Сяргеем так хочацца быць шчаслівымі: мець утульны дом, гадаваць дзетак. Але спачатку трэба знайсці сродкі для аперацыі. І яны вераць, што адклікнуцца людзі, якія дапамогуць ажыццявіць іх мары.

Калі вы не засталіся раўнадушнымі да лёсу гэтага чалавека, то прапануем дабрачынны рахунак: 000000009 на імя Новік Ірыны Анатольеўны. Філіял № 423 ААТ “ААБ Беларусбанк” 504.

←Вон из комнаты! или Что делать, если ребенок “застукал” вас в постели?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика