Мікола Валынец – лёс беларуса ў Англіі

Источник материала:  

Архіўны матэрыял.

Мікола (Нік) Валынец, ветэран Другой сусветнай вайны, праз дзесяткі гадоў жыцця ў Англіі, у канцы 90-х вярнуўся на сталае жыццё на радзіму – у Вілейку, дзе і пражыў апошнія гады свайго жыцця.

Мікола Валынец падчас службы ў Войску Польскім.

Мажыно.

Італія. Мікола Валынец - першы злева.

Картка з апісаннем і станам Міколы Валынца. Узброеныя сілы Вялікабрытаніі.

Вілейка, 2000 год. Мікола Валынец (злева), яго дачка Ганна Мікалаеўна (справа), пасярэдзіне госці дзядзькі Міколы віляйчанкі Жэня і Насця.

Сказалі б яму тады: “Коля! Ты пешшу перамераеш тысячы вёрст, а цягнікамі, на караблях і аўтамабілях – дзесяткі тысяч... Перасячэш больш за дзесятак краін, пра некаторыя з якіх нават і не чуў. Лёс закіне цябе за край свету – у Азію, Афрыку... У завоблачныя высі гор і пякельныя пустыні, у кіпучыя моры і райскія землі. Пройдзеш праз крывавыя мясарубкі – і ўцалееш! Доўга будзеш ты “палякам Міколаем” і, нарэшце, станеш англічанінам Нікам”.

“А, кіньце малоць пустое”, – адказаў бы, напэўна.

На «войне оброннэй» (вайне абарончай)

Яго цярністы шлях насустрач капрызнаму лёсу пачаўся 60 гадоў таму. Немым крыкам незагойнай раны ўрэзаўся ў памяць той развітальны дзень – 14 лютага 1939 года. Позва загадвала яму, Міколу Валынцу, з‘явіцца ў Войска Польскае. Двухгадовая дачушка Аня прадчувала бязлітасную бяду: учапілася ў яго шырокія грудзі – і не адарваць:

– Тата! Татачка! Родненькі! Не па–кі–дай...

Сэрца разрывалася ад яе жахлівага крыку. І затым гэты крык адчаю будзе яго пастаянным спадарожнікам, напамінам пра Радзіму і паратункам у самых цяжкіх выпрабаваннях, якіх так многа сустрэнецца на яго жыццёвым шляху.

Пяць кіламетраў саннай дарогі ад родных Каловіч да Вілейкі, затым цягніком у Вільню. Там ён стаў артылерыстам, зараджальшчыкам 45–міліметровай супрацьтанкавай гарматы.

У гэты напружаны час усе чакалі бяды. Гітлер чапіўся да Польшчы, каб яна дала “калідор” праз сваю тэрыторыю з Германіі ва Усходнюю Прусію. У выпадку нязгоды пагражаў вайной. Таму жаўнераў навучалі вельмі сур‘ёзна: штодня праводзілі стрэльбы па рухомых мішэнях, асвойвалі абавязкі і падносчыкаў, і наводчыкаў, і страляючых. Толькі прынялі прысягу, як 1 верасня іх падняў сігнал баявой трывогі – вайна...

На фронт рухаліся начамі, каб ухіліцца ад удараў нямецкай авіяцыі. Абаранялі Львоў.

– Немцаў у Львоў мы не пусцілі, – успамінае Нік тыя дні. – Мы падбівалі варожыя танкі, а пяхота перакрыла дарогі і вуліцы барыкадамі. Толькі 17 верасня немцы перасталі наступаць: Чырвоная Армія ўдарыла нам у тыл. Афіцэры аб‘явілі, што вайна на два франты не мае сэнсу і прапанавалі здавацца не немцам, а Саветам. “Бо рускія – гэта народ славянскі, як і палякі”, – так тлумачылі афіцэры жаўнерам.

Незразумела, ўсё ж, было ім, чаму гэта Чырвоная Армія аказалася заадно з нямецкімі фашыстамі. І нават не здагадваліся, што тая вайна, у якой яны шчасліва ўцалелі, для іх не апошняя.

У абдымках «старэйшага брата»

– Мы – вашы старэйшыя браты – працягнулі вам руку дапамогі. Смела ідзіце дадому, – гаварыў ім нейкі савецкі камандзір.

І яны рушылі на Луцк–Ковель–Брэст. На Радзіму... Падабраліся ў групу землякі–спадарожнікі.

Так ішлі і шчасліва марылі пра светлую будучыню, якую ім паабяцалі пры сустрэчы савецкія камандзіры. Паўсюдна натыкаліся на вялізныя новыя плакаты: чырвонаармеец абдымае і цалуе шчаслівага селяніна–заходніка. На адной з вуліц Ковеля іх групу спыніў патруль НКУС:

– Прагаладаліся, таварышы? Зайдзіце, калі ласка, на тэрыторыю былой вайсковай часці: там вас накормяць. Якія грошы? Бясплатна!

І тут яны ўпершыню пераканаліся, што бясплатны харч, сапраўды, бывае толькі ў пастцы. Зайшлі – і ўжо больш не выйшлі. Склалі спісы затрыманых, адабралі ўсе асабістыя рэчы: ножыкі, брытвы, пярсцёнкі, гадзіннікі і інш. (“потым вернем!”) – і ў эшалон, у цялятнікі. Выгрузілі ў Шапятоўцы, але ўжо ў шчыльным коле ўзброенай аховы. Тут разбілі іх у каманды па 300 чалавек – і зноў у цялятнікі.

– Нашу каманду загналі ў маёнтак Ярычуў. Ахоўнікі жылі ў дамах, а нас размясцілі ў хлявах і стайнях на голай саломе. Але ўжо за калючым дротам, – успамінае Нік. – Гэта ў пары кіламетраў ад Львова, які мы толькі што абаранялі. Абвясцілі: пабудуеце участак дарогі на Кіеў – і дадому.

Загадалі драбніць каменне на шчэбень. Малаткамі. Паабяцалі, калі яны выканаюць норму на 100%, то атрымаюць па 800 грамаў хлеба і першае і другое на абед.

– Мы падабраліся – хлопцы так сабе! Моцныя. Пяцёра. Выконвалі! Тады нам норму павялічылі да 150%. Хоць і з цяжкасцю, але наша пяцёрка з ёй спраўлялася. Тады нам далі... 200%! І мы зразумелі, што бальшавікам не так патрэбная наша праца, як наша смерць ад знямогі. І паміралі многія. Атрымлівалі 2 метры абяцанай зямлі.

Так адчулі яны моцныя абдымкі, сяброўскія і брацкія, абяцаную волю і свабоду. Такія лагеры былі ўздоўж дарогі Львоў–Кіеў праз кожныя 10 кіламетраў.

Жыццё і гнула, і ламала

На золку 22 чэрвеня 1941 года на галовы палонных пасыпаліся бомбы з тых жа бамбавозаў з чорнымі крыжамі. Неўзабаве пастроілі іх энкавэдэшнікі ў калону – і ходу на ўсход. Нямецкія самалёты іх не чапалі, а палівалі свінцом ахоўнікаў. Калі ж хто з палонных падаў ад непрытомнасці, пры ім заставаўся ахоўнік, які пазней даганяў калону. Стрэлу не было чуваць, відаць, дабіваў ляжачага штыком.

Так пешшу прайшлі міма калючых лагерных дратоў усю Украіну з захаду на ўсход. Затрымалі іх у Старабельску.

– Там каля 20 тысяч былых жаўнераў Войска Польскага. Абарваныя, брудныя, зарослыя. І ўвесь час нам кідалі на вочы: гэта вам не 1920 год! А пры чым тут мы? Мне ў 20–м было 4 гады. Ці ж я вінаваты, што тады палякі разбілі бальшавікоў пад Варшавай? Чаму гэта помсцілі, нарэшце, нам, беларусам? – выказвае Нік здзіўленне і крыўду.

У гэтыя дні адбыліся лёсавызначальныя падзеі: “У пачатку ліпеня (1941 года – аўт.)... Савецкі Урад згадзіўся стварыць на тэрыторыі СССР... польскую армію” (“Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза”, М., 1965 г., ст. 146), заключыўшы пагадненне з эмігранцкім урадам Польшчы.

І вось у іх лагеры з‘явіліся англійскі і польскі палкоўнікі, якія аб‘явілі палонным, што яны з гэтага часу вольныя. Могуць уступаць добраахвотна ў польскую армію, каб змагацца супраць немцаў – агульнага ворага саюзнікаў: СССР, Англіі, Польшчы і іншых краін.

Сапраўды, неўзабаве іх цягніком адвезлі ў Куйбышаў, куды звозілі палякаў, палонных і цывільных. З лагераў, турмаў, ссылак. З Сібіры, Казахстана...

Зімавалі ў Куйбышаве ў палатках, да якіх прымярзалі валасы, бо маразы перавышалі 40 градусаў.

Вясну 1942 года яны сустракалі ўжо ў цёплым Ташкенце, куды таксама звозілі палякаў адусюль, з розных месцаў няволі. Зноў у іх лёс умяшаўся голас высокай палітыкі: 18 ліпеня 1942 года англійскі прэм‘ер У. Чэрчыль у тэлеграме Сталіну прасіў і настойваў, ... “каб тры польскія дывізіі (яны былі сфарміраваныя ў СССР у 1941–42 гг. з ваеннапалонных і цывільных палякаў – аўт.)... аб‘ядналіся са сваімі суайчыннікамі ў Палесціне”. І вось зноў загрукаталі ваенныя эшалоны, цяпер ужо з Ташкента да Каспійскага мора. Там палякаў пагрузілі на караблі – і ў Іран. Насустрач новаму лёсу, новым выпрабаванням.

На святой зямлі

У Іране ўсё было падрыхтавана да іх сустрэчы: лазні, сталовыя, казармы. Тут склалі яны гару свайго абмундзіравання–рыззя, аблілі бензінам і спалілі. Вымытыя, паголеныя, у новенькай, з іголачкі, англійскай форме з польскімі пагонамі ды белымі арламі, яны самі сталі, як арлы: спачатку нават не пазнавалі адзін аднаго.

Затым іх перакінулі ў Ірак. Усё гэта рабілася для таго, каб у краіны Блізкага Усходу не ўварваліся немцы. Да нафты...

– У Канакіне, – прыгадвае Нік, – мы апынуліся, як у духоўцы: нясцерпная гарачыня летняй пустыні. Раніцой і пад вечар, калі крыху спадала спякота – ваенная вучоба: вадзіць машыны, умець ваяваць. Затым, праз месяцаў шэсць, мы перасяклі Іарданію і апынуліся ў Палесціне, бо немцы рваліся ў гэтыя краіны. Былі мы на ўзбярэжжы Міжземнага мора. На зямлі, дзе жыў Ісус Хрыстос. Тут убачылі, што такое рай на зямлі пасля ўсяго перажытага намі. Затым нас перакінулі ў Егіпет, дзе мы занялі пазіцыі па абароне Суэцкага канала: сюды рвалася нямецкая афрыканская армія Ромеля.

Але калі немцы з італьянцамі 13 мая 1943 года капітулявалі ў Афрыцы, яны ўжо палічылі, што і вайне канец, бо неўзабаве англа–амерыканцы выбілі немцаў з Сіцыліі, і Італія 25 ліпеня 1943 года капітулявала перад саюзнікамі. Але немцы нечакана ўварваліся ў Італію, былую сваю саюзніцу, і захапілі яе. Тады польскую армію пераправілі ў егіпецкі порт Александрыю.

– Нас, армію Андэрса, там пагрузілі на караблі і высадзілі затым у Італіі. У порце Таранта, пад самым “абцасам”. І накіравалі ў самае крыважэрнае пекла – да Монтэ–Касіна. Там немцы ўмацаваліся сур‘ёзна, трымаліся за гэтую пазіцыю зубамі. Нашы артылерыя і авіяцыя змялі з зямлі іх умацаванні. Тады мы – палякі, амерыканцы, англічане, канадцы, аўстралійцы і новазеландцы – пайшлі ў атаку. Нас сустрэў шквал нямецкага агню, бо яны спакойна ўладкаваліся за таўшчэзнымі сценамі манастыра, па якім мы агонь не вялі. Вядома, мы панеслі вялікія страты, а фронт не прарвалі. Тады ўжо паўторна артылерыя і авіяцыя саюзнікаў перамалолі ўсё жывое і ўсе ўмацаванні. І манастыр. Потым мы падняліся ў атаку і прарвалі нямецкі фронт, – узгадвае Нік. – Вайну я скончыў у Балоньі, прайшоўшы з баямі ўсю Італію з поўдня на поўнач. Яшчэ аж да 1947 года я служыў у Італіі ў Польскай Арміі: у Касарана, Мантына... Радзіма не захацела прыняць нас, сваіх сыноў, якія таксама змагаліся супраць фашыстаў.

I «поляк Міколай» стаў англічанінам Нікам

Армію Андэрса прытуліла да сябе Англія. Пагрузіліся яны ў італьянскім Неапалі і праз Міжземнае мора і Атлантыку прыбылі ў Англію ў 1947 годзе.

– Выгрузіліся мы ў Шатландыі. Нашу армію расфарміравалі. Мы здалі зброю англічанам. І я, як і большасць былых аднапалчанаў, уступіў у англійскую армію. Праз год мне знайшлі работу, – расказвае Нік, – выдалі цывільную форму. Я пераехаў у горад Гудасфіл (Huddersfeld). Такі, як Вілейка, недалёка ад Манчэсцера. Там жыў і працаваў да самай пенсіі.

Покліч Радзімы

Перад вачыма Ніка пастаянна і неадступна свяціўся і ззяў той лютаўскі дзень развітання з радзімай, з сям‘ёй, з маладосцю. Залаты агністы круг сонца імгліў цудоўнымі вясёлкамі. Паабапал дарогі высіліся шыкоўныя бярозы, сатканыя з ажурнага срэбра. І крык дачушкі Ані, ад якога вочы рабіліся вільготныя і буйныя пякучыя гарошыны, цёплыя і шчымлівыя, каціліся па шчаках. Паехаць дадому? Той–сёй паехаў – і як у ваду... Напісаць? Даходзілі ў Англію паведамленні, што, каму напісалі пісьмы, тыя сем‘і апынуліся ў Сібіры. Але ўсё ж рашыўся, напісаў вестку пра сябе і атрымаў адказ. Пасля смерці Сталіна (1953 г.) пачаў пісаць рэгулярна і пасылаць дочкам пасылкі. А начамі сон ніяк не ішоў да яго і не суцяшаў змучаную душу. У сэрцы пастаянна звінеў той голас трывогі дачушкі Ані: “Татачка! Не пакідай!”.

Рашыўся Нік у 1966 годзе паехаць на радзіму. Ён быў першы сярод аднапалчанаў, хто адважыўся на такі рашучы крок. Прыняў англійскае падданства – і ў Вілейку. Англічаніна, магчыма, не арыштуюць...

Дачушку Аню, такую родную і доўгачаканую, сваю крывіначку, сустрэў ля брамкі ў дварышчы. “Вылітая мама”, – падумалася яму.

– Не–не, вы – не мой тата! – не прызнала яго дачка. – Мой тата малады, высокі, кучаравы, цёмнавалосы.

– Аня! Анечка! Гэта я твой тата. Мінула ж 27 год...

З дазволу міліцыі з‘ездзіў у родныя Каловічы, у бацькоўскае гняздо. Але застацца у СССР не мог: сябры падумалі б, што яго затрымалі сілай. З гэтага часу пачаў дадому прыязджаць часта на 2 месяцы.

І толькі ў 1996 годзе склаў Нік свае рэчы – і ў Вілейку назаўсёды. Рашыў жыць на Радзіме, побач з дочкамі і ўнукамі, сярод родных і знаёмых. Зноў таптаць сцяжынкі дзяцінства і ўпівацца водарам родных ніў і лугоў.

Гэта многіх цяжкі шлях

Чаму так падрабязна расказваю пра лёс Міколы–Ніка? Ды такім шляхам прайшлі многшія тысячы лепшых сыноў Беларусі. А па–другое, нічым мы не горшыя за іншых. Нічым не саступалі Мікола Валынец і землякі–беларусы палякам, італьянцам, англічанам і іншым саюзнікам. А ў сіле духу, вытрымцы і працаздольнасці нават і пераўзыходзілі. А каб усё тое палатно, што саткаў у Англіі Мікола-Нік, ды Беларусі – мусіць, апрануў бы ён кожнага нашага жыхара. Атрымалася, што яго такія здольныя рукі дома толькі і маглі драбніць каменне да самага скону, каб так крута не крутануўся яго лёс.

Італія, у вызваленні якой ён удзельнічаў, узнагародзіла яго баявым медалём. Англія, з сынамі якой ён ваяваў поплеч супраць фашызму, ацаніла яго баявыя заслугі двума медалямі, дала і прытулак, і грамадзянства, забяспечыла і працай, і прыстойнай пенсіяй. Польшча, якую ён абараняў у верасні 1939 года і ў складзе войска якой ён затым служыў, аддзячыла двума медалямі і штомесячнай выплатай грашовай дапамогі. Польскае пасольства часта запрашае яго ў Мінск на сустрэчы ветэранаў –аднапалчанаў, на святкаванні знамянальных дат.

Усё так. І незлічоныя цяжкасці ваенных год, і мірная праца аплачаныя дастойна. Але ці магчыма кампенсаваць тыя маральныя і фізічныя страты, якія нанесла вайна? Ці вернеш загубленыя гады маладосці, цяжкую і працяглую разлуку з радзімай... Бязмежнае гора сям‘і, асабліва дачок, якія гадаваліся без бацькі, цяпер нічым не кампенсуеш. А каб тую энергію, сілу, запал душы і сэрца ўклаў не ў разбуральны агонь вайны, а затым не ў развіццё і росквіт іншых краін, а сваёй? Не віна, а бяда тысяч і тысяч такіх, як Нік–Мікола Валынец, што былыя кіраўнікі былой краіны ўцягвалі нашу Беларусь у гіганцкія авантуры: наша Радзіма рабілася полем бою дзвюх сусветных войнаў. Дзесяць год нашых сыноў жэрла полымя Афганістана. Беларусь дзялілі, перакройвалі, рвалі на часткі... Ды і саміх людзей дзялілі на народ і ворагаў народа, якіх знішчалі сотнямі тысяч.

Колькі непапраўных бед усё гэта прынесла нашай Беларусі! І як цудоўна, што гэта ўжо ў мінулым. І мы ўсё больш і больш пачынаем цаніць найвялікшы наш здабытак – нашу незалежнасць, якая з‘яўляецца гарантам таго, што падобныя цяжкія выпрабаванні на нас больш не абрынуцца.

Аляксандр НАРКЕВІЧ.

Архіўны матэрыял. Апублікаваны ў №№ 13, 14 за 2000 год. Назва арыгінала “Англічанін Нік жыве дома. У Вілейцы”

←В Витебске повесился милиционер

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика