13 красавіка ў Беларусі адзначаюць Радаўніцу

Источник материала:  
13.04.2010 11:14 — Новости Общества
13 красавіка ў Беларусі адзначаюць РадаўніцуСёння ў Беларусі адзначаюць Радаўніцу — дзень памінання памерлых.

Гэта адно з найстаражытнейшых святаў, якое ідзе каранямі ў паганскія часы ўсходніх славян і звязана з культам продкаў. На Радаўніцу праваслаўныя наведваюць могілкі, моляцца аб спачыне душ сваіх блізкіх і дзеляцца з імі радасцю аб Уваскрэсенні Хрыста. У Беларусі Радаўніца з'яўляецца афіцыйным непрацоўным днём.

Паводле традыцыі ў гэты дзень непажадана штосьці сеяць або садзіць. Напярэдадні Радаўніцы гаспадыні рыхтавалі стравы для памінання на могілках, прычым колькасць страў павінна была быць няцотнай. Усё падрыхтаванае складвалася ў вялікую палатняную хустку, туды ж дабаўляліся асвечаныя на Вялікдзень фарбаваныя яйкі. Раніцай людзі ішлі ў царкву, паміналі сваякоў, а пасля абеду накіроўваліся на могілкі.

Жанчынам над магіламі трэба было галасіць, а мужчыны павінны былі качаць асвечанае яйка са словамі "Хрыстос уваскрэс". Затым усе моўчкі рассаджваліся вакол магілы і даставалі стравы. Урачыстая трапеза пачыналася з запрашэння нябожчыка. Пасля трапезы крыху ежы і пітва пакідалі для памерлых, а рэшткі — раздавалі жабракам.

Напярэдадні Радаўніцы беларуская міліцыя нагадала грамадзянам аб забароне на распіванне спіртных напояў у грамадскіх месцах.

Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС паведаміла, што нарады міліцыі будуць несці службу на тэрыторыях большасці могілак, якіх у краіне больш за 20 тысяч. "З грамадзянамі, якія распіваюць алкагольныя напоі на пагостах, супрацоўнікі міліцыі правядуць тлумачальную працу. У дачыненні да агрэсіўна настроеных п'яных людзей і тых, хто праігнаруе папярэджанне, будуць складзены адміністрацыйныя пратаколы. За распіванне спіртнога ў грамадскіх месцах парушальнікам пагражае штраф у памеры ад 0,1 да 8 базавых велічыняў", — гаворыцца ў прэс-рэлізе МУС.

У сваю чаргу Дзяржаўтаінспекцыя заклікала мінчан адмовіцца ад выкарыстання асабістага транспарту падчас наведвання могілак на Радаўніцу.

У гэты дзень будуць арганізаваны дадатковыя паркоўкі. Так, у раёне Маскоўскіх могілак будзе дазволена стаянка транспарту на праезнай частцы праспекта Незалежнасці з абодвух бакоў у першай паласе пад вуглом да бардзюрнага каменя, на ўчастку ад вуліцы Каліноўскага да з'езду на МКАД.

У раёне Чыжоўскіх могілак стаянка транспарту будзе арганізавана на праезнай частцы знешняга і ўнутранага кольца МКАД у першай паласе пад вуглом да абочыны на ўчастку ад дарогі на Новы Двор да надземнага пешаходнага пераходу, а таксама на праезнай частцы вуліцы Убарэвіча з абодвух бакоў на ўчастку ад вуліцы Ташкенцкая да вуліцы Галадзеда.

←Главред "Эха Москвы" хотел бы узнать, за что Путин "сильно полюбил" Сидорского

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика