Праўда ў начным клубе
Мерапрыемства, якое прайшло ў адным з начных клубаў горада, не адрознівалася шматлюднасцю – акрамя прадстаўнікоў вышэйзгаданай грамадзянскай кампаніі і журналістаў на ім прысутнічала ўсяго чатыры жыхары Салігорска. Дзякуючы гэтаму кожны з тых, хто прыйшоў на сустрэчу з У.Някляевым, змог выказацца і паскардзіцца на свае праблемы.
Праблем у салігарчан аказалася шмат і ў выніку сустрэча з абмеркавання праблемы беспрацоў’я ператварылася ў абмеркаванне праблем беларускай правінцыі ўвогуле. Прысутныя выказваліся на самыя розныя тэмы – ад карумпіраванасці мясцовых уладаў, да захапленняў моладзі наркотыкамі і ігравымі аўтаматамі.
Сустрэча ў Салігорску стала першай у шэрагу мерапрыемстваў, запланаваных кампаніяй «Гавары праўду» з мэтай абмеркавання праблемы адсутнасці працоўных месцаў. Плануемыя сустрэчы ўжо нават маюць агульную назву – «Сто твараў беспрацоў’я».
«Нам не даюць сустракацца, але мы стараемся рабіць гэта штодня. Сёння стала вядома, што БРСМ распачынае акцыю «Задай пытанне прэзідэнту», а гэта фактычна дубляванне нашай кампаніі «Гавары праўду». Улады перахапілі нашу ініцыятыву.Гэта першая перамога. Раней з намі змагаліся забараняючы, а зараз у іх не засталося іншага выйсця як толькі капіраваць нашы крокі» – адзначыў У.Някляеў на сустрэчы з салігорскімі беспрацоўнымі.
Спадар Някляеў таксама паведаміў, што першы этап кампаніі «Гавары праўду» скончаны. Зараз распачынаецца наступны, галоўнай мэтай якога будзе дамагчыся ад уладаў прыняцця Закона аб малым і сярэднім бізнэсе. Паводле арганізатараў сустрэчы ў Салігорску, менавіта гэты закон здольны змяніць сітуацыю з беспрацоўем у краіне.
Што праўда, салігорскія беспрацоўныя ў гэтым не настолькі ўпэўненыя. У прыватнасці адзін з удзельнікаў сустрэчы – Грыгорый Кулік – аспрэчыў любыя магчымасці ўздзеяння на беларускія ўлады.
«Толькі змена рэжыма можа нешта вырашыць у праблеме беспрацоў’я» – перакананы Г.Кулік, які ўжо шмат гадоў не можа знайсці працу праз сваю грамадскую актыўнасць.На завяршэнне сустрэчы У.Някляеў выказаў упэўненасць ў тым, што прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду» яшчэ наведаюць Салігорск і што наступныя сустрэчы прыцягнуць больш увагі гараджан.
Аўтар: Алесь Пілецкі