Жэня Манцэвіч: «Дзеля зэдліка рызыкаваць жыццём, канечне ж, не буду»

Источник материала:  

Днямі беларуская журналістка, сябра ГА «БАЖ» Яўгенія Манцэвіч выпраўляецца ў незвычайнае культурніцкае падарожжа «З зэдлікам да акіяну», ідэю якога прыдумаў украінец Леанід Кантар.

Пра свой маршрут, яго філасофію і сваю культурніцкую місію дзяўчына распавяла прэс-службе ГА «БАЖ».

 Той, хто знаёмы з Яўгеніяй Манцэвіч, ведае і яе няўрымслівую натуру. Яна і блогерка, і журналістка, і паэтка, і проста прыгожая дзяўчына… А тут высветлілася, што яшчэ і адчайная авантурыстка. Цэлы год яна, разам з яшчэ трыма беларусамі, будзе несці звычайны кухонны зэдлік да ўзбярэжжа Ціхага акіяну на мыс Горн (Паўднёвая Амерыка).

БАЖ: Жэня, распавядзі крыху пра вашу дзіўную акцыю…

Жэня Манцэвіч: — Ініцыятар і ідэолаг гэтага праекту — дырэктар кінастудыі Lizard Films, прафесійны рэжысёр і непрафесійны падарожнік (ці, як ён сам кажа, «валацуга») Леанід Кантар.

Відавочны, «вонкавы» сэнс падарожжа — аднесці зэдлік да акіяну і паставіць яго там, як помнік… Другі сэнс — прыхаваны — вандроўка як культуніцкая акцыя. Мы будзем спяваць беларускія песні ў дарозе, ставіць невялічкія спектаклі па матывах паэмы «Сымон-музыка» Якуба Коласа. Прынамсі, мы так плануем, і ў папярэдніх падарожжах так было. Спадзяемся, што ў адказ мясцовы люд будзе таксама свае песні спяваць. Вось так і адбываецца культурны абмен: мы нясем сваю культуру, а яны нас знаёмяць са сваёй.

БАЖ: — Хто ў складзе беларускай каманды?

Жэня: — Нас чацвёра. Гэта я, геолаг Уладзіслаў Юркоў, фатограф Кірыл Краўцоў, а таксама выкладчык бухгалтарскага ўліку Вікторыя Малаева. Магчыма, па дарозе да нас далучыцца яшчэ ўкраінка Ганна Гайдай. І ўсе мы разам, па чарзе, будзем несці гэты зэдлік.

БАЖ: — І што ж беларускія вандроўнікі-«місіянеры» ўключылі ў свой рэпертуар?

Жэня: — П’еса ў нас толькі адна — «Сымон-музыка», а вось беларускіх песень шмат: і «Кацілася зорачка», і «Касіў Ясь канюшыну», і «Цячэ вада ў ярок». Узялі з сабою скрыпку, гітару, флейту, барабан і карнэт. Будзем граць як паасобку, так і разам. Напрыклад, у Нью-Ёрку кожны будзе штосьці граць на вуліцах, каб зарабіць грошы на далейшую вандроўку, бо тых грошай, якія сабралі, хапіла толькі на самалётныя квіткі і візы. Падчас вандроўкі плануем вывучыць разам і новыя творы — такія як «Summer time» Гершвіна…

БАЖ: Як выглядае папярэдні маршрут руху «вандроўнікаў з зэдлікам»?

Жэня: — У панядзелак, 19 красавіка, мы выпраўляемся на самалёце ў Нью-Ёрк. Далей мы паспрабуем зрабіць канадскую візу, каб трапіць на першы фестываль у Эдмунтане. Мы запланавалі, што кожныя тры месяцы ў нас будуць такія фестывалі, дзе мы будзем сустракацца з іншымі групамі «зэдлікаўцаў» з Беларусі, Расіі і Украіны.

Калі не атрымаецца з візай, будзем падарожнічаць па ЗША, дзе мае адбыцца фестываль у Альбукерке. Адтуль ідзем у Мексіку, Панаму, Гандурас, Нікарагуа і гэтак далей. Пакуль не трапім на самую паўднёвую кропку амерыканскага матэрыку — мыс Горн.

Спадзяемся, што 26 сакавіка 2011 года наш зэдлік будзе ўсталяваны на беразе Ціхага акіяну.

БАЖ: — І калі ж вы збіраецеся вярнуцца ў Беларусь?

Жэня: — Адразу пасля мысу Горн і пачнем вяртацца, толькі яшчэ невядома, якім чынам. Можа, і пешшу прыйдзецца ў зваротным накірунку рухацца…

БАЖ: — Усё ж ты больш выбіраешся ў падарожжа як журналістка, якой цікава пабачыць свет, ці як своеасаблівы «культурніцкі пасол»?

Жэня: — Хутчэй як чалавек, які падарожнічае і глядзіць свет. Мне проста пашчасціла, што я яшчэ і журналіст. І што я магу гэты свой досвед перадаць людзям — сфатаграфаваць, напісаць пра ўсё, што я там бачыла.

БАЖ: Вандроўка будзе доўгая. Могуць быць неспадзяванкі…

Жэня: — Да адной нечаканасці мы ўжо падрыхтаваліся і зрабілі прышчэпкі ад «жоўтай ліхаманкі», таму што на нашым шляху ёсць нават краіны, куды без гэтых прышчэпак не пушчаюць. Хадзілі мы да дактароў, рабілі разгорнуты аналіз крыві.

Што тычыцца небяспекі самой вандроўкі, то, як паказвае папярэдні досвед украінцаў, на шляху трапляюцца ўсё больш людзі прыязныя, добрыя, якія і пераначаваць пусцяць, і накормяць. Я не першы раз вандрую аўтаспынам, хоць і не па такіх экзатычных мясцінах, але ж, дзякаваць Богу, заўсёды трапляліся добрыя людзі. І зараз на гэта спадзяюся.

БАЖ: — І мы спадзяемся…

Жэня: — Але, калі ўсё ж такі здарыцца нешта непрадбачанае, то дзеля зэдліка рызыкаваць жыццём, канечне ж, не буду…

БАЖ: — А як бацькі паставіліся да твайго рашэння? (Бацька Жэні — галоўны рэдактар маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч - заўв.рэд.)

Жэня: — Бацька — даволі спакойна, бо я ж неаднаразова ўжо была ў Амерыцы… А вось маці, калі б у яе была такая магчымасць, мабыць, не пусціла б…

←Во сколько обходится выпускной бал в детском саду?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика