НА БЕРАГАХ СВІСЛАЧЫ
У Ірыны Адоеўцавай, "маленькай паэтэсы з вялікім бантам", была цудоўная кніга ўспамінаў пра жыццё рускай эміграцыі "На берагах Сены".
Я чытала яе падлеткам, але на ўсё жыццё запомніла адзін эпізод, звязаны з асобай Буніна. У старасці ён стаў вельмі раздражнёным, што было звязана з акалічнасцямі асабістага жыцця, а таксама з тым, што ў яго пагоршыўся слых.
І вось аднойчы прыязджае да яго адна маладая асоба. Недалёкая, нецікавая, замешаная ў нейкіх непрыгожых гісторыях... Але старэючы Бунін стаў з ёй хадзіць на прагулкі, весці доўгія гутаркі і паўсюль яе расхвальваць... Атачэнне бунінскае гэта нейкі час цярпела, а пасля выказала пісьменніку сваё здзіўленне — як ён мог зацікавіцца такой пустышкай? Бунін нейкі час падумаў, а пасля сказаў:
— Затое яна ўвесь час крычыць, і я яе добра чую.
...Падобная гісторыя была і ў маім жыцці. Ёсць у мяне стары сябар. Стары ў сэнсе ўзросту. Чалавек паважаны, нічым не кіруе, але ў аўтарытэце.
І вось аднойчы тэлефануе ён мне і кажа:
— Неўзабаве будзе галасаванне, будзем выбіраць старшыню нашай арганізацыі. Ужо вырашылі, што гэта будзе...
І называе імя.
Я пытаюся:
— А ты яго ведаеш па жыцці, што з такім энтузіязмам пра гэта гаворыш?
— Не, — адказвае, — але апошнім часам ён мне ўвесь час звоніць і раіцца са мной нават па дробных справах!
Я ўздыхаю і кажу:
— Ну блізка я яго не ведаю, і ніякіх крыўдаў у мяне з ім няма. Але вось усе мае сябры-знаёмыя гавораць, што чалавек ён двудушны. Перад тымі, хто яму патрэбны — бісер сыпле. А з тымі, хто ад яго хоць неяк залежыць, паводзіць сябе ганарліва, абражае без патрэбы, затыкае без нагоды... Ды і прафесійна ён нуль. Можа ты б яшчэ падумаў?
А сябар мне ў адказ:
— Злая ты, Анечка!
Ну злая дык злая... Праходзіць пару месяцаў. І пачынае мне мой знаёмы назвоньваць і на свайго, ужо абранага "старшыню" скардзіцца. На грубасць, на ігнараванне чужой думкі, на няздатнасць весці справы.
Я не вытрымліваю і нагадваю:
— Слухай, што ты ад мяне хочаш? Я ж табе адразу сказала сваю думку! Дык ты сказаў, што я злая!
І тут мой стары гаворыць геніяльнае:
— Каб ты была тады больш злой, нічога б гэтага не здарылася! А то сказала два словы і ўсё: "Думай сам..."
Зноў аказалася вінаватай — замест таго, каб распісаць усе правіны, праявіла высакародства, кінуўшы ўсё на волю лёсу!
Гэта я да чаго? Калі нехта вам здаецца ідэальным, а ўсе вакол злымі і несправядлівымі, задумайцеся — вы альбо закаханы, альбо ў вас у самога з'явіліся хібы.
Чужыя вартасці часам вынікаюць з нашых недахопаў.
ПРА ПЕРФОРМАНС"З усіх мастацтваў найбруднейшым ёсць перформанс..."
Гэтая думка свідруе мяне кожнага разу, як сутыкаюся з "формай сучаснага мастацтва, у якой твор складаюць дзеянні мастака або групы ў пэўным месцы і ў пэўнай форме". Як сцвярджае Вікіпедыя, да перформансу можна аднесці любую сітуацыю, якая ўключае чатыры базавыя элементы: час, месца, цела мастака і адносіны мастака і гледача. Аднак нягледзячы на прастату і распаўсюджанасць гэтай мастацкай з'явы, застаецца шмат пытанняў.
Адно з іх чарговы раз пачула на нядаўнім перформансе "Тэатра псіхічнай неўраўнаважанасці", які ладзіў Ілья Сін у Галерэі "Ў". "Хто ўсё гэта будзе прыбіраць?" — звярнулася да мяне абсалютна незнаёмая дзяўчына-глядачка, з якой мы разам падпіралі сцяну галерэі. Натуральнае пытанне, калі бачыш на падлозе раскіданую бульбу, капусту і вяроўкі з мышалоўкамі!
Вось хто дакладна неабыякавы да такога віду творчасці, дык гэта прыбірачкі ў клубах, дзе адбываецца нязвыклае дзейства. Не магу не згадаць жанчын, якім даводзілася прыбіраць кавалкі мяса і костак на перформансах таго ж Ільі Сіна ў Музеі літаратуры і Палацы мастацтва... Агіда, страх, абурэнне марнатраўствам — гэта толькі частка іх эмоцый. Трэба заўважыць, што прадукты харчавання — мяса, бульба, сасіскі, мука, малако, кетчуп, яйкі — бяруць першае месца па выкарыстанні ў гэтым элітарным відзе мастацтва.
Я сказала б так: чым менш прафесіяналізму ў перформера, тым больш прадуктаў са спажывецкага кошыка ў яго акцыях. І чым больш прафесіяналізму, тым даражэйшыя прадукты ён выкарыстоўвае. Напрыклад, мне запомнілася шведка, якой у зале Музея сучаснага мастацтва я дапамагала адціраць мёд, пер'е і кветкі — выключна на знак увагі да яе таленту! Ды іспанец — прафесійны выкладчык перформансу, які выкарыстоўваў на фестывалі "Навінкі" парасячы кумпячок. Дарэчы, менавіта ён навёў мяне на думку, што самае галоўнае, чаго не хапае нашым перформерам — гэта дакладнай арыентаванасці ў часе. Замежнікі часцей абвяшчаюць, колькі будзе доўжыцца — пахвілінна — перформанс, што дае гледачам мажлівасць прынамсі зразумець — голы чалавек на падлозе ўсё яшчэ гуляе ці ён проста да яе прымерз?
Пытанне "А ёй/яму не холадна?" таксама не дае спакою гледачам. Аўтарытэтна, як чалавек, які бачыў большую частку перформансаў, што праходзілі на тэрыторыі нашай краіны, заяўляю: "Не! Не холадна!" Перформер падчас выканання нумару настолькі паглыбляецца ў вобраз, што пасля наогул слаба помніць, што з ім было. Пытаць пра замерзласць у перформера — тое ж самае, што пытацца ў ёга пра тое, ці не гарачы вугаль, па якім ён ходзіць. Перформер — берсерк ад мастацтва: яму не холадна, не горача і не балюча. Яму ніяк! Інакш як бы ён вытрымаў погляды гледачоў?
Дакладна, перформер заўсёды павінен знаходзіцца ў рэжыме "нясорамна". Сорамна звычайна гледачам. Асабліва сорамна глядзець на аголеных жанчын. Даводзілася бачыць, як мужыкі натоўпам сыходзілі з перформансу Люды Русавай... І мне не дае спакою думка, што прагнала іх не толькі і не столькі аголенасць, колькі чырвоныя плямы ў вобласці шыі, якія ўтварыліся з прычыны вялікага эмацыйнага напружання. Цікава, што некаторыя з перформераў чырванеюць у самых нечаканых месцах, а некаторыя — сінеюць.
"Што гэта ўсё значыць?" — сапраўды любімае пытанне гледачоў. Самае забаўнае, што перформанс — як параджэнне постмадэрну — і разлічаны на тое, каб на гэтае пытанне не было адказу. Ці, дакладней, мелася безліч адказаў. Што, у прынцыпе, адно і тое ж. І ўсё ж пэўны сінопсіс гэтага дзейства можа быць складзены.
На дзіва, у свой апошні выступ "Тэатр псіхічнай неў- раўнаважанасці" адмовіўся ад выкарыстання свайго любімага антуражу — туалетнай паперы. Туалетная папера — шыкоўны варыянт для стварэння вобразу муміі, і абсалютна дарэчы, калі ўлічыць, што гутарка ў выступах гэтага арт-гурта так ці інакш вядзецца пра муміфікацыю мастацкай — і ў першую чаргу літаратурнай — прасторы. Менавіта ідэя барацьбы са спарахнелымі формамі творчасці "спадзвігае" гэтых перформераў на новыя сустрэчы з гледачом. Туалетная папера — такая ж візітная картка Ільі Сіна & С, як і парваныя, пакамечаныя старонкі кніг у перформера Юрася Барысевіча, які ў сваіх мастацтвазнаўчых артыкулах ужо даўно даводзіць, што эра кніг скончылася.
Варта сказаць, што свая "фішка", свой любімы сцэнар, стыль, ёсць амаль ува ўсіх беларускіх перформераў. Назаву толькі самыя вядомыя імёны: А. Пушкін, А. Сарна, В. Пятроў, Н. Лісоўская, С. Ждановіч. Вельмі часта гледачы наракаюць на "беднасць" — нізкабюджэтнасць — беларускіх перформансаў. Памятаю, як на адзін з фестываляў прыехаў чэшскі перформер, якому трэба было для дзейства больш за два дзясяткі пыласосаў. Аказалася, што набраць такую колькасць гаджэтаў для прыбірання ў нашай сталіцы — праблема. Пыласосы ёсць — няма разумення значнасці гэтага віду мастацтва...
Пакуль што перформанс у Беларусі значна саступае іншым відам баўлення вольнага часу. Неяк са здзіўленнем пачула, што ў Расіі без перформансу не абыходзіцца ні адно дарагое паці... Аднак паказаныя на экране ўрыўкі сведчылі пра тое, што "іх" буржуазныя перформансы і "нашы" — дзве вялікія розніцы. "Іх" больш нагадвалі адрэпетаваныя нумары мюзікхолу. "Нашы" — спрабуюць парваць душу на "фашысцкія знакі", даводзячы гледача да стану экзальтацыі.
Перформанс — гэта як цырк, толькі нясмешны.
Ганна КІСЛІЦЫНА.