Цырк дый толькі!
17 красавіка па ініцыятыве Еўрапейскай асацыяцыі цыркаў і Сусветнай федэрацыі цырка, што дзейнічае пад патранажам Яе вялікасці прынцэсы Манака Стэфаніі, абвешчана першым у гісторыі Міжнародным днём цырка. Адзначыць гэты асаблівы дзень прапануецца як самім забаўляльным установам, арганізаваўшы своеасаблівы "дзень адчыненых дзвярэй" для экскурсій або зрабіўшы адкрытыя вулічныя прадстаўленні, так і ўсім прыхільнікам цыркавога мастацтва, якія могуць не толькі наведаць прадстаўленні, але таксама зладзіць свае ўласныя святочныя мерапрыемствы.
Як паведамляе афіцыйны сайт Сусветнай федэрацыі цырка (The Federatіon Mondіale du Cіrque), ініцыятыву падтрымалі сёлета Беларусь, Данія, Іспанія, Канада, ЗША, Індыя, Нідэрланды, Германія, Францыя, Швецыя, Швейцарыя і Паўднёвая Афрыка, запланаваныя таксама мерапрыемствы ў Венгрыі, Мексіцы, Расіі і іншых краінах.
Дарэчы, у Еўрапейскую цыркавую асацыяцыю на сёння ўваходзіць 21 цырк. Усе яны атрымалі лісты за подпісам прэзідэнта гэтай арганізацыі Урса Пілса, дзе акрамя ідэй святкавання змешчана анкета з галоўным пытаннем — "што робіць цырк цыркам?". Адказы, дасланыя з еўрапейскіх цыркаў, асацыяцыя збіраецца выкарыстаць у падрыхтоўцы дакументаў для ЮНЕСКА ў якіх прапануе падтрымаць цыркавое мастацтва як частку сусветнай культурнай спадчыны.
Напрыклад, у Маскоўскім цырку Нікуліна на Цвятным бульвары адзначаюць, што было б цікава арганізаваць сумесны перфоманс з клубамі фанатаў цырка, запрасіць на прадстаўленне ў гэты дзень членаў урада і іншых уплывовых асобаў, а таксама размясціць на ўваходзе ў цырк спецыяльную гасцявую кнігу, дзе наведнікі змогуць выказаць свае пажаданні і ідэі наконт святкавання Дня цырка.
Як збіраецца адзначыць свята Беларускі дзяржаўны цырк, "Звяздзе" расказаў яго галоўны рэжысёр Сяргей Бандарчук:
— Адмысловага прадстаўлення рабіць не будзем, падчас спектаклю проста раскажам наведнікам пра гэты дзень — хто і навошта яго прыдумаў, таксама развесім у холе адмыслова падрыхтаваныя святочныя плакаты. У антракце зробім для гледачоў экскурсію за кулісы, каб крыху бліжэй пазнаёміць іх з работай і жыццём артыстаў.
— А прапановы, пажаданні і віншаванні ад публікі прымаць будзеце?— Калі нехта захоча нас павіншаваць і штосьці пажадаць — прымем з задавальненнем!
— Вы ўжо далі свой адказ на пытанне анкеты Еўрапейскай цыркавой асацыяцыі, што робіць цырк цыркам?
— Безумоўна, артысты. Ну, а калі меркаваць па дзіцячых асацыяцыях — найперш клоўны.
...Як казаў некалі знакаміты Юрый Нікулін, чалавек прыходзіць у цырк як мінімум тройчы ў жыцці: дзіцем — з бацькамі, потым са сваімі ўласнымі дзецьмі, і нарэшце з унукамі. То чаму б не скарыстаць дадатковую нагоду і не акунуцца ў свет жанглёраў і акрабатаў, паветраных гімнастаў і бясстрашных коннікаў, факіраў і ўтаймавальнікаў, увогуле таленавітых і забаўных артыстаў, двухногіх і чатырохлапых, яшчэ раз — пазапланава?
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.