Сем вёсак Гомельскай вобласці адрэзаны вадой ад транспартных зносінаў
Як паведамілі ў прэс‑службе абласнога ўпраўлення МНС, да спісу раней адрэзаных вялікай вадой вёсак дадалася вёска Першамайск у Лоеўскім раёне. Дняпро, які разліўся, перамыў пад’езды да населенага пункта. У вёску накіравана для кругласутачнага дзяжурства мабільная група пажаратушэння Лоеўскага РАНС у складзе двух чалавек, аснашчаная лодкай, пераноснай мотапомпай, пажарна‑тэхнічным узбраеннем, арганізавана дзяжурства супрацоўніка РАУС і медыцынскага работніка. У Першамайску жывуць 43 чалавекі. Для перавозкі людзей у вёску на Радаўніцу будзе арганізавана дзяжурства двух лодак Асвода. Падвоз прадуктаў у Першамайск ажыццяўляецца работнікамі Лоеўскага РАНС па графіку чатыры разы на тыдзень.
Як раней паведамлялася, з пачаткам паводкі пасярод ракі Прыпяць у Петрыкаўскім раёне на «востраве» апынуліся чатыры вёскі. Тут зносіны падтрымліваюцца цеплаходам і катэрамі, якія дастаўляюць прадукты. Таксама адрэзаны ад транспартных зносінаў вёска ў Рагачоўскім раёне і вёска ў Веткаўскім раёне. Падвоз людзей і прадуктаў ажыццяўляецца маторнымі лодкамі Асвода і МНС.
Аўтар: Алена Германовіч, БелаПАН