Бацькава жыта

Источник материала:  

Бацькава жытаМіне яшчэ адзін год, і Чарнобыльская трагедыя праглыне ажно чвэрць веку. Колькі ж такіх “чвэртак” яшчэ спатрэбіцца, каб пяшчотныя пялёсткі кветак сталі нарэшце “выпраменьваць” толькі гаючы водар новага абуджэння і ўсё стала такім, як было да гэтай страшэннай бяды?

У той дзень, 27 красавіка 1986 года, памятаю, наведаўся да занядужаўшага калегі, які разам са мной працаваў у Хоцімскай райгазеце. На двары мясцовай бальніцы было шматлюдна -- хворыя  ўпіваліся цёплымі промнямі веснавога сонейка. І раптам медперсанал пачаў літаральна сілком заштурхоўваць усіх пад дах. Маўляў, на свяціле назіраюцца шкодныя ўспышкі.
“Ці няма, -- мільганула ў думках, -- у паводзінах медыкаў нейкай сувязі з тым, што адбылося ў ноч на 26-е на Чарнобыльскай АЭС?”
Хаця што мы ведалі ў першыя дні пра гэту аварыю? Затое само слова “чарнобыль” было для кожнага з нас добра знаёмым. Гэтай расліны пасля вайны на папялішчах было касіць-не скасіць. Ды яна не ішла нават на подсціл жывёле.
Асабіста мне найбольш гэта назва ўрэзалася са слоў маці. Летам 1942 года яна пехатою адправілася ў бок Гомеля. Прайшла чутка, што ў лагеры ваеннапалонных, дзесьці там, пад Чарнобылем, нібыта хтосьці бачыў майго бацьку. Яго там не аказалася, а як яна вярнулася адтуль жывой -- адзін Бог ведае.
Калі пачалося ўзвядзенне АЭС, пра што рэгулярна паведамлялася ў сродках масавай інфармацыі, усе мы радаваліся новабудоўлі. Да таго ж побач з Беларуссю -- гэта ж і нам будзе лепш ад той сілы!
А тут -- ужо больш за суткі поўнае няведанне. Што і казаць, трывожна было на сэрцы. З глыбіні памяці не-не ды ўсплывалі словы “ўдарная хваля”, “прамянёвы ўдар”, раз-пораз узнікалі ў вачах і кадры з фільма аб выпрабаваннях атамнай бомбы, што паказвалі ў час службы ў арміі.  Як там, думалася, мой родны Вялікі Восаў? Ён жа хоць і ў Краснапольскім раёне, але акурат пад Гомельшчынай, на той жа геаграфічнай даўжыні, што і Чарнобыль.
Мае падазрэнні пацвердзіліся, калі 4 мая па тэлебачанні выступіў адзін з буйнейшых савецкіх спецыялістаў-атамшчыкаў акадэмік В. Лягасаў. Пазней менавіта ён выкажацца прынцыпова аб прычынах аварыі. А тады, відаць, вучоны і сам не мог ведаць усяго, а калі і мог, то не меў права аб гэтым сказаць...
Мая родная зямелька аказалася густа засеянай. Толькі не бульбай, не збожжам, не лесам. Радыенуклідамі!
У тыя красавіцкія дні гэта быў пік смяротнага “высеву”. Бо паветраныя масы, якія вецер нёс у бок Магілёўшчыны, былі літаральна абцяжараны радыеактыўнымі рэчывамі з разбуранага рэактара. Безабаронным аказалася ўсё на яго шляху -- палі, лясы, вёскі, гарады і людзі.
Мае аднавяскоўцы дый родзічы ўжо праз два гады адзін за другім станавіліся пастаяннымі пацыентамі паліклінік і дыспансераў. Менавіта ў гэты час Арганізацыя Аб'яднаных Нацый прызнала агульнапланетарны характар наступстваў Чарнобыля не як аварыю, а як глабальную радыяцыйна-экалагічную катастрофу.
Пасля Дня Перамогі я на спадарожнай машыне тросся з Хоцімска, дзе працаваў рэдактарам райгазеты, у напрамку Краснаполля. На адной з вуліц мястэчка звярнуў увагу на траіх мужчын, якія корпаліся ля калодзежа.
-- Наглуха прыладжваем накрыўку, такая паступіла каманда, -- сказаў адзін.
-- Хаваем, значыць, вадзіцу, піць яе няможна, -- дадаў сумна другі.
Потым, калі дабіраўся пешшу да сваёй вёскі, а гэта цэлых дваццать вёрст, тое ж самае назіраў і ў Яшнай Будзе, Новай Ельні.
Колькі ўжо год углядаюся ў карту радыяцыйнай абстаноўкі на тэрыторыі Беларускай ССР ад 11 студзеня 1991 года. Мае родныя мясціны на ёй заштрыхаваны самай шчыльнай сеткай не выпадкова: зона забруджвання тут ад 40 кюры на км2 і вышэй. У тыя ж майскія дні, як стала вядома потым, у Краснапольскім раёне былі выяўлены і больш небяспечныя ачагі. Такім чынам, я крочыў тады па вельмі хворай зямлі.
Хадзіў-блукаў па гэтых дарогах і потым, калі нават ужо не было да каго з родных наведвацца. І што найбольш уражвала ў паводзінах землякоў -- дык гэта нейкая цвярозая, так бы мовіць, ураўнаважанасць, спакой, нават падкрэсленае грэбаванне небяспекай. І такое было не таму, што людзі не ўсведамлялі бяды. Трывогу і страх прыцішвала ўпэўненасць: там, “наверсе”, усё ж думаюць аб тым, як ім дапамагчы. Не такое перажылі ў вайну, а і слядочкаў не засталося. Далібог міне і гэта няшчасце.
 Нельга было не звярнуць увагі і на наступнае: нават тыя, хто недалюбліваў адзін аднаго, забыліся пра непрыязнасць, сталі дапамагаць скрозь -- і на палосках, і на сенакосах.
Сакратар партарганізацыі “Ленінскі шлях” Пётр Гапееў гаварыў мне:
-- Няма за што і папракнуць людзей. Як ніколі ўсюды шчыруюць.
Самым моцным гулам раней нашу мясцовасць абуджаў толькі гул трактароў. А ў першыя месяцы пасля аварыі тут скрозь раўлі бульдозеры, экскаватары, шыпелі асфальтаўкладчыкі, уздымаліся вежавыя краны. У забруджаных вёсках пракладваўся водаправод, будаваліся і асфальтаваліся дарогі. У Вялікім Восаве з'явілася новая крама, у суседняй Новай Ельні, цэнтры калгаса “Ленінскі шлях”, пачалі ўзводзіць дамы з усімі выгодамі. Забягаючы наперад, скажу, што тут забруджванне складала звыш 400 кюры на км2. Няўжо ўлады і вучоныя не ведалі пра гэта?
У канцы 1988 года мне давялося начаваць у Краснапольскай гасцініцы разам з двума навуковымі супрацоўнікамі з Масквы. Яны там аказаліся, як сцвярджалі самі, па заданню самога Гарбачова, каб назапасіць даных для распрацоўкі метадалогіі пражывання на забруджаных тэрыторыях.
-- Дарэмна бавім час, -- памятаю, са знарочыстай абыякавасцю сказаў адзін. -- Вывад неаспрэчны: жыць тут можна.
Пэўна, такіх вось меркаванняў, навязаных “зверху”, прытрымліваліся  тагачасныя кіраўнікі рэспублікі ўсіх узроўняў, таго ж Краснаполля. Таму імкнуліся з ўсіх сіл процістаяць бядзе, рызыкуючы і сваім здароўем,  і нават жыццямі. Аператыўна вырашаліся пытанні паляпшэння медыцынскага абслугоўвання, скрозь праводзілася дэзактывацыя. А колькі праблем з'явілася ў жывёлагадоўлі! Мясцовыя кармы -- сена, салому, караняплоды -- нельга было выкарыстоўваць. Каб атрымаць чыстую прадукцыю, вялікія аб'ёмы кармоў завозілі ў раён з Віцебскай, Гродзенскай абласцей. Пераглядаліся севазвароты, пераворваліся і залужаліся пашы. А малако, атрыманае на такіх тэрыторыях, усё роўна ўжываць было нельга. Таму на Краснапольшчыну пастаўляліся “чыстыя” прадукты харчавання, у тым ліку і малочныя.
Адным з самаахвярнікаў, якія займаліся ўсімі гэтымі справамі, быў і старшыня Краснапольскага райвыканкама Мікалай Максімаў. Памятаю, у час апошняй з сустрэч пачуў ад яго:
-- Дзетак вось з Наваельнянскай школы адправілі ў чысты раён (меў на ўвазе Хоцімскі). Бацьку вязі далей ад бяды. У тваім Вялікім Восаве зашкальвае, -- Мікалай Фёдаравіч на хаду моцна паціснуў руку. -- Прабач, спяшаюся...
Больш, на жаль, убачыцца з гэтым мужным чалавекам не давялося. У 1992 годзе ён памёр на 45-м годзе жыцця. На яго плечы лёг увесь комплекс арганізацыйных работ, ён заўсёды быў там, дзе найцяжэй і складаней.
Так, многае рабілася з боку дзяржавы па змяншэнню першага і самага страшнага радыяцыйнага ўдару, які выпаў на долю маіх землякоў. Вядома, у той мітусні нельга было ўсё ўлічыць. Але хаця б, здавалася, раздалі па аднаму дазіметру на кожную забруджаную вёску, каб людзі самі вызначалі найбольш небяспечныя месцы. Ды каб больш медыкаментаў, асабліва ёдаўтрымліваючых...
Дарэчы, тыя “масквічы”, памятаю, харчаваліся з уласных “чамаданчыкаў”. А мае бацькі, сваякі, аднавяскоўцы па-ранейшаму спажывалі прадукты са сваіх агародаў і падворкаў, збіралі ў парыжэлым ад радыенуклідаў сасонніку грыбы, палілі ў лазні “бруднымі” дровамі, лавілі ў вясковай сажалцы радыяцыйных карасёў. Толькі не давалі з сабой прыезджым гасцям гасцінцы.
-- Ці мала што, -- гаварыў і мне, апраўдваючыся, бацька.
Аднойчы я пацікавіўся ў мясцовым камбінаце бытпаслуг наконт заказаў насельніцтва.
-- Не спраўляемся, -- пачуў у адказ ад загадчыцы атэлье.
Здавалася б, ці да абновак пры такім жыцці? І ўжо потым прыйшоў да высновы -- за гэтым стаяла тое, што людзі глыбока хавалі ў душы: непазбежныя думкі аб развітанні з роднымі мясцінамі.
Мае землякі хацелі, каб там, куды іх пераселяць, не прынялі іх за жабракоў. Хаця многія, як Уладзімір Сычанаў, Васіль Папкоў, Анатоль Капытаенка са сваімі сем'ямі, адцягвалі ад'езд да апошняга. Заставаліся некаторы час у Вялікім Восаве і пасля таго, як ён у 1990 годзе апусцеў поўнасцю.
Абязлюдзелі і вёскі-суседкі -- Беразякі, Раўнішча, Драгатынь, Болін, Новая Ельня, многія іншыя. Усяго ў Краснапольскім раёне насельніцтва было адселена з 83 вёсак, у іх пражывала звыш трох тысяч сем'яў.
Маіх землякоў-перасяленцаў сардэчна прыняла сталіца, Віцебская, Гродзенская, Мінская вобласці, іншыя рэгіёны рэспублікі.
...Як ніколі шчыраваў у жніўні 1999 года на палосцы, што была адведзена пад жыта, мой бацька.
-- Тож, -- паўтараў часта, -- зямелька хворая, яе трэба, як ляльку, дагледзець!
Тузаў за лейцы, упрошваў коніка не ленавацца. Сумна жартаваў:
-- Паміраць збірайся, а жыта сей!
Праз суткі тая прымаўка спраўдзілася. А ўраджай з ягонага “шнурка” ўжо збіралі чарнобыльскія вятры.
Адам КАПУСЦІН, член Беларускага саюза журналістаў 

←Базарный день

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика