Мітрапаліт Філарэт атрымаў вышэйшую ўзнагароду Камітэта дзяржкантролю
Як паведамілі ў прэс‑службе камітэта, прадстаяцель Беларускай праваслаўнай царквы ўзнагароджаны «за значны ўклад у духоўна‑маральнае і патрыятычнае выхаванне работнікаў органаў фінансавых расследаванняў». Нагрудны знак яму ўручыў 8 красавіка старшыня КДК Зянон Ломаць.
Акрамя гэтага, прадстаўнікам Беларускай праваслаўнай царквы ўручаны ганаровыя граматы Камітэта дзяржкантролю.
Мітрапаліт Філарэт, у сваю чаргу, уручыў кіраўніцтву фінансавай міліцыі Камітэта дзяржкантролю абраз апостала Паўла,які з 2009 года быў абраны нябесным заступнікам органаў фінансавых расследаванняў. Менавіта гэтаму святому належаць словы: «Корань бо ўсім злым — срэбралюбства ёсць». Гэта ж выслоўе працытавана і на абразе.
Як адзначыў мітрапаліт Філарэт, асноўная задача работнікаў фінансавай міліцыі заключаецца ў захаванні эканамічнай бяспекі краіны і спыненні злачынстваў у эканамічнай сферы.
Абраз апостала Паўла, напісаны іканапісцам прыходу храма абраза Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» у Мінску Вольгай Чарняк, быў уручаны намесніку старшыні КДК, дырэктару дэпартамента фінансавых расследаванняў Рыгору Вярэмку. Копіі абраза ўручаны кіраўнікам абласных упраўленняў дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК, а таксама старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянону Ломацю.
Аўтар: БелаПАН