Новы навучальны год не за гарамі
Нам ёсць чым і кім ганарыцца. А сёлетні год з’яўляецца асабліва важным і прыкметным. Па-першае, новы год мы сустрэлі ў новым статусе. Былы ліцэй стаў дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам. Цяпер гэта не проста навучальная ўстанова, а цэнтр інавацыйнага развіцця, творчая лабараторыя, дзе выкарыстоўваюцца новыя сучасныя тэхналогіі ў адукацыйным і выхаваўчым працэсе. У саміх жа навучэнцаў з’явілася магчымасць атрымліваць сярэднюю спецыяльную адукацыю.
Па-другое, на базе нашага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа створанае адасобленае падраздзяленне вытворчага навучання – рэсурсны цэнтр для забеспячэння бесперапыннай паслядоўнай прафесійнай адукацыі і перападрыхтоўкі прафесійных кадраў рэгіёна. У канцы сакавіка рэсурсны цэнтр прымаў гасцей. Тут праходзіў абласны этап конкурсу “Майстар года”. Самае сучаснае абсталяванне ў майстэрнях, выкарыстанне інавацыйных тэхналогій дазволілі на высокім узроўні арганізаваць гэта важнае мерапрыемства.
Па-трэцяе, у гэтым годзе спаўняецца 20 гадоў партнёрскім сувязям, цеснаму супрацоўніцтву і сяброўства са школамі імя Кэтэ Кольвіц і Фрыдрых Эберт з нямецкага горада Эслінген. Ні кожная навучальная ўстанова можа сёння накіраваць навучэнцаў і супрацоўнікаў за мяжу для вывучэння перадавога вопыту. Вялікая заслуга належыць у гэтым каардынатару партнёрскіх сувязяў Анатолю Войнічу.
Таксама трэба адзначыць зладжаную работу ў гэтым навучальным годзе і кафедры фізічнага выхавання, у першую чаргу выкладчыкаў Пятра Ракіцкага, Івана Зянько, Мікалая Пагарэлава, Таццяны Лісоты. Удзел у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах іх навучэнцаў прынёс нямала перамог.
Наперадзе вялікія планы, шмат цікавага і важнага. “Мы адкрываем новыя спецыяльнасці, ствараем новыя магчымасці для навучання і правядзення вольнага часу. У юнакоў і дзяўчат, якія навучаюцца па спецыяльнасцях грамадзянска-будаўнічага аддзялення і швейнага накірункаў з’явілася магчымасць атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю”, – зазначае дырэктар каледжа Уладзімір Жаўток.
Наталля СЯНЬКО, выкладчыца грамадскіх дысцыплін Маладзечанскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.